Кнігі «Культура і супраціў» Таццяны Астроўскай і «Зэкамерон» Максіма Знака прэзентавалі ў Варшаве

Культура

Дакументальны раман «Зэкамерон» Максіма Знака і навуковае даследаванне «Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у Савецкай Беларусі (1968-1988)» Таццяны Астроўскай яднаюць не толькі тое, што яны былі выдадзены праваабарончым цэнтрам «Вясна», але і яснае разуменне аўтарамі і выдаўцамі важнасці культурнай зброі ў няпростыя перыяды нашай гісторыі.

Даследаванне Таццяны Астроўскай ахоплівае 1968-1988 гады, даволі безнадзейныя часы брэжнеўскага застою, аднак аўтарка сцвяржае, што гісторыя гэта не скончаная, бо сёння супраціў грамадства сродкамі культуры працягваецца.

Кніга ўяўляе сабой беларускі варыянт перапрацаванай і часткова дапоўненай для публікацыі навуковай манаграфіі даследчыцы «Cultural Dissent in Soviet Belarus (1968–1988). Intelligentsia, Samizdat and Nonconformist Discourses», абароненай у германскім Універсітэце Грайфсвальда. У кнізе акцэнтуецца ўвага на «нонканфармізме», або «культурным іншадумстве», у адрозненне ад «палітычнага іншадумства».

Рэдактарам беларускага перакладу быў Алесь Бяляцкі, які паспрыяў адаптацыі кнігі да нашага чытача. Што супала і з намерамі самой аўтаркі. „Для мяне вельмі важным было эмацыйнае, глыбокае пранікненне ў час, – патлумачыла Таццяна Астроўская фармат выдання. — Важна было рэканструяваць не толькі дакладную храналогію, колькі ўнікнуць у сутнасць падзеяў, заўважыць узаемасувязі. Учытацца ў тэксты, дзённікі, успаміны. Пагаварыць, падумаць разам з маімі героямі».

Перакладчык кнігі – Алег Жлутка.

З даследаваннем Таццяны Астроўскай можна пазнаёміцца тут.

Другая прэзентацыя – кнігі Максіма Знака – распачалася з дэманстрацыі відэа, на якім юрыст і будучы палітзняволены, асуджаны на дзесяць гадоў калоніі, выконвае сваю аўтарскую песню.

«Зэкамерон» быў напісаны на Валадарцы і выдадзены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Гэта 10-е выданне праваабарончай серыі «Беларуская турэмная літаратура», запачаткаванай у 2017 годзе.

Прадставіў выданне ў Варшаве абаронца Максіма Знака Сяргей Зікрацкі: «…іранічна, вельмі прыгожа. Гэтая кніга паказвае, што нават у СІЗА можна заставацца чалавекам, калі ў цябе вельмі моцная вытрымка».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: