«Культурны код» запрашае ўдзельнікаў на анлайн-пітчынг digital-рашэнняў для беларускай культуры

Супольнасць “Культурны код”, што аб’ядноўвае дзеячаў культуры і айцішнікаў, распачала рэгістрацыю ўдзельнікаў на анлайн-пітчынг digital-рашэнняў для беларускай культуры. Мерапрыемства мае адбыцца ў ZOOM 29 жніўня 17:00 CET / 18:00 Мінск. Дэдлайн прыёму заявак на анлайн-пітчынг – 27 жніўня.

Запрашаюць да ўдзелу як каманды з распрацаванымі задумкамі праектаў, так і асобных творцаў-фаўндараў, што маюць толькі ідэю. Падчас пітчынгу можна прадставіць задумку, звязаную з любымі тэхналогіямі, задачамі і з любымі культурніцкімі і творчымі сектарамі, звяртаюць увагу арганізатары.

Адметна, што 2 самыя цікавыя праекты пітчынгу (іх выберуць удзельнікі чата) атрымаюць узнагароды. І гэта не толькі досвед. Прыз за 1 месца — каля 15 працоўных гадзін ад спецыяліста па запыце (дызайнер, праграміст, піяршчык і гэтак далей); за 2 месца — тэст праекта ад профільнага спецыяліста.

Нагадаем, што чат “Культурны код” стаўся лагічным працягам аднайменнага хакатону digital-праектаў для беларускай культуры, які Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры і Imaguru Starup HUB Vilnius ладзілі ў верасні 2022 года.

Сталае і адкрытае кам’юніці “Культурны код” было створанае ў лютым 2023 года для абмеркавання ідэй спалучэння digital-рашэнняў і задумак для развіцця беларускай культуры. Сёлета пляцоўка распачала новы сезон, які рыхтуе шмат цікавостак.

Далучыцца да “Культурнага коду” можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.