Косаўскі палацава-паркавы комплекс, рэканструкцыя якога завяршылася ў 2023 годзе, пахваліўся лічбамі наведвання за мінулы год. Славутасць у Івацэвічскім раёне Брэсцкай вобласці летась наведала 117 тысяч турыстаў, паведамляе БелТА. «Акрамя беларусаў, у нас шмат турыстаў з Расійскай Федэрацыі. Прыязджаюць госці з Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Рэспублікі Карэя, Японіі, каб паглядзець нашу культурную спадчыну ва ўрочышчы Марачоўшчына», — падзяліліся інфармацыяй у Косаўскім замку.
У 2023 годзе палацава-паркавы комплекс у Косава для параўнання наведала 109 тысяч турыстаў — на 8 тысяч меней.
Нагадаем, што Косаўскі палацава-паркавы комплекс уключае ў сябе, уласна, палац Пуслоўскіх і мемарыяльны музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. У адноўленым у 2023 годзе замку-палацы адкрытыя восем залаў, «дзе можна ўбачыць антыкварную мэблю, прадметы інтэр’еру і быту. Экспанаты адлюстроўваюць эпоху ХІХ стагоддзя».
Па інфармацыі Белта, развіццё інфраструктуры помніку працягваецца.
Закладваецца парк у англійскім стылі. У планах — добраўпарадкаванне возера, ачыстка яго акваторыі і прыбярэжнай зоны ад смецця. У перспектыве там хочуць зрабіць лакацыю для сямейнага адпачынку.
Як Reform.news пісаў раней, па меркаванні экскурсаводаў, пасля 2022 года ў сувязі са складнасцямі атрымання еўрапейскіх візаў значна ўзрос попыт беларусаў на ўнутраны турызм. Людзі наведваюць гістарычныя помнікі цягам года па некалькі разоў, рэагуючы на змены экспазіцый, рэканструкцыі — попыт фарміруе і цікавасць да сваёй гісторыі, і абмежаванасць выбару.
Таксама ў Беларусі з 2022 года назіраецца вялікі наплыў турыстаў з Расіі, якім у сувязі з расійскім уварваннем ва Украіну амаль закрытыя шляхі адпачынку ў Еўропе.
«Калі ў 2018-2019 гадах у Беларусь прыязджала шмат палякаў, літоўцаў — у нас жа «бязвіз», увогуле, было шмат турыстаў з розных краін, то цяпер практычна 90% вандроўнікаў — гэта расіяне і беларусы», — казала пра структуру попыту ў 2023 годзе нашаму выданню экскурсавод Таццяна К.
Магчыма, доля заходніх наведвальнікаў беларускіх гістарычных мясцін, славутасцей у 2024 годзе крыху ўзрасла ў сувязі з бязвізавым рэжымам, уведзеным 19 ліпеня 2024 года для грамадзян 35 еўрапейскіх краін. Але гэта доля — невялікая, што не перашкаджае тым не менш казаць беларускім дзяржаўным служачым пра міжнародны поспех адрэстаўраваных аб’ектаў і нармалізацыю абстаноўкі ў краіне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram