Каманда SPRAVA запускае праект «Sad Orchestra» — ён будзе прысвечаны Аляксею Стрэльнікаву, Арцёму Залескаму і Леаніду Нарушэвічу

Культура
Фота: фейсбук SPRAVA.

Пра стварэнне новага эксперыментальнага праекта «Оркестр Сад» («Sad Orchestra») паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетках каманда фестываля SPRAVA. Праект будзе прысвечаны сышоўшым беларускім музыкантам Леаніду Нарушэвічу, Арцёму Залескаму і тэатральнаму крытыку, рупліўцу Аляксею Стрэльнікаву.

Каманда падкрэслівае, што яна не толькі хочуць зрабіць унёсак у захаванне культурнай спадчыны, але і пераасэнсаваць яе, стварыўшы замест статычнага мемарыяла «жывую, наравістую прастору — сад, у які можна зайсці, каб успомніць».

«Арцём, Лёша і Лёня былі эксперыментатарамі, візіянерамі і крутымі актарамі незалежнай беларускай сцэны, — распавядаюць пра сваю ініцыятыву стваральнікі. — Ствараючы «Аркестр Сад», мы пракладзем нябачныя, сімвалічныя сувязі паміж нашымі героямі і намі, паміж мінулым і будучыняй нас і альтэрнатыўнай культуры. У пункце скрыжаванняў можаце апынуцца і вы, наведаўшы лес на паўвостраве Чарэйскага возера і адшукаўшы сярод дрэў тыя, што гучаць галасамі нашых герояў. Станавіцеся пасярэднікам паміж мінулым і будучыняй, ляціце на святло, ідзіце на гук, не саромейцеся эксперыменту і не бойцеся ўзаемадзейнічаць».

Адзначаецца, што інсталяцыі будуць дзейнічаць увесь год у вёсцы Белая Царква, на паўвостраве Чарэйскага возера. Зараз каманда працуе над стварэннем саду.

SPRAVA звяртае ўвагу, што гэты праект — не частка фестывалю:

«На фестывальнай тэрыторыі не будзе ніякай забаўляльнай праграмы ці актыўнасцяў. Вы, як і заўсёды, можаце наведваць паўвостраў у вольным рэжыме».

Тры постаці, якім будзе прысвечаны «Оркестр Сад» — выключныя і важныя асобы беларускай незалежнай культуры і мастацтва. Леанід Нарушэвіч — беларускі музыкант-імправізатар, заснавальнік і ўдзельнік гурта інтуітыўнай імправізацыі «Князь Мышкін» сышоў з жыцця ў 2019 годзе. Барабаншчык Арцём Залескі, які граў у гуртах «Серебряная свадьба», «Любовь и спорт», «Петля пристрастия», «Кассиопея», Pukstband ды іншых калектывах, музыкант са сваім бачаннем і пазіцыяй, памёр у 2022 годзе ва ўзросце 44 гадоў. Вялікім ударам і трагедыяй для тэатральнай і культурнай супольнасці ў тым жа 2022 годзе стала смерць тэатральнага крытыка, менеджара, падзвіжніка Аляксея Стрэльнікава. Усе тры фігуры былі нашы сучаснікамі і стваральнікамі беларускай культурнай прасторы, якая пульсуе і сёння.

SPRAVA — міжнародны фестываль-узаемадзеянне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі. «Павага, сумленны абмен з месцам, якое дасталося нам у спадчыну – і ёсць адна з асноўных задач SPRAVA. Быць дарэчнымі і ўдзячнымі ўнікальнаму і багатаму асяроддзю, у якім стагоддзямі збіраліся глеем, цаглінамі і магіламі любоў і боль», – так гучыць маніфест фэсту, арганізаванага на паўвостраве Чарэйскага возера падзвіжнікам і музыкам Мацвеем Сабуравым і камандай аднадумцаў. Фестываль з вялікім поспехам прайшоў у 2022 годзе. Сёлета каманда вырашыла перанесці правядзенне форуму.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: