У вёсцы Мастаўляны Беластоцкага павета (непадалёк ад мяжы з Беларуссю) урачыста адкрылі інфармацыйныя шыльды на месцы нараджэння Кастуся Каліноўскага. Шыльды ўсталявалі акурат на фрагментах старога каменнага мура, які, верагодна, захаваўся ад сядзібнага комплексу. На іх – планы сядзібнага комплексу з інфармацыяй пра яго гісторыю і паўпразрыстая выява сядзібнага дома.
Дата адкрыцця невыпадковая: яна адсылае да 22 лістапада 2019 года, калі ў Вільні адбылося перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863-1864 гадоў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага.
Ад Аргкамітэта мемарыялізацыі сядзібы Каліноўскіх гасцей віталі кіраўніца камітэта Вольга Сямашка і аўтар шыльдаў скульптар Януш Талуць, якія ўрачыста знялі покрыва з шыльдаў і распавялі пра працэс усталявання, паведамляе «Радыё Рацыя».

Шыльды асвяціў ксёндз Вячаслаў Барок з душпастырства беларусаў-каталікоў у Варшаве. Гасцей віталі намесніца Бурмістра гміны Міхалова Эльжбета Росіньска і прадстаўнік Управы Беластоцкага павету Генрык Сухоцкі, які падзякавалі за такую важную для рэгіёна ініцыятыву.

Слова ўзяў і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, які падтрымаў Аргкамітэт у такой важнай справе па ўсталяванні шыльдаў, яшчэ раз нагадаў, што імя Каліноўскага ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі, Польшчы і Літвы.

Таксама вітаў прысутных мастак Лявон Тарасэвіч, які адзначыў важнасць захавання памяці Каліноўскага.
Выступілі прадстаўнікі партнёраў Аргкамітэта, без якіх бы гэта свята не атрымалася – Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беларускай дыяспары ў Беластоку і клуба Invictus 1863. Асобна перад прысутнымі выступіў беларускі экс-добраахвотнік, які падзякаваў Аргкамітэту за шыльды і пажадаў, каб у будучым музеі знайшлося месца і для «каліноўцаў», людзей якія загінулі за свабоду Беларусі і ўсяго рэгіёна на вайне ва Украіне.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram