«Кроў і караоке» — анімацыйны фільм «беларускага Дэвіда Лінча» Юрыя Сямашкі з’явіўся ў адкрытым доступе ў YouTube. На гэты раз аўтар фільмаў «Смеццевая галава», «Як я быў генерал», «Нявольнік жэсці» зрабіў карціну ва ўмоўным жанры крымінальна-сацыяльнай драмы. Мінімалістычны графічны стыль стужкі, характары-тыпажы, якія «схопліваюцца» адразу, беларускі антураж і «таранцінаўскі» фінал. Крама «Суседзі» як месца сустрэчы антыподаў-герояў — завязка кіно, пра якую хтосьці з нас неаднойчы марыў.
Бадай, «лінчаўскай» вусцішы ў «Кроў і караоке» не знойдзеш, але па-ранейшаму на месцы — фірменны гумар аўтара, красамоўныя маўклівыя сцэны, кароткія змястоўныя дыялогі і выдатны мантаж.
Па сюжэце кароткаметражнага фільма нясмелы ахоўнік супермаркета Сцяпан уступае ў супрацьстаянне з вельмі ўпэўненым у сабе крымінальным элементам Валерам. Гэта супрацьстаянне, якое прадстаўляе два светапогляды, падключыць яшчэ аднога персанажа, ды прывядзе да жорсткага нечаканага фіналу, у якім перамога, урэшце рэшт, застанецца ні за кім.
Юрый Сямашка, якія звычайна з’яўляецца і сцэнарыстам сваіх карцін, валодае вельмі добрай якасцю — ён ўмее ў творы адсякаць залішняе. Героі ў фільмах беларускага кінематаграфіста больш дзейнічаюць, чым гавораць, а характары персанажаў «дамалёўваецца» за лік стрыманай пластыкі. Так, у «Кроў і караоке» аўтар выкарыстоўвае магчымасці анімацыі стварыць умоўны, але з пазнавальнымі дэталямі, свет, надае сваім персанажам «асаблівыя прыкметы», выкрыстоўвае колер, як эфектны прыём дадатковага ўздзеяння на гледача. Пры гэтым «эканамічнасць» стылю Сямашкі не адмяняе ёмістасці — у «Кроў і караоке» не хочацца нічога ні дадаць, ні прыбраць. Гэта амаль сацыяльная драма вырашаная ў постмадэрнісцкім ключы.
Бадай, у гэтай анімацыі можа ахалоджаваць стаўленне аўтара да сваіх характараў — ён роўна іранізуе з абодвух герояў.
Нагадаем, што «Кроў і караоке», створаны за ўласныя сродкі рэжысёра, ўдзельнічаў у праграмах кінафестываляў «Бульбамуві» і «Паўночнае ззянне», а таксама быў паказаны на Эксграунд фільмфест у Вісбадэне.
На дадзеным момант Юрый Сямашка працуе над сваёй поўнаметражнай карцінай «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», якая знаходзіцца на этапе постпрадакшану.
Трапіць на YouTube канал рэжысёра можна тут.
Падтрымаць Юрыя Сямашку тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram