Якуб Колас у шынялі палкоўніка на ганку дома ў Мінску. Гэты рэдкі фотаздымак зрабіў у свой час малодшы сын класіка беларускай літаратуры, нябожчык Міхась Міцкевіч. Міхась Канстанцінавіч усё жыццё захапляўся фотаграфіяй і рабіў фотаздымкі сваёй сям’і і атачэння.
«Вось гэта, дарэчы, рэдкі здымак. Прыязджаў сябра брата Віталь Філіповіч, ваенны, я зняў з яго гэту «шкуру» палкоўніцкую, адзеў бацьку: «Давай цябе сфатаграфую!». Здымаў ля ўваходу ў музей [маецца на ўвазе Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, у якім жыў класік да сваёй смерці — Reform.news]», — распавядаў пра гэту фатаграфію Міхась Міцкевіч.
Па яго словах, Якуб Колас не любіў фатаграфавацца, але да захаплення сына ставіўся з павагай.
Частка фотаздымкаў з сямейнага архіву спадара Міхася яшчэ пры жыцці была аддадзена ў музей. Але невядома, што сталася з цэлай калекцыяй выбітнага вучонага, доктара тэхнічных навук Міхася Міцкевіча пасля яго смерці.
Распавядаючы пра свайго бацьку, Міхась Канстанцінавіч казаў, што той быў чалавекам неразгаворлівым і задуменным. Але гумар прымаў.
Сёння дзень памяці Якуба Коласа — 13 жніўня 1956 года аўтар «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», «Казкаў жыцця», трылогіі «На ростанях» пайшоў з жыцця. Ён памёр у сябе дома ў Мінску за пісьмовым сталом.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram