«Каб суседзі бачылі, што гэта не іх дом». Перакладчык Сяргей Шупа — пра моўны ўказ Пуціна і пра тое, чаму гэта нас датычыць напрасткі

У Расіі зацвердзілі асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі. Дакумент, які вызначае рускую мову як аснову расійскай дзяржаўнасці, непарыўна звязанай з традыцыйнымі духоўна-маральнымі каштоўнасцямі краіны, выклікаў занепакоенасць у беларускіх гуманітарыяў.

Паводле дакумента, Расія плануе прасоўваць рускую мову як «мову міжнацыянальных зносін» на постсавецкай прасторы, а таксама ставіць за мэту пашыраць устойлівыя культурныя, навуковыя і адукацыйныя сувязі не толькі з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой, але і з замежнымі грамадзянамі, «якія валодаюць рускай мовай і падзяляюць традыцыйныя расійскія духоўна-маральныя каштоўнасці». Паводле расійскіх ідэолагаў, валодаць рускай мовай і падзяляць традыцыйныя расійскія духоўна-маральныя каштоўнасці – як правіла азначае адно і тое ж.

Такім чынам, адна з мэтаў указа — умацаванне статусу рускай мовы ў краінах, дзе яна з’яўляецца афіцыйнай або шырока выкарыстоўваецца.

Філолаг, перакладчык Сяргей Шупа з нагоды публікацыі ўказа эмацыйна выказаўся ў Фэйсбуку, напісаўшы своеасаблівы зварот да расейскамоўных беларусаў: «Вы пакідаеце незамкнёнымі дзьверы хаты, за якімі ўжо стаіць кодла бандытаў і рабаўнікоў. І няважна, як вашу расейскамоўнасьць ацэньваеце вы або я, важна — як яны. І — ніхто нікога не прымушае і не падганяе. Гэта проста момант, каб падумаць пра культуру і цывілізацыю».

Колькасць носьбітаў расійскай мовы ў Беларусі даволі істотная, таму даводзіцца чакаць яшчэ большага пашырэння сувязяў з расійскімі структурамі – адукацыйнымі, культурніцкімі, пасля чаго, як паказвае практыка, варта чакаць «сувязяў» зусім іншага кшталту.

Паводле апытанняў беларускую мову лічылі роднай у 1999 годзе – 85,6%, у 2009 – 60,8%, у 2019 – 61,2% жыхароў краіны.

На беларускай мове навучаецца каля 10% вучняў школ.

Апытанне, праведзенае Chatham House у лютым 2023 года, паказала, што толькі каля 6% беларусаў згодныя з тым, што беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай, яшчэ 10% часткова згодны з гэтай тэзай.

Значная частка людзей у Беларусі мяркуе, што адрозніваецца ад расіян найперш менталітэтам (спакойныя і міралюбныя), а таксама тым, што ў нас свая ўласная руская мова з «шуфлядкай», «сабойкай» і «жменькай».

Ці гэтага сёння дастаткова?

Што адбудзецца з Беларуссю, калі межы краіны не будуць акрэслены лінгвістычна?

У інтэрвю нашаму выданню Сяргей Шупа закрануў пытанне пра тое, ці трэба нацыі родная мова, каб «не ўмерці».

«Калі новыя нацыі занялі сваё трывалае месца на палітычнай карце Еўропы, этналінгвістычны прынцып пачаў успрымацца як перажытак. Слова «нацыяналізм» набыло негатыўнае адценне, з’явілася ідэя грамадзянскай нацыі, — тлумачыць Сяргей Шупа. — Напрыклад, калі ў 1920-х Літва пачала ствараць сябе як мадэрную нацыю, у Коўне, сталіцы Літвы, толькі 8 працэнтаў насельніцтва гаварыла па-літоўску.

Нацыі было неабходна чым хутчэй «літуанізавацца», таму ў развіцці навукі і культуры яны стараліся як мага адгарадзіцца ад усяго нелітоўскамоўнага, якое ўспрымалася як чужое. Але прайшоў час, і літоўцы сёння могуць сабе дазволіць, напрыклад, польскамоўныя і старабеларускія помнікі пісьменства ўспрымаць як не чужыя, як прыналежныя да гэтай цывілізацыйнай прасторы – Вялікага Княства Літоўскага. У 1920-х такое было абсалютна немагчымым».

Сёння гісторыя нібы вярнулася ў ХХ стагоддзе: Расія напала на Украіну, пачалася расійская імперская рэканкіста. Сяргей Шупа тлумачыць, што цяпер таксама адбываецца вайна гістарычных наратываў, таму лінгвістычны складнік нацыі перастаў быць анахранізмам.

«Зноў паўстае пытанне мовы, — сцвярджае філолаг. — На сцягах імперцаў напісана, што кожны, хто гаворыць па-руску, уяўляе сабой частку рускага народа, усё рускамоўнае належыць Расіі. І нашы нацыі – украінская і беларуская, дзе рускамоўнасць яшчэ зусім нядаўна была звыклай пашыранай з’явай, – апынуліся ў новай сітуацыі.

Лінгвістычны складнік нацыі нечакана перастаў быць перажыткам ХХ стагоддзя, а зноў пастаўлены на парадак дня гэтай расійскай агрэсіяй, задача якой − «вызваліць» усіх рускамоўных ад «чужынскага прыгнёту».

І беларусы, якія спрабавалі згладзіць свае моўныя канфлікты, якія казалі, што няважна, на якой мове чалавек размаўляе, галоўнае, каб ён быў за незалежнасць, паўсталі перад выбарам. Адзін палітычны дзеяч некалі прамовіў, што кожны беларус, які гаворыць па-руску, страляе ў свой народ.

Гэта можа і выглядае пэўным перабольшаннем, але сёння пытанне мовы паўстае вельмі сур’ёзна, хоць і няварта апісваць яго такой метафарай. Я б сказаў так: прынцыпова рускамоўныя людзі не страляюць, безумоўна, у свой народ, але неабачліва пакідаюць незамкнёнымі дзверы, за якімі ходзяць рабаўнікі, злодзеі і забойцы, якія ў любы момант могуць праз гэтыя дзверы зайсці ў нашу хату і сказаць, што «тут усё нашае».

Прычым важна разумець, што калі беларуская мова стане дзяржаўнай, ніхто не будзе прымушаць на ёй размаўляць − тут у некаторых людзей уладная прапаганда спараджае неапраўданыя фобіі, такім я раю пачытаць Закон аб мове 1990 года, там усё ясна прапісана. Але ў краіне з гэтым павінен быць парадак. Межы краіны павінны быць акрэслены ў тым ліку лінгвістычна. Каб суседзі адразу бачылі, што гэта не іх дом, што тут свая мова. Вось жа, сёння мова − надзвычай важны фактар захавання незалежнасці», — падсумоўвае Сяргей Шупа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!