Reform.news

«Ку-ку-культура»: Кміт і Жбанкоў прэпаруюць белкульт у прамым эфіры

Reform.news · 21 ноября 2026, 21:26

https://reform.news/ku-ku-kultura-kmit-i-zhbanko-prjeparujuc-belkult-u-pramym-jefiry/

На YouTube стартавала «Ку-ку-культура» – 10 вострых размоў пра беларускую культуру Максіма Жбанкова і Вячаслава Кміта.

Эфір праходзіць у фармаце адкрытага дыялогу, і гледачы могуць далучацца да дыскусіі, пакідаць каментары, задаваць пытанні непасрэдна падчас трансляцыі. Частка выпускаў будзе зроблена па выбары аўдыторыі

Назва «Ку-ку-культура» адсылае да вядомага эсэ Максіма Жбанкова, дзе ён крытыкуе «культпрасвет» і сцвярджае, што сапраўдная культура нараджаецца насуперак правілам і «правільнай беларускасці», праз драйв, эксперымент і персанальны выбар.

Першая размова – «Белкульт і каму яно трэба?» – ідзе пра тое, чаму беларуская культура не з’яўляецца застылым музеем або наборам «правільных» канонаў, а ўяўляе сабой стракатую, жывую прастору, дзе кожны выжывае і развіваецца па-свойму.

Што адбылося з беларускай культурай за гады незалежнасці? Ці патрэбная спрэчка пра белкульт праз больш чым 30 гадоў незалежнасці і чаму рэфлексія звонку – карысная зʼява? Ці не губляецца прадмет размовы, калі белкультам называюць усё запар, і што кранае беларусаў.

Чаму кожнае новае пакаленне быццам вынаходзіць Беларусь наноў? Якім уяўляецца культурны працэс, калі табе амаль 25 – і калі ўжо за 65?

«Самае істотнае, самае каштоўнае, што ў нас ёсць, гэта не не далучэнне да пэўнага канону, якім бы ён ні быў, а хутчэй наша здольнасць прайсці наскрозь. Для мяне заўсёды вельмі істотная асабістая прысутнасць у культурніцкай прасторы, асабісты выбар, прыватны дызайн. Я лічу, што гэта і ёсць самае галоўнае. І калі вяртацца да ідэі белкульту, я думаю, гэта не пытанне якіх якасных ці няякасных тэкстаў, спіса персаналіяў. Гэта перадусім тактыкі існавання ў прасторы тэкстаў, знакаў, кодаў і асобаў. Гэта хутчэй пэўны лад жыцця, пэўнае стаўленне да рэчаў, пэўны беларускі вайб», – кажа ў размове Максім Жбанкоў.

Жбанкоў бачыў, як незалежная беларуская культура нараджалася і аналізуе, куды яна прыйшла, Кміт робіць яе тут і цяпер. Паміж гэтымі досведамі – прорва: дзесяцігоддзі партызанкі і аварыйная эміграцыя, імпэт неафітаў і скепсіс дасведчаных крытыкаў.

«Ку-ку-культура» спрабуе праз жывую размову, спрэчкі і разыходжанне пазіцый знайсці агульныя кропкі ў разуменні нацыянальнай ідэнтычнасці.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий