Варшава стала месцам здымак ігравой карціны «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» — поўнаметражнага дэбюта беларускага рэжысёра і аніматара Юрыя Сямашкі. Гледачу вядомы кароткаметражныя стужкі аўтара, якога часам называюць «беларускім Дэвідам Лінчам» — «Смеццевая галава», «Кроў і караоке», «Калі я быў Генерал» ды іншыя.
Сцэнарый карціны, аўтарам якога выступіў Юрый Сямашка, на пачатку года стаў пераможцам сцэнарнай лабараторыі ў рамках Інкубатара мікрабюджэтнага кіно. Адмысловы праект незалежнай ініцыятывы «Беларуская сетка фільммейкераў» (Belarusian Film Network) на чале з Леанідам Каліценем быў створаны з мэтай стымуляваць развіццё новага беларускага кіно. Праз перамогу ў гэтым конкурсе кінематаграфіст і атрымаў магчымасць зняць свой першы ігравы поўны метр.
Згодна з умовамі Інкубатара, бюджэт для адной карціны можа складаць 1900 долараў на вытворчасць і 500 долараў на постпрадакшн.
У стужцы расказваецца гісторыя маладога музыканта, які намагаецца выйсці з творчага крызісу на фоне грамадска-палітычных падзей, якія адбываюцца ў яго краіне.
Жанр карціны — драма.
Плануецца, што гатовы фільм перад глядацкай прэм’ерай паспытае ўдачу на міжнародных кінафестывалях.
Праект Інкубатар мікрабюджэтнага кіно быў створаны BFN у 2023 годзе, каб падтрымаць беларускіх незалежных кінематаграфістаў ва умовах адсутнасці кінаіндустрыі. «Мікрабюджэтнае кіно — гэта не толькі абмежаванні, але і магчымасць стварыць з нуля эстэтыку і ідэалогію новага беларускага кіно, — лічыць каманда BFN. — Нам цікавыя не спробы капіяваць лякалы галівудскіх блакбастараў або расійскіх серыялаў, а аўтарскія выказванні».
Юрый Сямашка вядомы беларускай публіцы па іранічных і нешараговых ігравых і анімацыйных стужках — «Невольник жести», «Как я был Генерал», «Больно не будет», «Ультракороткие истории». У аўтара ёсць здольнасць у сваіх карцінах «прабіваць сцяну» ў іншую рэальнасць, ствараць літаральна з нічога іншае вымярэнне — адкуль і з’явілася параўнанне з Дэвідам Лінчам.
Сцэнар Юрыя Сямашкі, па меркаванні журы конкурсу — моцная заяўка на стварэнне кіно з адметным стылем.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram