Крык, зафіксаваны ў часе: Яна Шостак і Рафал Мілах прадаюць сумесную працу, каб дапамагчы беларускім былым палітвязням

Культура

Выстава «Un-packing: лакуны памяці», якая праходзіла ў Варшаве ў галерэі Драматычнага тэатра Варшавы, завяршылася знакавай дабрачыннай ініцыятывай. Куратарка выставы Вольга Мжэльская супольна з Artsquare Foundation прыдумалі, як захаваць у часе адзін з самых эмацыйных твораў экспазіцыі — працу Яны Шостак «Партытура хвіліны крыку».

Нагадаем, што праект «Un-packing: лакуны памяці», які аб’ядноўваў беларускіх і польскіх мастакоў, злучаў гісторыю Падляшша, актуальны досвед выгнання беларусаў і глабальныя крызісы. Выстава з’яўлялася візуальна-канцэптуальным працягам спектакля Катажыны Кальват, прысвечанага Падляшшу як рэгіёну памежжа, адзначанаму этнічнымі і рэлігійнымі напружаннямі.

Крык, зафіксаваны ў часе: Яна Шостак і Рафал Мілах прадаюць сумесную працу, каб дапамагчы беларускім былым палітвязням
Інсталяцыя Яны Шостак у экспазіцыі выставы.

Адмыслова для выставы беларуская палітычная мастачка Яна Шостак стварыла інсталяцыю «Партытура хвіліны крыку» — як візуальны працяг аднайменнага перформансу 2020 года. Крык адлюстроўвае галасы ўсіх, чые правы сістэмна ігнаруюцца, і становіцца метафарай палітычнага і сацыяльнага гвалту. Цікава, што надпіс можна было ўбачыць, калі пакідаеш выставу.

Пасля закрыцця выставы інсталяцыя мастачкі мусіць была знікнуць са сцен галерэі, таму Вольга Мжэльская прапанавала зафіксаваць яе праз фатаграфію. Да рэалізацыі ідэі далучыўся Рафал Мілах — сусветна вядомы польскі фатограф, удзельнік калектыву Sputnik Photos і аўтар знакамітай фотакнігі Stand By пра беларускія пратэсты.

Крык, зафіксаваны ў часе: Яна Шостак і Рафал Мілах прадаюць сумесную працу, каб дапамагчы беларускім былым палітвязням
Вольга Мжэльская, Яна Шостак, Рафал Мілах.

Рафал Мілах зафіксаваў жэст Яны Шостак, які на час змяніў прастору Палаца культуры і навукі.

Яна Шостак на фотаздымку паўстае паміж святлом і цемрай, нібы постаць на мяжы. Сукенка нясе на сабе твары беларускіх палітычных зняволеных. Гэта не ўпрыгожванне, а прысутнасць. Партрэты выступаюць як галасы, якія немагчыма заглушыць, напамін аб гвалце сістэмы і аб тых, хто пазбаўлены волі і права на справядлівасць.

Крык, зафіксаваны ў часе: Яна Шостак і Рафал Мілах прадаюць сумесную працу, каб дапамагчы беларускім былым палітвязням
Фота: artsquare.foundation

Усе сродкі ад продажу тыражу фатаграфіі будуць накіраваныя на медыцынскую дапамогу вызваленым беларускім палітвязням, тым, каго без заканчэння тэрміну гвалтоўна выціснулі з краіны без дакументаў.

«У святле нядаўняга выдварэння 123 чалавек гэтая ініцыятыва набывае асаблівую актуальнасць. Вы можаце набыць твор мастацтва і тым самым падтрымаць людзей, якім давядзецца прайсці доўгі і няпросты шлях вяртання да проста нармальнага жыцця», — адзначаюць арганізатары.

Інфармацыя пра твор:

Назва: «Партытура хвіліны крыку ў Палацы навукі і культуры», 2025.

Аўтары: Яна Шостак, Рафал Мілах.

Тэхніка: Рызаграфія (30 × 40 см).

Тыраж: 50 асобнікаў (+ 2 AP).

Набыць твор можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости