У Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча былі скрадзеныя ахвяраванні, што інстытуцыя збірала на Ноч музеяў 13 мая.
«Напрыканцы дня ў нас скралі скрынку з ахвяраваннямі», — сведчыць каманда музея пра здарэнне, што адбылося 13 мая. Пры гэтым калектыў распавядае пра нечаканы працяг дэтэктыўнай гісторыі.
Дзякуючы камерам супрацоўнікам інстытуцыі ўдалося высветліць, хто зрабіў крадзеж.
«Мы злавілі іх самі! Убачылі на вуліцы, дагналі, выклікалі паліцыю», — дзеліцца каманда, і не раскрываючы падрабязнасцей, дадае, што акурат цяпер ёй патрэбна дапамога наведвальнікаў.
Справа ў тым, што музею трэба назваць паліцыі дакладную суму, якую скралі са скрынкі злодзеі. Але сума ахвяраванняў у дзень здарэння не была падлічана.
— [Таму] мы просім тых, хто ахвяраваў нам у той дзень — [13 мая], звязацца з намі, — піша каманда інстытуцыі на сваёй старонцы ў сацсетках. — Мы заўжды з вялікай павагай ставімся да кожнага ахвяравання. Дапамажыце нам вярнуць гэтыя грошы».
Музей просіць ахвярадаўцаў пісаць на адрас hello@vilnia.com ці ў паведамленні акаўнтаў у сацсетках у Facebook i Instagram.
Ахвяраванні ў Ноч музеяў збіраліся як падзяка за працу людзям, якія спрычыніліся да арганізацыі святочнай праграмы.
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча ўжо больш за два дзесяцігоддзі займаецца зборам і захоўваннем прадметаў даўніны, рукапісаў, дакументаў, фатаграфій і іншых сведчанняў жыцця і дзейнасці беларусаў розных пакаленняў. Інстытуцыя з’яўляецца самастойнай грамадскай установай, зарэгістраванай у Літоўскай Рэспубліцы. Яна працягвае традыцыі Беларускага музея ў Вільні, заснаванага грамадскім дзеячам, археолагам, краязнаўцам, публіцыстам Іванам Луцкевічам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram