Эфект Мадура: як арышт дыктатара ператварыў спартыўны касцюм Nike у дэфіцыт тыдня

Пакуль сусветныя лідары абмяркоўваюць палітычныя наступствы арышту і экстрадыцыі Нікаласа Мадуры, амерыканскі брэнд Nike атрымаў самую нечаканую рэкламную кампанію ў сваёй гісторыі. Шэры спартыўны касцюм, у якім венесуэльскага экс-лідара вывезлі ў ЗША, за лічаныя дні стаў бэстсэлерам.

Анатомія хайпу

Адразу пасля арышту Мадура фота затрыманага стала асновай для шматлікіх мемаў. Слоган «Just Coup It» і карткі «Steal the Look» імгненна зрабілі мадэль Nike Tech Fleece у колеры Heather Grey пазнавальнай ва ўсім свеце. Штуршком для гэтага паслужыла фатаграфія, апублікаваная Белым домам, дзе Мадура ў шэрым касцюме і ў кайданках трымае бутэльку вады ў верталёце.

4-5 студзеня значна вырасла колькасць пошуковых запытаў па тэгу Nike Tech, і на дадзены момант назіраецца «сіндром доўгага хваста» гэтай папулярнасці.

 

Так, сёння афіцыйным сайце Nike самыя папулярныя мужчынскія памеры Nike Tech ў шэрым колеры адсутнічаюць. Насупраць крайніх памераў (XS і XXL) вісіць папярэджанне: «Just a few left. Order soon» («Засталося вобмаль. Хутчэй заказвайце»).

Цікава, што кошт «папулярнасці» аказаўся не такім ужо і нізкім. На сайце вытворцы толькі штаны Men’s Open-Hem Fleece Trousers каштуюць €99.99. Калі дадаць да іх верхнюю частку, сума за камплект перавышае €200.

Сапраўдны пік камерцыйнага цынізму зараз назіраецца на eBay. Там пачалі з’яўляцца лоты, дзе прадаўцы наўпрост выкарыстоўваюць імя арыштаванага палітыка для прасоўвання тавару.

Напрыклад, ужываны камплект (pre-owned) з загалоўкам «MADURO ARREST JACKET Pants Tracksuit XL» выстаўлены за $150.00. Той факт, што пакупнікоў заахвочваюць набываць нават ношанае адзенне, толькі каб «патрапіць у трэнд», падкрэслівае маштаб іранічнай ліхаманкі вакол гэтай мадэлі.

Скрыншот з сайта eBay.

На гэтым жа рэсурсе зафіксаваная і прапанова Nike Tech Fleece Zipped Hoodie з паметкай «Maduro Arrest Style» па цане $225.00. Гэта амаль удвая перавышае афіцыйны рытэйл-кошт аналагічнай мадэлі.

Кульмінацыяй гісторыі стала з’яўленне «касцюма Мадура» ў крамах, якія спецыялізуюцца на рэпліках адзення з кіно. Напрыклад, папулярны рэсурс Danezon ужо запусціў у продаж «Nicolas Maduro Nike Tech Fleece». Маркетолагі выкарысталі правераны прыём: на касцюм усталявалі «акцыйную» цану ў $129.00, заяўляючы, што раней ён каштаваў $259.00. Такім чынам, арышт дыктатара канчаткова ператварыўся ў камерцыйны прадукт, які прапануюць набыць як эксклюзіўны мерч па матывах галоўнага навінавага трылера года.

Скрыншот з сайта danezon.com.

Іронія мас-культуры

Чалавек, які гадамі змагаўся з «амерыканскім імперыялізмам», Нікалас Мадура ў выніку стаў мімавольным амбасадарам самага вядомага брэнда ЗША. Гэта іранічны фінал эпохі: дыктатар ідзе пад суд, а спажыўцы па ўсім свеце палююць на ягоную «ўніформу для экстрадыцыі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!