21 снежня Музей Вольнай Беларусі і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку запрашаюць на адкрыццё выставы «Строй» Кацярыны Ваданосавай.
Выстава прадставіць 14 рэканструкцый строяў з перыяду ад ХІ да пачатку XX стагоддзя. Сярод іх — і адзенне полацкай княгіні, і юнай каралевы Боны, і шляхцянкі часоў паўстання 1863-1864 гадоў, і строі беларускіх сялян.
Кацярына Ваданосава пасля падзей 2020 года вымушана была эміграваць з Беларусі. У Беластоку яна стварыла сваю Школу традыцыйнага строю. Яе гістарычныя строі — гэта і мастацкі твор, і вынік навуковага даследавання. Яны выкананыя з выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў і тэхнік працы з тэкстылем, такіх, як вышыўка, ткацтва, шытво, крой, вязанне і пляценне.
Кожны элемент адзення і аксесуар мае адпаведнік у гістарычных крыніцах. А кожны манекен суправаджаецца мастацкай гісторыяй: аўтарка спрабавала ўявіць, што за чалавек насіў гэты строй, што за падзея ў яго жыцці абумовілі выбар гэтага касцюма.
Вернісаж уключае аўтарскую экскурсію Кацярыны Ваданосавай і канцэрт, у праграме якога — яе музыка і песні, натхнёныя беларускай гісторыяй.
Выстава спачатку адкрылася ў польскім Цеханаўцы, а пазней працавала ў Беластоку.
Удзельнікі канцэрту: Кацярына Ваданосава — вакал, духавыя; Стэфанія Ваданосава — вакал, скрыпка; Ігар Палынскі — гітара;
Аляксандра Канафальская — пескаграфія.
Выстава будзе адкрыта з 21 снежня 2024 года да 19 студзеня 2025 года.
Дата: 21 снежня
Час: 17.00
Месца: Музей Вольнай Беларусі, вул. Foksal 11, Варшава.
Уваход вольны.