«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення

Главное
Імпрэза з нагоды 80-годдзя перасялення палешукоў у вёсцы Бялкаў. Фота: Гжэгаж Саўко.

«Да сёння ў многіх дамах мы гаворым «па-своему», — кажа Станіслава Галаўко, жыхарка вёскі Бялкаў, размешчанай непадалёк ад польска-германскай мяжы. Беларускі гурт «Касары» прыехаў з Варшавы на адзначэнне 80-й гадавіны перасялення жыхароў некалькіх палескіх вёсак з Беларусі на захад Польшчы. Польскі Бялкаў дасюль насяляюць беларускія палешукі, а іх дзеці і нават унукі памятаюць пра свае карані.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Імпрэза ў вёсцы Бялкаў з нагоды 80-годдзя перасялення палешукоў. Фота: Гжэгаж Саўко.

1945-ты: гісторыя пераезду

Пасля Другой сусветнай вайны ўсталяванне новых межаў Польскай дзяржавы выклікала велізарную хвалю вымушаных перасяленняў польскага насельніцтва з Заходняй Беларусі. У польскай гістарыяграфіі гэта аперацыя вядомая як «выгнанне палякаў з Усходніх Крэсаў» (Wysiedlenie Polaków z Kresów Wschodnich).

Чаму палешукі – жыхары беларускай вёскі Пецялёва — прылічылі сябе ў 1945 годзе да палякаў, сябры гурта «Касары» распытваць не сталі, бо ўбачылі, наколькі выразную палескую ідэнтычнасць маюць гэтыя перасяленцы, асабліва старэйшага пакалення. Перапіс насельніцтва, праведзены ў Польшчы ў 1935 годзе, засведчыў, што больш за палову жыхароў вёскі Пецялёва ідэнтыфікавала сябе як «тутэйшыя» (пра гэта кажа кніжка, выдадзеная былымі жыхарамі вёскі і іх дзецьмі), і толькі каля 15 працэнтаў – як палякі. Аднак выехалі жыхары з родных месцаў пад уплывам абставін.

Вёска лічылася заможнай, і ў 1941 годзе савецкія ўлады праводзілі чарговы этап дэпартацыі – чацвёрты з часу ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Яны пасадзілі ў таварныя вагоны заможных сялян цяперашняга беларускага Палесся і планавалі іх выслаць у Сібір. Дата высылкі была прызначаная на 22 чэрвеня 1941 года, але людзям, можна сказаць, «пашанцавала»: нямецка-фашысцкія захопнікі вызвалілі палешукоў проста з арыштанцкіх вагонаў. Вяскоўцы засталіся жыць у сваіх хатах на сваёй зямлі. Але ў 1945 годзе савецкія ўлады прапанавалі ім выбар: альбо выязджайце на Захад, альбо дэпартуем у Сібір.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Сумеснае пляценне вянкоў на свяце ў вёсцы Бялкаў. Фота: Гжэгаж Саўко.

На Захад Польшчы палешукі прыехалі згуртаванай групай, у асноўным з вёсак Пецялёва, Рагачы, Вугляны, Кашалёва тагачаснага Пружанскага павета. Сярод неабходных у гаспадарцы рэчаў у таварных вагонах везлі вышытыя ручнікі, абразы і народнае адзенне.

Сёння ў Бялкаве з таго пераезду засталася ў жывых і пры памяці толькі пані Станіслава — жыхарка былога Пецялёва. Аднак польскія журналісты звярнулі ўвагу на палескіх перасяленцаў крыху раней, калі можна было пагаварыць з больш сталымі людзьмі, што памяталі даўняе жыццё ў Беларусі. Так, захаваліся ўспаміны Марыі Дабрынеўскай, якая згадала, што вёска Пецялёва перад Другой сусветнай вайною мела некалькі дзясяткаў дамоў. Знаходзілася на невялікай выспе, аточанай балотамі і лясамі. Калі зіма надыходзіла, то можна было перамяшчацца паміж вёскамі без перашкодаў, а калі не было лёду, то перамяшчаліся на чоўнах і перавозілі з іх дапамогаю коней і свойскую жывёлу.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Адкрыццё этнаграфічнага музея, прысвечанага культуры і побыту Палесся. Фота: Гжэгаж Саўко.

Кніга, выдадзеная мясцовымі жыхарамі ў 2013 годзе, «Пецялёва. Гісторыя, страчаная незваротна» поўніцца падобнымі ўспамінамі. Пачатак аповеду пра вёску нечым нагадвае сюжэт касмаганічнага міфа: «Сярод балот і падмоклых лугоў на захад ад Сігневіч вілася малая рачулка Вінец. З поўдня прылягаў да яе невялікі пагорак, на якім нашыя продкі ўзвялі свае дамы».

У кнізе апісваюцца навакольныя краявіды, размяшчэнне хатаў і пабудоў, дарога да касцёла, самаідэнтыфікацыя (палешукамі іх называлі суседзі) і палеская мова (асобная і адрозная, хоць і вельмі падобная да беларускай).

Вёска Пецялёва, што ляжала на тэрыторыі цяперашняга Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1562 годзе, хоць заснаваная была нашмат раней. Пасля ад’езду жыхароў на яе месцы застаўся адзін хутар, які праіснаваў да 1970-х.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Жыхары вёскі разглядаюць здымкі сваіх бацькоў і дзядоў, вывезеныя з малой радзімы. Фота: Гжэгаж Саўко.

«Я была некаторы час таму ў тым месцы, дзе было маё Пецялёва, — расказвала Марыя Дабрынеўская польскім журналістам. — Ну, ніякіх слядоў, засталася толькі адна хаціна, у якой жыла пажылая жанчына, якая не з’ехала. Там, дзе былі нашы дамы, шамацела зерне, заставалася нейкае старое фруктовае дрэва…»

У 1945 годзе вяскоўцы ад’ехалі ў невядомы свет ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская. У памяць пра гэта ў польскім Бялкаве яны ўсталявалі інсталяцыю з кавалкам чыгункі — рэйкі са шпаламі, таблічка з назвай чыгуначнай станцыі…

Паводле ўспамінаў старажылаў, цягнік з рэпатрыянтамі спыніўся ў Познані. Беларускія вяскоўцы выбралі адну з трох магчымых дарог, бо гледзячы на карту, адчулі, што гэтая зямля больш за ўсё нагадвае іх родныя мясціны. Даехалі да Цыбінкі, тут заканчваліся рэйкі, адчаплялі ад вагонаў паравозы, людзі выйшлі. Цыбінка – горад непадалёк ад Бялкава. У гэтых мясцінах і рассяліліся ўраджэнцы Беларускага Палесся.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Роспіс, на якім увасоблена сям’я перасяленцаў. Фота: Гжэгаж Саўко.

У вёсках былі дыхтоўныя дамы з чырвонай цэглы, пакінутыя нямецкімі жыхарамі. Аднак новыя пасяленцы не адчувалі ні камфорту, ні ўпэўненасці, шмат хто з іх доўга, а некаторыя – усё жыццё, не распакоўвалі куфры з рэчамі. Чакалі, што іх высяляць з гэтых дамоў і зноў дэпартуюць. Бо аднойчы такая гісторыя з імі ўжо адбылася, да таго ж гэта быў час, калі лёс «вернутых тэрыторый» быў няпэўным.

Іх дзеці не зведалі такога страху, яны пачалі жыць паўнавартасным жыццём у тых нямецкіх дамах. Яны стаяць да гэтага часу, хоць некаторым з іх больш за сто гадоў…

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Імпрэза з нагоды 80-годдзя перасялення палешукоў у вёсцы Бялкаў. Фота: Гжэгаж Саўко.

Памяць пра Палессе

Нашчадкі палескіх перасяленцаў дасюль рупліва захоўваюць памяць пра сваіх бацькоў, дзядоў і незваротна страчаную малую радзіму. Нягледзячы на тое, што прайшло 80 гадоў з моманту пераезду ў польскі Бялкаў, палешукі, што прыехалі з Беларусі, іх дзеці, а часам і ўнукі не забыліся пра свае карані, узнавілі традыцыі і захавалі мову.

Напачатку гэтаму спрыялі абставіны: большасць перасяленцаў з Палесся не ведалі польскай мовы і жылі ў герметычным свеце, прытрымліваючыся сваіх прынцыпаў і традыцый, сваёй кухні. Былі семі, якія забаранялі сваім дзецям размаўляць на палескай мове, аднак такіх было няшмат. Неўзабаве пасля пераезду жыхары стварылі мясцовы хор «Крынічанька».

Жыхарка Бялкава Марыя Дабрынеўская расказвала польскім журналістам: «Мне было тры гады, калі мы прыехалі сюды, так што адтуль я мала што памятаю, але бацькі паклапаціліся, каб я ведала ўсё, што трэба, і вывучыла палескую гаворку. А цяпер мы павінны перадаць гэтыя веды нашым дзецям і ўнукам».

У памяць пра палескіх перасяленцаў у вёсцы Бялкаў высадзілі алею дрэваў, а ў 2011 годзе стварылі Таварыства аматараў Палесся і Бялкава. Яго мэтай стала захаванне спадчыны палешукоў.

Таварыства выдае кніжкі, у якіх апісваецца гісторыя перасялення і цяперашняе жыццё вёскі Бялкаў. Сярод іх «Палескі песеннік» і «Палескі слоўнік». Таварыства праводзіла навуковыя канферэнцыі, на якой гучалі выступы аб абароне і выратаванні ад забыцця культурнай спадчыны былога Палесся. Запісалі некалькі відэа: «Палессе – страчаны Рай» і «Палессе — расстанне».

Жыхары ўзнаўляюць традыцыйныя абрады, напрыклад, абрад жніва і выпякання вясковага хлеба.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Свята, прысвечанае жніву. 2016 год. Фота: facebook.com/TowarzystwoMilosnikowPolesiaIBialkowa

Станіслава Галаўко падаравала гурту «Касары» зборнік палескіх песень, якія сама спявала. «Касары» — мужчынскі гурт, які выконвае песні розных рэгіёнаў, але таксама і палескія. Некалькі чалавек паходзіць з тых мясцін. Спевы гурта пані Станіслава пазнала і была ўсцешаная тым, што з адным беларускім музыкам удалося пагаварыць «по-своему», то-бок на палескай мове, згадаць адны і тыя ж вёскі. Выехаўшы з бацькоўскіх мясцін у малым узросце, жанчына ніколі не мела магчымасці наведаць сваю малую радзіму.

Дарэчы, Таварыства аматараў Палесся і Бялкава ладзіць агульнапольскія зезды колішніх жыхароў Палесся ды іх нашчадкаў. Напрыклад, так на іх фэйсбук-старонцы выглядае адно з калядных віншаванняў: «Усім палешукам з Бялкова, Цыбінкі, Гожува Велькапольскага, Шчэціна, Бельска-Падляскага і іншых тэрыторый нашай краіны і з Беларусі жадаю здаровых, ціхамірных святаў Божага Нараджэння».

Ці ведаюць беларускія палешукі, што іх віншавалі з Калядамі суайчыннікі з-пад нямецкай мяжы?

Часткова так, бо на агульнапольскія з’езды ў Бялкаў часам прыязджаюць музыкі з Беларусі.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Імпрэза з нагоды 80-годдзя перасялення палешукоў у вёсцы Бялкаў. Фота: Гжэгаж Саўко.

Імпрэза

У 2025 годзе ў Бялкаве ўрачыста адзначаюць 80-годдзе перасялення палешукоў. Было запланавана некалькі мерапрыемстваў. Першае адбылося ў траўні, а другое — 27 чэрвеня.

На другую імпрэзу «Касароў» запрасіў мясцовы жыхар, сын перасяленца Гжэгаж Саўко«бо трэба, каб гучалі палескія спевы».

Напачатку свята ўрачыста адкрылі мясцовы этнаграфічны музей імя Міхала Макухы, а таксама прэзентавалі роспіс, на ім мастак Аркадзь Андрэйкаў намаляваў сям’ю Вярышкаў, якая пераехала з Пецялёва і, паводле Гжэгажа, «прыняла важкі ўдзел у фармаванні мясцовай супольнасці».

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Выступ гурта «Касары». Фота: Гжэгаж Саўко.

Пасля адбыўся канцэрт гуртоў «Валачобнікі» і «Касары». «Гэта канцэртная частка была вельмі ўтульная і цёплая, камерная. Гэта была ідэя Гжэгажа, каб выступоўцы былі бліжэй да слухачоў. Атрымалася вельмі добра. Гэта адзін з нешматлікіх нашых выступаў, калі атрымалася стварыць цёплую, утульную, хатнюю атмасферу», — згадваюць музыкі.

«Каб не забыліся, адкуль прыехалі»: палешукі з вёскі на польска-германскай мяжы адзначылі гадавіну перасялення
Выступ гурта «Касары». Фота: Гжэгаж Саўко.

«Палескія карані ў нас у парадку, — падсумаваў імпрэзу мясцовы жыхар. — Многія гады бацькі перадавалі дзецям традыцыі, якія яны вынеслі з роднага дому, бо гэта адзіны спосаб іх выратаваць. А яны вельмі прыгожыя».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости