Канфіскацыя, цэнзура і «чорныя спісы»: Беларускі Пэн падрыхтаваў маніторынг рэпрэсій у сферы культуры за 2025 год

Культура

Беларускі ПЭН апублікаваў новы аналітычны матэрыял, які падсумоўвае стан беларускай культуры за 2025 год.

Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу.

На працягу 2025 года было зафіксавана 1435 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры; пры гэтым прыведзеныя звесткі не з’яўляюцца вычарпальнымі. На канец года ў месцах пазбаўлення або абмежавання волі знаходзіліся не менш як 144 прадстаўнікі культурнай сферы.

Атрымала развіццё практыка датэрміновага вызвалення і адначасовай высылкі палітычных зняволеных – з Беларусі былі прымусова дэпартаваны 27 дзеячаў культуры. Не аслабляецца трансгранічны пераслед, аж да пагроз жыццю і здароўю.

«Чорны спіс» Міністэрства культуры налічвае сотні імёнаў, магчымасці прэзентацыі ўласнай творчасці крытычна абмежаваны.

Канфіскацыя, цэнзура і «чорныя спісы»: Беларускі Пэн падрыхтаваў маніторынг рэпрэсій у сферы культуры за 2025 год

Працягвае расці колькасць праектаў, твораў і акаўнтаў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пералік друкаваных выданняў, распаўсюд якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, у 2025 годзе шэсць разоў папаўняўся новымі кнігамі.

 «Экстрэмісцкімі» прызнаваліся кнігі і акаўнты ў сацыяльных сетках дзеячаў культуры, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў зняволенні або неўзабаве быў вызвалены (Зміцер Дашкевіч, Уладзімір Мацкевіч, Мікола Дзядок), а таксама асобныя імёны і нікнэймы, у тым ліку kasiavadanosava і dzimicer (Кацярыны Ваданосавай і Дзмітрыя Нарышкіна).

У 2025 годзе «экстрэмісцкімі» прызнаваліся не толькі праекты ў эміграцыі – Gronka, «Жыццё-маліна», музычны гурт Dzieciuki і іншыя, – але і ініцыятывы, што дзейнічаюць унутры краіны, у тым ліку «Склад бутэлек», Radio Plato, «Барысфен» і «Да Зораў».

Канфіскацыя, цэнзура і «чорныя спісы»: Беларускі Пэн падрыхтаваў маніторынг рэпрэсій у сферы культуры за 2025 год
Літаратура, унесеная ў 2025 годзе ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Фота: penbelarus.org

Працягваецца практыка нядопуску «ненадзейных» артыстаў да выступленняў, у тым ліку пад нагодай нібыта пагрозы іх дзейнасці «нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку».

Істотна пашыраны пералік кніг, забароненых для распаўсюду пад нагодай нібыта пагрозы «нацыянальным інтарэсам» Рэспублікі Беларусь.

Асобнай увагі заслугоўвае практыка канфіскацыі рукапісаў і іншых вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, створаных дзеячамі культуры ў месцах пазбаўлення волі. Пра выпадкі канфіскацыі такіх матэрыялаў непасрэдна перад вызваленнем паведамлялі Ігар Карней (былі канфіскаваны ўсе запісы, дзённікі, сшыткі), Уладзімір Мацкевіч (забраны ўсе запісы і напрацоўкі, у тым ліку тэксты, якія філосаф назваў найлепшымі з напісаных ім), Мікола Дзядок (каля 20 кілаграмаў лістоў і сшыткаў), Максім Знак (рукапісы мастацкіх твораў, вершаў, перакладаў і тэкстаў песень), Аляксандр Фядута (кінасцэнар, дзве п’есы і дзве старонкі вершаў), Алесь Бяляцкі (рукапісы дзвюх кніг успамінаў), Павел Севярынец (усё напісанае), Марыя Калеснікава (дзве кнігі), Алена Гнаўк (усё ліставанне), Ганна Курыс (скетчы і іншыя формы турэмнай творчасці).

Канфіскацыя аўтарскіх рукапісаў уяўляе сабой парушэнне фундаментальных культурных правоў чалавека, паводле Беларускага ПЭНа гэта «акт культурнага вандалізму, параўнальны са знішчэннем гістарычных архіваў або твораў мастацтва».

Адбываецца «нармалізацыя» творчых саюзаў. Працягваецца ціск на творчыя саюзы аж да выкарыстання сілавых метадаў, у тым ліку прэвентыўныя затрыманні напярэдадні з’езда і выбарчых працэдур Беларускага саюза мастакоў.

Фіксуецца ўстойлівая тэндэнцыя выцяснення і скажэння гістарычнай памяці праз дэмантаж і знікненне мемарыяльных знакаў, ліквідацыю экспазіцый і замяшчэнне канкрэтных гістарычных наратываў уніфікаванай дзяржаўнай ідэалагічнай рыторыкай.

Становішча беларускай мовы застаецца праблемным і характарызуецца не толькі недастатковай інстытуцыйнай увагай, але і практыкамі абмежавання, выцяснення і пераследу яе выкарыстання ў ключавых сферах грамадскага і культурнага жыцця.

Зафіксаваны новыя выпадкі неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны і месцамі памяці.

У дзяржаўных установах захоўваецца жорсткі ідэалагічны кантроль, у тым ліку негалосная забарона супрацоўнічаць з недзяржаўнымі арганізацыямі і выбудаваная сістэма падтрымкі і заахвочвання лаяльных рэжыму суб’ектаў.

Тэндэнцыя да запаволення кампаніі прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, у тым ліку культурных структур, якая склалася ў першым квартале 2025 года, захоўвалася да канца года і была абумоўлена фактычным вычарпаннем кола арганізацый, у дачыненні да якіх магла прымяняцца гэтая практыка.

На працягу 2025 года не менш як 62 дзеячы культуры прайшлі праз адвольныя затрыманні або арышты, трое з іх былі затрыманы паўторна. Прыблізна ў дзвюх трацінах зафіксаваных выпадкаў такія меры суправаджаліся завядзеннем крымінальных спраў.

Сярод арыштаваных – нон-фікшн-аўтарка Ціна Палынская, музыка, радыёвядоўца і кампазітар, лідар фолк-мадэрн-гурта «Палац» Алег Хаменка, мастачка Аксана Шаляпіна, кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен» Павел Пастухоў (Станкевіч), стрыт-арт мастак Алег Ларычаў, дырэктар ліквідаванага Цэнтра ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін, гусляр і вакаліст гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» Алесь Чумакоў, а таксама дзясяткі іншых прадстаўнікоў культурнай сферы.

Канфіскацыя, цэнзура і «чорныя спісы»: Беларускі Пэн падрыхтаваў маніторынг рэпрэсій у сферы культуры за 2025 год
Аўтарскія рукапісы, канфіскаваныя ў палітзняволеных – дзеячаў культуры перад іх вызваленнем у 2025 годзе. Фота: «Наша Ніва», «Белсат», Max Znak, «Вясна», lookby.media.

У 2025 годзе працягнулася палітыка культурнай інтэграцыі Беларусі з Расіяй, якая суправаджалася ўзмацненнем залежнасці нацыянальнага культурнага сектара ад расійскіх інстытуцый, кадраў і наратываў. На працягу года актыўна падпісваліся пагадненні аб партнёрскай супрацы паміж культурнымі ўстановамі дзвюх краін, у тым ліку ключавымі дзяржаўнымі інстытуцыямі Беларусі. Адначасова фіксаваліся працэсы фактычнай русіфікацыі культурнага поля: замяшчэнне беларускамоўных спектакляў рускамоўнымі, кадравыя перастаноўкі, пры якіх на пазіцыі беларускіх спецыялістаў прыходзяць прадстаўнікі Расіі, а таксама перадача стварэння помнікаў і манументальных аб’ектаў расійскім мастакам і арганізацыям. Гэтыя тэндэнцыі закранулі і літаратурную сферу – у праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі прымаліся асобы, не звязаныя з беларускай літаратурай і культурай, – а таксама інстытуцыйны ўзровень, уключаючы зацвярджэнне міжурадавага пагаднення аб супрацы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці з удзелам шырокага кола сілавых, ідэалагічных і культурных ведамстваў.

Такім чынам, у краіне істотна абмежаваны магчымасці прафесійнай самарэалізацыі, парушана пераемнасць культурных працэсаў, адсутнічае прастора для крытычнага выказвання, а працяглая інтэграцыя з Расіяй спрыяе аслабленню беларускай культурнай суб’ектнасці.

Неабходнасць міжнароднай падтрымкі дзеячаў культуры, якія знаходзяцца пад ціскам або ў вымушанай эміграцыі, застаецца актуальнай і патрабуе скаардынаваных намаганняў культурных і праваабарончых арганізацый. Практычная і прававая дапамога рэпрэсаваным культурным працаўнікам з абодвух бакоў мяжы па-ранейшаму застаецца запатрабаванай, у тым ліку ў частцы стварэння ўмоў для працягу прафесійнай дзейнасці.

Падрабязны агляд рэпрэсій ў сферы культуры можна прачытаць на сайце Беларускага ПЭНа.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости