«Вінаватыя мы самі»: музычны крытык Аляксандр Чарнуха паразважаў пра засілле ў Беларусі таннай расійскай папсы

«Чаму нас кормяць таннай расійскай папсой? Справа ў палітыцы? А што, калі я скажу, што вінаватыя мы самі?» – так пачынае чарговы выпуск на YouTube канале «Міністэрства супультуры» музычны крытык Аляксандр Чарнуха.

Сезон беларускіх летніх фестываляў працягваецца і дзясяткі тысяч беларусаў ідуць паглядзець на артыстаў, якіх ім сёлета прывезлі. А прывезлі небагата: Дзіма Білан, Бабунец, Ваня Дзмітрыенка. Таксама ў верасні на стадыёне «Дынама» адбудзецца «нешта магутнае і неверагоднае», бо сюды «масава прыедуць заходнія артысты», – іранізуе Чарнуха. Аднак выступоўцы тым будуць з хітамі трыццацігадовай даўніны, цяпер у Мінску іх пачуеш хіба ў выкананні кавер-бэндаў.

Што не так з беларускімі оўпэн-эйрамі? Чаму на іх адбываецца засілле расійскай папсы. А раней на такія фестывалі прыязджалі сапраўдныя зоркі, якія прывозілі сусветныя хіты.

Аляксандр Чарнуха параўновае сімпатычны першапачатковы фестываль Viva Braslav, які арганізоўваў круты лайнап, але былі чэргі ў прыбіральні, выступалі сусветныя зоркі, але «тры сасікі на фудкорце».

Viva Braslav зрабіў стаўку не толькі і не столькі на лайнап, сколькі на атмасферу і разнастайнасць. «І ў выніку стала зразумела, што Kasabian у Беларусі – гэта класны, але неабавязковы фактар, і ў прынцыпе гістарычна так склалася, што калектыўны беларус вельмі слаба рэагуе на сучасных заходніх зорак».

Безумоўна, палітычныя варнункі адыгрываюць свае ролю, і Аляксандр Чарнуха падрабязна спыняецца на гэтых абмежаваннях.

Пры гэтым згадвае, што нават калі ў Мінск раптам прывезлі Linkin Park, канцэрт у выніку атрымаўся ў мінус. Беларускія арганізатары канцэртаў заўсёды зараблялі добрыя грошы акурат на Білане, Кіркораве і «Ленінградзе», нават у тыя часы, калі ў Мінск прыязджала праймавая Лана Дэль Рэй ці непраймавы Мэрлін Мэнcон.

«Кожны бізнес працуе першую чаргу на маштабаванне і вывучае густы патэнцыйных кліентаў, – тлумачыць Аляксандр Чарнуха. – А мы ўсе з вамі для Viva Braslav у першую чаргу кліенты. Калі б лічбы на стрымінгах у таго ж Билана ці «Комнаты культуры» былі невысокія і калектыўны беларус не цікавіўся гэтай музыкай, яны б ніколі не з’явіліся ў Браславе ў якасці хэдлайнераў.

Калі бізнес усё ж прыняў рашэнне, значыць мы з вамі яму ў гэтым дапамаглі. Усё проста. Слухаеш Білана, атрымліваеш Білана. Нават калі Білану насраць на цябе з шасціметровай вышыні, – падсумоўвае Аляксандр Чарнуха.

Прыкладна тое самае і з фестывалямі буйных брэндаў. Яны размаўляюць выключна мовай маркетынгу і ўмеюць маляваць прыгожыя лічбы. І калі яны запрашаюць на фестываль МакSим ці Niletto, значыць, упэўненыя, людзі не толькі купяць на іх квіткі, але і гэта самым карысным чынам паўплывае на брэнд, нават калі недзе пасярод лайнапу цялёпаецца вечна пʼяны Бубунец.

То бок гэта не рашэнне маркетолагаў брэнду, гэта нашае з вамі рашэнне. Проста аднойчы арганізатары фестывалю зразумелі, што танная папса прыносіць ім больш нашых з вамі грошай. Ну і панеслася».

Скрын з YouTube канала Сепультурала Life

Каб падмацаваць свае высновы Аляксандр Чарнуха расказвае, што на яго YouTube канале Сепультурала Life штомесяц адбываюцца канцэрты беларускіх артыстаў, якія па нейкіх прычынах не могуць выступаць у Беларусі. Аднак такія канцэрты цікавыя вельмі вузкаму колу аматараў. Больш за тое, гэты інтарэс знікае настолькі імкліва, што праект, які існуе дзякуючы толькі падтрымцы беларусаў у эміграцыі, вось-вось закрыецца.

«Пераважная большасць гэтых музыкантаў зараз не мае магчымасці выступаць у Беларусі, але яны цікавыя ўсяму цывілізаванаму свету. Ну няўжо яны не зацікавяць нас, беларусаў? Аднойчы ўсё вакол нас зменіцца, але ці зменімся мы з вамі, ці проста застанемся часткай статыстыкі?», – пытаецца Аляксандр Чарнуха.

Пры гэтым у музычнага крытыка застаецца стрыманы аптымізм: «У Беларусі багата цудоўных і неверагодна таленавітых артыстаў. Скажу больш, зараз беларуская музыка на неверагодным муздыме па ўсім свеце».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!