У варшаўскім Палацы культуры і навукі з 25 па 28 мая праходзіць Міжнародны кніжны кірмаш, на якім працуе стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў. Падчас фэсту адбыліся сустрэчы аўтараў з чытачамі і прэзентацыі кніг з аўтограф-сесіямі.
Стэнд беларускіх кніг арганізаваў Цэнтр беларускай салідарнасці ў партнёрстве з Цэнтрам навуковых даследаванняў Польскай акадэміі навук у Берліне. Праект дафінансаваны са сродкаў Фонду польска-нямецкага супрацоўніцтва.
Ці лёгка перавезці выдавецтва з Беларусі? А адкрыць новае ў Польшчы? Ці ўкладанні акупяцца?
Якія кнігі карыстаюцца попытам?
Як выдавецтвы, што працуюць у Польшчы, распаўсюджваюць беларускія кнігі і як яны трапляюць да чытача ў самой Беларусі?
Reform.by задаў гэтыя і іншыя пытанні тром беларускім выдаўцам, якія прыехалі на кніжны фэст, і паслухаў вынікі даследавання, прадстаўленыя напярэдадні.
Андрэй Казакевіч (Інстытут «Палітычная сфера») і Аляксей Ластоўскі (Інстытут «Палітычная сфера») за пару дзён да пачатку кірмашу зрабілі агляд асноўных тэндэнцый сусветнага кніжнага рынку і прааналізавалі статыстыку ў Беларусі за апошнія гады.
Друкаваная кніга захоўвае сваё дамінаванне на кніжным рынку ў свеце, і адпаведна — у Беларусі. Доля электронных кніг у свеце складае 13-14 адсоткаў, выключэнне займае Японія, дзе іх каля 30 адсоткаў.
Таму выдаваць кнігі на паперы — больш выгодная справа, чым распаўсюджваць іх у электронным выглядзе.
Аўдыякнігі таксама застаюцца нішавым прадуктам і патэнцыялу для іх росту не назіраецца.
Якім чынам гэтыя факты ўплываюць на беларускае незалежнае кнігавыдавецтва?
Самае вострае пытанне для незалежных выдаўцоў за мяжой: як распаўсюджваць кнігі на радзіме, дзе пасля пераследу засталося ўсяго некалькі незалежных выдавецтваў, якія ва ўмовах нявызначанасці мусяць займацца самацэнзурай.
Да таго ж у Беларусі прыватным выдавецтвам цяжка атрымаць доступ да дзяржаўных сетак распаўсюду, асабліва ў рэгіёнах.
Згорнуты публічныя імпрэзы і незалежныя кніжныя фестывалі.
Наклады беларускамоўных кніг невялікія, такія выданні займаюць нязначны сегмент кніжнага рынку ў Беларусі — 10-15 працэнтаў. Лічбы трымаюцца з 2017 года, раней было яшчэ менш.
У такіх варунках незалежныя выдавецтвы за межамі Беларусі прапануюць у большасці выпадкаў адзіную магчымасцю выдаваць творы сучасных беларускіх аўтараў, тым больш занесеных у «экстрэмісцкія» ды «чорныя» спісы.
Кейсаў рэлакацыі незалежных выдавецтваў з Беларусі пакуль няшмат. Самы паспяховы атрымаўся ў выдавецтва «Янушкевіч»: пасля вымушанай эміграцыі Андрэй Янушкевіч аднавіў сваю дзейнасць у Польшчы.
— Бадай, вы адзінае выдавецтва, у якога за апошні час атрымалася здзейсніць паспяховую рэлакацыю за мяжу? Як вы лічыце, чаму атрымалася?
— Атрымалася таму, што мы робім стаўку на чытача, заўсёды адштурхоўваемся ад яго інтарэсаў. Для нас важна выпускаць кнігі, якія будуць чытаць і прычым чытаць масава. І гэта не нейкая пафасная заява. Для яе ёсць абгрунтаванне, бо калі кнігі не будуць прадавацца ў дастатковай колькасці, мы не зможам развівацца як камерцыйнае прадпрыемства. А значыць не будзем мець прыбытку і не здолеем далей працаваць.
Калі я пераехаў, у мяне быў вялікі выдавецкі партфель, і кнігі, якія я павінен быў выдаць у Беларусі, я пачаў выдаваць тут.
Адыграла сваю ролю і тое, што ў нашага выдавецтва ёсць кола прыхільнікаў, свая кліенцкая база. І людзі чакалі анансаваныя намі кнігі.
Яшчэ раз паўтару, што мы падбіраем асартымент з тым разлікам, каб нашы выданні былі цікавыя беларускаму чытачу.
— Ці добра прадаюцца беларускія кнігі, напрыклад, у Польшчы?
— Натуральна, у Польшчы беларусаў не дзевяць мільёнаў, але і ў Беларусі наша аўдыторыя не складала ўсё насельніцтва краіны.
У эміграцыі беларусы сталі аб’ядноўваюцца ў суполкі і гуртавацца праз інтэрнэт, таму нават без рэкламы інфармацыя пра новыя кнігі распаўсюджваецца даволі хутка. Гэта сапраўды працуе!
Акрамя таго, якасць эміграцыйнай аўдыторыі вельмі высокая. Гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, шляхетных, так бы мовіць, прафесій, якія не першы дзень цікавяцца культурай. Да таго ж Польшчы няма дыктату расійскай культуры, які назіраецца ў Беларусі. Такім чынам ствараюцца спрыяльныя абставіны, каб беларус цягнуўся да беларуса.
Сёння вельмі важна працаваць дзеля беларусаў, пакуль іх не забрала да сябе польская, нямецкая ці якая іншая культура. І не траціць час на размовы ды бясконцыя абмеркаванні. Формула вельмі простая — бяры і рабі.
— Ці не думаеце вы пра адкрыццё кнігарні? Паўтарыць, так бы мовіць, мінскі кейс?
— Цяпер не тыя часы, каб стацыянарная кнігарня магла выжыць, асабліва пры нашым небагатым каталогу.
— У такім разе, як вашы кнігі трапляюць да чытача, тут і ў Беларусі?
— Сёння ва ўсім свеце дамінуе продаж кніг праз інтэрнэт. Мы распаўсюджваем свае выданні праз Allegro і Marketplace.
Дапамагаюць і кніжныя выставы. Нядаўна ездзілі ў Беласток, цяпер працуем у Варшаве. Думаю, восенню працягнем ездзіць па іншых гарадах Польшчы і не толькі. Карацей, мы павінны даязджаць паўсюль, дзе жывуць кампактныя групы беларусаў, а зараз яны жывуць амаль усюды.
Што тычыцца Беларусі, то з распаўсюдам ёсць праблема, бо мы не гарантуем, што «Белпошта» спрацуе як належыць.
Ёсць праблема і з пераводам грошай: беларускія банкі пад санкцыямі, аплаціць польскі рахунак — цэлы квэст.
Адзінае выйсце: граніца яшчэ адкрытая, у індывідуальным парадку можна набываць нашы кнігі і везці іх праз мяжу. Я яшчэ не чуў, каб з нашымі выданнямі ўзнікалі апошнім часам нейкія праблемы .
— Што на гэтым кірмашы прадаецца ў вас найлепей?
— Добра прадаюцца навінкі — гэта кнігі Альгерда Бахарэвіча і Аляксандра Чарнухі.
Нядаўна створанае беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher прадставіла на варшаўскім кірмашы пазл «Бiтву пад Воршай 1514» і «Беларускі народны соннік».
Галоўны рэдактар Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева, адна з заснавальнікаў студыі imago.by, што спецыялізавалася на старадаўніх картах і гравюрах. Пераехаўшы ў Польшчу, яны адкрылі ў Кракаве новае выдавецтва.
— У вашым выпадку атрымалася не рэлакацыя, а стварэнне цалкам новага выдавецтва?
— Рэлакацыя адбылася для студыі imago.by, а выдавецтва створана ўсё ж новае, на базе тых праектаў, якія мы рабілі ў imago.
— Ці гэта ваша нейкая даўняя мара? Як вы рашыліся стварыць у эміграцыі новае выдавецтва?
— Гэта сапраўды мая вельмі даўняя мара, я яшчэ студэнткай першага курсу хацела мець уласнае выдавецтва. А мне ўсе тлумачылі, чаму гэта немагчыма.
А тут склалася так, што мы выехалі. У нас былі праекты, якія мы хацелі далей працягваць рабіць, былі людзі, якія хацелі працаваць з намі, і чакалі, што мы будзем выдаваць кнігі з такім жа падыходам, з якім мы вядзем свае кнігі пра картаграфію.
— Вы пралічвалі, ці будуць у вас пакупнікі? Адчувалі запыт?
— Так, я ведаю, што запыт на беларускія кнігі ёсць, бо я маю досвед у выдавецкай справе. Ёсць запыт і з боку чытачоў на добрыя выданні, і з боку аўтараў — на прафесійны рэдактарскі падыход.
Акрамя таго, мне і самой хацелася рабіць кнігі.
— Вы зусім нядаўна адкрыліся, пару месяцаў. І ў вас пакуль толькі два праекты? Што плануеце выдаць яшчэ?
— Гэтая ж самая каманда выпусціла слоўнік-каляндар «Мова вольных».
— Колькі чалавек працуе ў вашым выдавецтве? На заробку, маю на ўвазе?
— Пастаянна толькі два. Аднак заробку мы яшчэ сабе не налічвалі, аплочваем толькі працу людзей, якія нам дапамагаюць…
— Ці можа такое здарыцца, што выдавецтва будзе вашым хобі, якое не будзе прыносіць прыбытку?
— Яно прынясе прыбытак. У нас ёсць бізнес-план, ёсць разлікі. Тэхнічна, паводле бізнес-плана, мы ўжо маглі б плаціць сабе заробкі, але мы хочам развівацца. Умоўна кажучы, мы свае заробкі рэінвестуем у развіццё выдавецтва, каб менш пазычаць грошай. Бо стартавага капіталу ў нас не было.
Нашы праекты пачалі прадавацца. І соннік, і пазл, і цяпер у нас здадзена ў друк настольная гульня «Я ніколі не…» Ужо надрукаваная і знаходзіцца ў дарозе кніжка па гісторыі Беларусі на англійскай мове.
Усё павінна запрацаваць, патрэбна крыху часу. Выдавецкі бізнес не надта хуткі.
— Ці ёсць у Gutenberg Publisher спецыялізацыя?
— Пакуль у Беларусі зачыняюцца незалежныя выдавецтвы, мы мусім даваць магчымасць аўтарам друкаваць свае кніжкі, таму мы пакуль не імкнемся спецыялізавацца.
Аднак нас вельмі цікавяць настольныя гульні па-беларуску, мы б хацелі развівацца ў гэтым кірунку.
І заўсёды глядзім з любоўю ў бок навукова-папулярных кніжак. У ідэале, калі б мы маглі выбіраць, то мы б скіраваліся на навукова-папулярныя кніжкі для дзяцей і для дарослых. На падлеткавую літаратуру. Аднак гэта пакуль мары.
— Якім чынам вы распаўсюджваеце свае кнігі?
— Мы маем свой уласны інтэрнэт-сайт, дзе можна нешта замовіць, праз сацсеткі распаўсюджваем інфармацыю. І ў любую кропку свету мы адпраўляем замоўленыя выданні поштай.
Адзіная краіна, куды нельга адправіць нашы кнігі, гэта Расія. У Беларусь мы кнігі перасылаем. Пасылкі правярае мытня, ці там усё у парадку. А там усё ў парадку. Таму даволі хутка, праз сем, чатырнаццаць дзён, кніга трапляе да адрасата ў Беларусь.
Таксама прадаем і праз Allegro, аднак яно не працуе з Беларуссю і Амерыкай.
— Што дае ўдзел у кніжных кірмашах?
— Калі казаць пра камерцыйны бок, то мы больш разлічваем на анлайн-продажы, чым на кірмашы.
Мы не глядзім на кірмаш толькі як на месца продажу. Ён цікавы нам сустрэчамі, напрыклад, я шмат кантактаў завязала на гэтым кірмашы з польскімі выдаўцамі. Вядзецца праца на будучыню, на тое, што мы будзем рабіць праз год і праз два. Нейкія дамовы, кантакты, пошукі вытворцаў, друкароў… Пошукі свежых ідэй. Хочацца каб беларуская кніжка была ў трэндах, а пры яе вытворчасці ўжываліся максімальна цікавыя рашэнні.
Kamunikat.org – найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка, у якой за 22 гады яе існавання сабралі больш за 50 000 публікацый – кнігі, часопісы, газеты. Аднак заснавальнік Kamunikat.org Яраслаў Іванюк з нядаўняга часу пачаў выдаваць папяровыя кнігі.
— У чым прычына таго, што вы перайшлі на друк папяровых кніг?
— Друкаваць папяровыя кнігі прымусіла масавая эміграцыя з Беларусі, калі ў Польшчы і іншых краінах апынуліся дзясяткі і сотні тысяч беларусаў.
Я ад 2000 года займаюся інтэрнэт-бібліятэкай Kamunikat.org і яе лозунг, прыдуманы Алесем Камоцкім, гучыць так: «Беражы лес — чытай кнігі на «Kamunikat.org»».
І я ніколі не думаў, што мне давядзецца выдаваць папяровыя кнігі. Аднак заўсёды стараюся рабіць патрэбныя рэчы, а ў 2021 годзе высветлілася, што папяровая кніга — гэта вельмі патрэбная рэч.
Спачатку да мяне звярнуўся Уладзімір Някляеў з прапановай выдаць яго раман пра смерць Янкі Купалы «Гэй Бэн Гіном». Мы выдалі невялікім тыражом, і ўсе кнігі разышліся на сустрэчах з аўтарам, таму пазней дадрукавалі тыраж. Сёння на кірмаш я прывёз апошнія асобнікі кнігі Уладзіміра Някляева.
З раманам «Гэй Бэн Гіном» атрымаўся несумненны поспех, і мы вырашылі выдаваць папяровыя кнігі надалей.
Да гэтага рашэння мяне падштурхнуў і фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі, які год таму праходзіў у Кракаве. Я прыехаў на яго з шэрагам кніг, выдадзеных яшчэ ў Беларусі. І людзі адмыслова прыязджалі на Вілу Дэцыюша, якая зусім не ў цэнтры Кракава, каб набыць іх. У выніку пасля я не меў з чым ехаць у Варшаву. Амаль усё разышлося.
А ў жніўні, у дзень народзінаў Уладзіміра Арлова, мы выдалі кнігу «Ордэн белай мышы». Яна вельмі добра разыходзілася, і мы пачалі перавыдаваць кнігі Арлова, а цяпер маем дзве новыя — другую частку «Айчыны» і дапоўненыя «Імёны свабоды».
На гэты кірмаш мы прыехалі з чарговым перавыданнем «Таямніц полацкай гісторыі» Уладзіміра Арлова. У мінулым годзе выпусцілі кнігу «(Не)растралянныя» — пра беларускіх літаратараў, забітых у 1937 годзе. Маем таксама зборнік вершаў Ганны Янкуты «Канстытуцыя» і перавыдадзеную «Мову» Віктара Марціновіча.
І высвятляецца, што гэта тое, што патрэбна беларусам, якія з’ехалі ў Польшчу.
— Што дае ўдзел у кніжных кірмашах?
— Галоўнае — сустрэчы з людзьмі, бо пакупнікі шукаюць для сябе нейкую літаратуру, і гэта можа стаць падказкай для выдаўцоў.
Мы невялікае выдавецтва. Мы нават не выдавецтва, а фонд. Аднак пры гэтым нашы кнігі хутка разыходзяцца.
— А якія выданні найбольш паспяховыя, паводле вашых назіранняў, на варшаўскім кірмашы?
— На ўсіх кірмашах вялікім попытам карыстаецца гістарычная літаратура. І навуковая, і навукова-папулярная. Аднак я пакуль не маю адказу на пытанне, ці навуковая літаратура, выдадзеная ў Польшчы па-беларуску, будзе дастаткова запатрабаванай.
Дзіцячая літаратура заўсёды выклікае зацікаўленасць, але мы яе яшчэ не выдавалі. Ёсць іншыя выдавецтвы. Напрыклад, Gutenberg у Кракаве, магчыма, яны гэтым зоймуцца.
Перакладную літаратуру таксама не плануем выдаваць. Андрэй Янушкевіч робіць гэта выдатна, ён мае досвед працы з аўтарскім правам, мае і перакладчыкаў.
Канкрэтных планаў я вам не скажу. Ці нехта планаваў, што па 2020 годзе столькі людзей выедзе з Беларусі? Калі б не гэта эміграцыя, я б не ўзяўся за друк папяровых кніг.
Бо з аднаго боку, з’явіўся чытач.
З іншага, у Беларусі такія кнігі немагчыма выдаць. Раман Уладзіміра Някляева ў канцы 2021 года адмовіліся браць усе выдавецтвы ў Беларусі.
Першая частка «Айчыны» Уладзіміра Арлова была прызнана экстрэмісцкай. Не факт, што другую частку, нават без ілюстрацый, можна цяпер выдаць у Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram