Жывы класік
Рэтраспектыва, што ладзілася напрацягу 11-12 мая ў кінатэатры velcom cinema, сабрала публіку зацікаўленую: сярод гледачоў можна было заўважыць маладых кінарэжысёраў, кінажурналістаў. Сустрэча, мадэратарам якой выступіў кінакрытык Антон Сідарэнка, прыйшла у нязмушанай абстаноўцы, ды пакінула выдатнае ўражанне.
Але напачатку пра шаноўную госцю. Спадарыня Лайла – ужо сёння з’яўляецца легендай латвійскай дакументалістыкі. Узлёт творцы можна апісаць так: у 1986 годзе скончыла ВГІК, у 1992 годзе атрымала міжнародны прыз на Брусэльскім кінафестывалі, а ўжо ў 1994-ым патрапіла ў праграму Кан з фільмам «Паром» і была ўзнагароджана прызам FIPRESCI. Ад дакументалістыкі спадарыня Лайла натуральна перайша да ігравога кіно, і таксама мела поспех – яе стужка «Туфля» стала ўдзельніцай праграмы «Асаблівы погляд» Канскага кінафестывалю ў 1998-ым.
– Напачатку я думала, што ніколі не буду здымаць ігравое фільмы, – распавядае яна пра сваю эвалюцыю. – Але прайшоў час, і я зразумела, што тыя каштоўнасці, тое, за што я цаню дакументалістыку, усё гэта ёсць і ў ігравым кіно. У дакументальным я чакаю, каб штосьці здарылася, а ў ігравых стужках — проста стаўлю. Але абодва гэтыя працэсы цікавыя. Сёння я ўжо магу працаваць паралельна над ігравой і дакументальнай карцінай, і для мяне гэта ок.
У рамках рэтраспектывы ў Мінску былі паказаны дзве славутыя дакументальныя работы Лайлы – «Паром» і «Пошта», удзельнікі Канаў. А таксама – «Туфля», ігравая карціна аўтаркі, што стварыла ёй імя. Не распавесці пра знакавыя творы нельга.
Лайла — дакументалістка
Цудоўны «Паром» датычыцца, у тым ліку, і Беларусі. Фільм распавядае пра працу плаўсродка праз рэчку Заходняя Дзвіна (у Латвіі – Даўгава), што з’яўляеццца мяжой з суседняй рэспублікай. Ужо першы кадр карціны можна лічыць шэдэўрам: на дальнім плане ад берагу адыходзіць паром, а на першым — рукі жанчыны, што дояць карову, спіна жывёлы. На двары 1994 год – але падаецца, што так было заўжды. Абрысы храмаў на гарызонце, пераправа вяскоўцаў з аднога берага на іншы – з Друі ў Піедрую, іх заклапочаныя і вясёлыя твары, крама на латышскім баку, што мае дзве шыльды — на рускай мове і латышскай… Такая незвычайная-звычайная завядзёнка, калі ўзімку дзяўчынку сядзяць у хісткую лодку прыватнага паромшчыка, каб пераправіцца на іншы бераг. Ніхто і не мысліць, што гэта ненармальна. Камера Лайлы паспявае схапіць замаруджанасць прасторы і плынь людскага жыцця ды… прыход новай эры. У кадры бліжэй да канца стужкі з’яўляюцца салдаты-памежнікі, і становіцца зразумелым, што пераправа цяпер не будзе працаваць так як раней. Сёння ўжо вяскоўцам Друі, каб патрапіць да суседзяў у Еўразвяз прыходзіцца рабіць крук у 90 кіламетраў.
«Паром», як «Пошта», раскрываюць Лайлу Пакальніня як дакументаліста-візіянера, што што ўмее схопліваць у рэчах і часе іх сутнасць. Ды пры гэтым яе фільмы маюць вывераную структуру і рытм, унікальную фонасферу, што дазваляе казаць казаць пра кіно аўтаркі як пра творы мастацтва.
Рэжысёрка прызнаецца, што напрацягу многіх гадоў працуе з адным аператам і гукарэжысёрам.
– Гук для мяне вельмі важны. І я аддаю перавагу таму, каб ствараць асобную атмасферу з дапамогай гуку. Я пішу рэальны гук як чарнавік, а потым выкарыстоўваю пэўныя элементы, дадаю іншыя гукі, каб стварыць у выніку штосьці новае. Напрыклад, каб перадаць рух парому ў гэтай карціне, мы ўзялі гук землятрусу.
У стужцы Dream land Лайла даследуе жыццё жывёл на гарадской звалцы, у «Вадаспадзе» – паводзіны людзей «на самым шырокім вадаспадзе ў Еўропе». Калі ў першым мы бачым безаабароннасць першых у выніку дзейнасці чалавека, то ў другім ужо сам чалавек выступае ў якасці дзіўнай істоты, што карыстаецца прыродай не як крыніцай радасці, цішыні, а фонам для сэлфі. Пры гэтым іронію аўтаркі не назавешь злой – Лайла Пакальніня хутчэй фіксуе, здзіўляцца, але не прычэплівае ярлыкі.
Ды ўсё ж не заўважаць асаблівую любоў рэжысёркі да абсурдных сітуацыі і парадоксаў немагчыма. І гэту іпастась больш раскрываюць яе ігравые карціны.
Лайла ў ігравым кіно
У культавай «Туфле», напрыклад, гаворка ідзе пра парушальніка савецкай мяжы, які пакінуў на месцы злачынства… туфельку. 1950-тыя тыя гады. Ліепая. Дэмаркацыйная лінія Савецкага Саюза праходзіць прама на пляжы. Ваенныя заўважаюць жаночую туфлю на разрытай трактарам баразне, і падымаюць трывогу. Алюзіі на вядомую казку «Папялушка» – калі трэба адшукаць тую, якой туфелька будзе ў пару, спалучаюцца ў карціне з адлюстраваннем паўсядзённага жыцця невялікага гарадка. Аўтар з цікаўнасцю назірае за сваімі персанажамі, абсурднымі стуацыямі, што складаюцца ў выніку «важнай задачы пошуку парушальніцы». Пры гэтым дакументальная дакладнасць, калі выверанасць у дэталях не дае схлусіць і ў галоўным, не дазваляе ператварыцца гісторыі ў суцэльны фарс. У цэлым, месца Лайлы Пакальніня ў ігравым кіно можна было б пазначыць паміж двума класікамі: Кірай Муратавай і Аляксеем Германам -старэйшым, але чалавечнасць і дасціпнасць погляда аўтаркі адрознівае яе ад гэтых майстроў.
– «Туфля», па-свайму – гэта кіно пра час маіх бацькоў , – распавядае латвійская рэжысёрка. – Калі задумацца, савецкі час быў ува многім закансерваваны. У нас, і бацькоў былі адны і тыж ўспаміны. Так, змяняліся машыны, тое-сёе, але асноўныя рэчы паўсядзённасці заставаліся ва ўжытку дзесяцігоддзямі. Самае цікавае, то пасля паказу ў Германіі (фільм зроблены ў латвійска-германскай кааперацыі), да мяне падышла адна жанчына, і сказала, што гэта кіно і пра яе дзяцінства, якое прыходзіла на 1930-тыя. Вось такі парадокс.
Так, гумар Пакальніні пазначае штосьці смешнае, але адначасова і важнае. Бяссэнсоўнасць дзеянняў памежнікаў, што вымушаны шукаць «іголку ў сене», ды занятасць сваімі справамі гараджан, стваре пэўную прастору сюррэалізму.
Цікава, што градус сюррэальнасці узмацняецца далей у кароткаметражных стужках Пакальніня. У фільме «Агонь» (2007) маленькая дзяўчынка, якой у вуха запаўзла божая кароўка, трапляе ў бальніцу, дзе здараецца пажар у аперацыйнай. У «Вадзе» (2006) жанчына прыходзіць у басейн, у якім няма гарачай вады. У душы ляжыць снег, а на паверхні вады плавае лёд. Наведвальніца ўсё ж ідзе плаваць, але хутка мужчыны ў касцюмах пачынаюць кідаць ў ваду вялізных рыб. У «Піцы», увогуле, маладыя супрацоўнікі піцэрыі ў выніку пэўных абставін, трапляюць у лес, дзе выратоўваюць гнома, а потым катаюцца на лыжах па пяску на марскім узбярэжжы.
Лайла прызнаецца, што яе падштурхоўваюць да здымак пэўныя сітуацыі ў жыцці.
– Гісторыя з туфляй – адна з мясцовых легенд Ліепая, – прызнаецца яна. – Кароткаметражную стужку «Вада» я вырашала здымаць пасля наведвання басейна, калі мне сказалі, што ва ўстанове няма вады. Дзіўны момант, праўда? Сцэнарый «Піцы» нарадзіўся пасля таго, як я прачытала заметку ў газеце пра двух работнікаў піцырэі. Хлопцы, хаваючы невялікі крадзёж грошай, у выніку нарабілі злачынстваў утрая больш. Можна сказаць так: я проста бачу сітуацыю, – і разумею, што гэта кіно. Гэта немагчыма неяк рацыянальна патлумачыць. І да гэтай пары ў мяне мала фільмаў, што ўзнікалі менавіта з рацыянальнай ідэі.
Аўтарка дадае, што для яе і месца здымак мусіць валодаць пэўнай, так бы мовціь, сюррэальнасцю. «Не тое, што я шукаю пэўныя брудныя, страшныя месцы, але чым яно больш дзіўнае – тым лепей», – кажа творца.
Напрыцыканцы сустрэчы Антон Сідарэнка спытаў госцю пра свае ўражанні ад наведвання Мінска. «Ці не ў бачылі вы тут цікавага сюжэту?» «Канешне, – адказала Лайла, – у вас куды не павярніся, – паўсюль кіно».
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: