«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду

Главное
Воін кахання. 2023.

Таша Кацуба – прадстаўніца маладога пакалення мастакоў з неакадэмічным бэкграўндам. Чым, уласна, і цікавая.

Яе творчасць вельмі папулярная ў моладзі, бо закранае болевыя кропкі сталення і сацыялізацыі. Аднак калі раней гэта былі асобасныя праблемы росту, то цяпер дадаліся пытанні адаптацыі ў няпростых знешніх умовах. А ў Ташы – поўны камплект гэтых няпростых знешніх умоў: спачатку адзінота і спроба паразумецца з бацькамі, ну а пасля пачалося такое, на фоне чаго тыя праблемы здаюцца ёй цяпер дзіцячымі: Таша эмігравала ва Украіну, дзе яе заспела вайна. Пасля адбылося расстанне з каханым чалавекам і далейшая эміграцыя. Цяпер мастачка жыве ў Гданьску і спрабуе прыстасавацца да новых жыццёвых варункаў.

У варшаўскай Galeria Promocyjna Таша зладзіла выставу «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага» – як вынік творчай рэзідэнцыі PerspAktiv. Куратарка выставы – Вольга Мжэльская.

***

Ва ўсіх анатацыях і тэкстах да вашай выставы згадваецца ваш траўматычны досвед: пераезд з Беларусі ва Украіну, вайна і новая эміграцыя, адзінота і цяжкасці адаптацыі. Што вас «выцягнула» ўрэшце з таго стану адчаю?

– Я не магу сказаць, што я выйшла з гэтага стану. Хоць, канечне, я ўжо не тая, якой была месяц таму, калі толькі пераехала ў Польшчу. Аднак усё яшчэ адчуваю сябе ў падвешаным стане.

– Тое, што вы зрабілі выставу, хіба не азначае, што з дэпрэсіі вы выйшлі? Працягваеце працаваць.

– Я не магу не працаваць. Калі я ўвогуле нічога не раблю, мне становіцца нашмат горш.

Творчасць – гэта як дыханне. Калі я ў стане ўстаць з ложка, то сілы на творчасць абавязкова знойдуцца.

Аднак калі зусім кепска, можна дазволіць сабе нічога не рабіць. А ў стане крызісу – звярнуцца да псіхатэрапеўта; мне, напрыклад, ён дапамог.

– А мастацтва выконвае для вас падобныя псіхатэрапеўтычныя функцыі?

– Так, вядома. Да таго ж гэта спосаб даведацца пра сябе нешта нечаканае, бо падчас творчасці адбываецца праца з падсвядомым.

Часам зраблю нейкую работу, а калі пагляджу на яе праз год, то разумею, што кожная дэталь там не проста так. Такім чынам я магу аналізаваць, у якім стане была год таму. Я быццам і не думала пра гэтыя рэчы, але яны вылазяць праз твор. А я вызваляюся ад таго, што мяне турбуе.

З іншага боку, творчасць можа і закопваць. Калі ты робіш вялікі праект, які займае паўгады ці год, ты з ім пастаянна – нават у думках. Трэба ўмець спыніцца і абстрагавацца, умець адпачываць. Аднак гэта вельмі складана – пераключацца.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Выстава «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага». Фрагмент экспазіцыі. 2023. Фота прадастаўлена аўтарам.

– Дык можа, і не трэба пераключацца? Падчас працы важна быць у патоку…

– Гэта псіхалагічна і фізічна цяжка: я кепска сплю і мала ем. А калі нейкі праект завяршаецца, тады становіцца добра. Як з перформансам на адкрыцці маёй выставы: калі ён закончыўся – прыйшло пачуццё вызвалення.

– Цела не дазваляе пагрузіцца ў мастацтва цалкам і адысці да рэальнасці?

– Мастацтва – не адыход ад рэальнасці: мае пачуцці, эмоцыі, думкі – гэта вынік таго, што я назіраю і перапрацоўваю. У гэтым перапрацаваным пасля і «варуся». І тое, што адбываецца звонку непасрэдна цяпер, на мяне таксама моцна ўплывае.

Атрымліваецца такі комплекс унутраных і знешніх праблем.

Раней работы былі скіраваны толькі на мае ўнутраныя праблемы. Цяпер мая творчасць стала больш сацыяльна вострай, я закранаю і палітычныя, і сацыяльныя пытанні. Пакуль ёсць нейкая праблема, не супакойваюся і пастаянна да яе вяртаюся.

– А што стала пераломнай кропкай змены фокусу? Шчыра прызнаюся: я не люблю творчасць маладых з іх самакапаннямі ў асабістых адчуваннях. Хоць і разумею, што гэта цалкам нармальны і неабходны этап сталення. Проста церпіш і назіраеш, што з гэтага мастака атрымаецца… Аднак зварот да палітычнага, да сацыяльнага, гэта тое, што можа зацікавіць розныя пакаленні. І моладзь часам з гэтага і пачынае – з сацыяльна ангажаваных твораў.

– Усё, што я цяпер раблю на палітычныя тэмы, – гэта таксама маё асабістае.

А калі быў пераломны момант? У сакавіку 2020 года ў мяне была персанальная выстава ў Мінску. І тады я пачала больш займацца адзеннем. Да гэтага ў мяне былі тэмы абстрактна-чалавечыя – любоў, дом, бацькі, адзінота. Хоць яны і асабістыя, аднак гэта тое, што нас яднае. І гэтыя мае асабістыя тэмы ў гледачоў адгукаліся.

І калі ў 2020 годзе, перад пратэстамі, стала адчувацца напружанне, я сшыла касцюм добрага амапаўца, а ён раптам «выстраліў», я не чакала такой рэакцыі. Выклала касцюм 7 жніўня, а сшыла яго напрыканцы чэрвеня. Гэта было раней, чым пачаліся пратэсты. З аднаго боку, гэта быў жарт, з іншага – я такім спосабам хацела выказаць сваю патрэбу ў большай чалавечнасці з боку праваахоўных органаў.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Добры амапавец. 2020. Фота прадастаўлена аўтарам.

– Сур’ёзна? Гэта ж відавочны, адкрыты сцёб! Хоць, з іншага боку, вельмі многія былі наіўныя падчас пратэстаў, згадаць тую сітуацыю, калі дзяўчаты кінуліся амапаўцаў абдымаць.

– Гэта не пра наіўнасць, а пра любоў і надзею. Пра нешта светлае, чыстае. У гэтым ёсць сіла – калі ўсе выходзілі з кветкамі. Абняць амапаўца – гэта таксама моцны ўчынак.

– Ружовы амапавец не страціў для вас свайго сэнсу?

– Не, не страціў, я нядаўна паказала яго на выставе ў Лодзі. Хоць цяпер мяне хвалюе іншая тэма – вайна. І тэма зброі мяне не адпусціла, я працягваю шыць зброю і тыя рэчы, што патэнцыйна могуць прынесці шкоду. Гэты тэкстыль мяккі, аднак не цацачны, а даволі ўрачысты. Пасыл гэтых твораў той жа: давайце станем больш добрымі, звернем увагу на іншых людзей, давайце любіць, а не чыніць гэтае дзікунства.

– Суправаджальныя тэксты на вашай выставе – пра вайну, пра смерць. Як з’явіліся гэтыя творы? У якой краіне? Што папярэднічала?

– Большасць работ на выставе зроблена ў Кіеве да вайны. Яны – пра эміграцыю: як я, беларуска, адчуваю сябе ў іншай краіне. Але ўжо пераехаўшы сюды, зразумела, што вайна – гэта частка маёй эмігранцкай гісторыі. Калі я стварыла гэтую серыю, убачыла, што першая работа – амаль белая, а апошняя – амаль чорная. Так творы дапамаглі мне зразумець, што са мной адбываецца.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Выстава «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага». Фрагмент экспазіцыі. 2023. Фота прадастаўлена аўтарам.

– Калі гэтыя работы не пра вайну, чаму яны стаяць на ўмоўных мяшках з пяском?

– У параўнанні з тым, што адбывалася потым падчас вайны, усе ранейшыя эмоцыі і пачуцці для мяне ўжо мала што значаць. Яны не маюць вагі, таму мы не вешалі перадваенныя творы.

А цяпер я перажываю іншыя эмоцыі, і чым больш праходзіць часу, тым менш мне хочацца паказваць старыя працы – яны нібы не пра мяне.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Выстава «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага». Фрагмент экспазіцыі. 2023. Фота прадастаўлена аўтарам.

– Вы вельмі ўніверсальны мастак, як вы выбіраеце матэрыял для працы? Напрыклад, ёсць тэмы, якія патрабуюць увасаблення ў тэкстылі… Іншыя – праз жывапіс?

– Гэта не так працуе. Я ніколі сябе ў матэрыялах не абмяжоўвала. І хоць галоўным быў жывапіс, у сваіх карцінах я і ляпіла, і драпала, працавала з дрэвам і гіпсам.

Пасля 2020 стала больш займацца адзеннем. А па прыездзе ў Кіеў у мяне не было машынкі, я пачала шукаць дошкі на сметніках і купіла ў будаўнічым магазіне белы і чорны акрыл. У Беларусі засталося шмат розных інструментаў, я магла лепш сябе выявіць. У першай эміграцыі стала больш абмежаванай.

У Польшчы я купіла палатно для жывапісу, стала рабіць адзенне і тэкстыль. І нібы зноў да сябе вярнулася.

Што да перформансу. Да гэтага ў мяне таксама былі перфарматыўныя практыкі, але ў іншых фарматах. У 2017-м я малявала проста на выставе. Часта здымала відэазамалёўкі ў маіх касцюмах і выстаўляла ў інтэрнет. Гэта таксама перформанс, які адбываўся перад камерай.

Перформанс перад публікай у мяне прайшоў упершыню.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду

– Як з’явілася яго ідэя?

– Ідэя прыйшла яшчэ ў Кіеве, але не для перформансу, а для касцюма, для вобраза. Моцнага, жаночага, чырвонага. Мне захацелася чырвоныя сукенку, туфлі на абцасах і памаду.

Пасля мяне прынялі на рэзідэнцыю, і там я вырашыла, што хачу рэалізаваць гэтага воіна кахання і магу зрабіць перформанс. Да гэтага думала, што зраблю відэа з касцюмам.

Хоць ідэя змянілася, аднак я думала, што гэты праект пра сілу, незалежнасць, пра жаноцкасць і любоў, аднак аказалася, што ў гэтага вобраза ёсць адваротны бок – ён пра боль і адзіноту. Пра трывогу.

Усе тыя эмоцыі, якія я перажывала ва Украіне, былі глыбока схаваныя ад самой сябе. Да таго ж, пакуль ішла вайна, я была не адна і адчувала сябе больш-менш у бяспецы пад абаронай каханага. Аднак калі я пачала свой праект, усе гэтыя эмоцыі вылезлі. Сама ад сябе не чакала, што мне будзе настолькі кепска. Мне фізічна было кепска рабіць гэты касцюм. Я толькі праз нейкі час зразумела, чаму. Усё гэта было са мной, толькі прыхаванае.

– Падчас перформансу вы сядзіце ў крэсле ў чырвоных сукенцы і масцы і нічога не робіце. Транслююцца гукі вайны… Якой рэакцыі вы чакалі ад гледача?

– Я ніякай рэакцыі не чакала. Перформанс – гэта не заўсёды пра дзеянне, я ўвогуле была гатовая да таго, што ніхто не прыйдзе. Я рабіла яго для сябе. Мне трэба было знаходзіцца ў гэтым стане. Сесці там і падзяліцца ім. Хацела даведацца, што я буду адчуваць, калі падзялюся гэтым станам. Важна было сябе адчуць, а рэакцыя была менш важнай. Бо ўсе мае пачуцці – яны пра боль. Ім я не хацела дзяліцца. Мне сорамна дзяліцца маім болем.

– Так, ваш перформанс добра тлумачыў верш Анатоля Вольнага, што быў перад вамі: «З халодным сэрцам жыць прыгожа, а як с пякельным болем жыць? Магу дзяліць я радасьць з кожным, а гора з кім мне падзяліць?».

– Так, менавіта. Якое я маю права казаць, што мне кепска, калі я фізічна ніяк не пацярпела? Як беларуска, дзяржава якой на баку агрэсара, якое я маю права дзяліцца сваім болем! Сама сябе так забівала, грызла. Да таго ж гаварыць з людзьмі мне цяжка, мне складана словамі выказаць, што я адчуваю.

Перад адкрыццём я стала сумнявацца, ці мае сэнс усё гэта паказваць, бо я зразумела, што гэта важна толькі мне. Адчула, наколькі моцны разрыў паміж мной і гледачом.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Перформанс «Воін кахання». Галерэя «Promocyjna». Фота прадастаўлена аўтарам.

– Так, падчас перформансу не з’яўлялася гэтага пачуцця, што вы нечым дзеліцеся.

– Аднак некалькі чалавек мне напісалі, што яны адчулі суперажыванне…

Гэта было важна найперш для мяне. Як і любы перформанс: ён павінен ісці знутры, іначай чым ён адрозніваецца ад тэатральнай ігры? Перформанс – пра нешта сапраўднае, пра асобу мастака.

– Вы пайшлі на даволі смелы крок, як рашыліся?

– Перад адкрыццем я зразумела, наколькі вялікая розніца паміж тым, што я адчуваю, і як гэта выгладае збоку. Мне ад гэтага стала вельмі балюча, я вырашыла, што маё мастацтва нікому не патрэбна. Людзі прыйдуць, паглядзяць і пойдуць дадому займацца сваімі справамі, а тыя грошы, што страціла на мантаж выставы, я магла б заданаціць ва ўкраінскі фонд.

Мне было кепска, і я напісала сваёй куратарца Лене Набароўскай, што я не бачу сэнсу дэманстраваць тое, што я раблю. Я хачу займацца творчасцю толькі для сябе, працаваць у шуфляду. І не бачу сэнсу нешта паказваць. Хацела проста знікнуць і не прысутнічаць на выставе. Такое са мной было ўпершыню, я ніколі не сумнявалася ў сваіх работах.

Калі раней я ведала, што тое, што раблю, кранае іншых, то ў сучасных абставінах вельмі складана рабіць выставы. Ёсць у гэтым нейкая крывадушнасць.

Цяпер я разумею, што, напэўна, нездарма зрабіла перформанс, таму што калі ён пачаўся, калі прыйшлі людзі, цёплая хваля па целе прайшла і я вызвалілася.

Хаця да гэтага, калі сядзела і чакала, калі чула, як людзі за дзвярыма праходзілі на выставу, была ўся халодная, а цела дрыжала. Я сябе прастуквала, каб цела адчуваць.

Куратарка прыехала з раніцы, яна размаўляла і пасля перформанса, гаварыла словы, якія важна было пачуць. Дзякуючы Олі і Лене ў мяне ўсё атрымалася.

– Які ў вас бэкграўнд, як вы навучыліся шыць і маляваць?

– Я вырасла ў вёсцы, і калі была ў дзявятым класе, пайшла на гурток малявання да выкладчыцы з горада. Да яе хадзілі маленькія дзеткі, і дасюль памятаю яе першыя словы, калі ўвайшла да яе ў пакой: «Вы, напэўна, дзвярыма памыліліся».

Я пачыла займацца, і мы сталі амаль сяброўкамі, а пасля яна звольнілася і парэкамендавала мяне выкладчыцы з мастацкай школы – вельмі строгай і рэлігійнай, яна пісала іконы.

І я пачала займацца з першым класам мастацкай школы, а вясной ужо працавала са сваімі аднагодкамі.

Я прайшла пяцігодку за адзін год і паступіла ва ўніверсітэт, хацела – на дызайнера адзення, але ў маіх бацькоў не было магчымасці аплаціць навучанне, таму вучылася на педагога па маляванні і чарчэнні.

Вельмі ўдзячна свайму ўніверсітэту, бо ў мяне былі вельмі добрыя выкладчыкі.

– А тэкстыль? Самі шыць навучыліся?

– Так, мела першы паказ у 2017 годзе, яшчэ ва ўніверсітэце. Я заўсёды шыла, з дзяцінства. У мяне бабуля шыла, вышывала і дываны ткала. Яна з Палесся, а там любяць упрыгожваць хаты. Я вырасла сярод гэтай прыгажосці.

І цяпер я таксама ўсе ўпрыгожваю, праўда, не хаты ці кватэры.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Салдат. 2020. Фота прадастаўлена аўтарам.

– Аднак ваш тэкстыль – гэта не пра ўпрыгажэнне. Вось вы кажыце: я шыла сукенку. Вашы сукенкі – як твор, як вобраз. Як карціна…

– Не, яны пра іншае. Чаму я пачала шчыльна займацца тэкстылем: мне захацелася сысці з гэтай рэальнасці. Калі я пераехала ў вёску, я стала шыць там не толькі касцюмы, а і звычайныя прадметы, бо мне захацелася стварыць свой свет – літаральна.

– Так, напрыклад, маскі – гэта пра імкненне быць не сабой.

– Не, якраз наадварот: гэта тая я, якая ўнутры.

Калі я трапіла на адпрацоўку пасля ўніверсітэта, мяне накіравалі ў невялікае мястэчка выкладаць у каледжы. Мне трэба было строга выглядаць і апранаць касцюм. Па вечарах я малявала, у мяне выходзілі вельмі яркія працы. Праз год я заўважыла, што ўсе яны – партрэты, а людзі на іх у масках.

І я зразумела, што гэта ўсё пра адзіноту. Мне не хапала размоў, не было сяброў. І на працы я апранала маску.

Алівія Лэнг у кнізе «Адзінокі горад» расказвае пра розных мастакоў, у харошым сэнсе хворых людзей (я яшчэ не настолькі хворая), і там ёсць фрагмент пра маскі. У ёй ты нібы закрываешся ад усіх, аднак маска яшчэ больш прываблівае погляды людзей, таму што ўсім цікава, што ж там за ёй. З іншага боку, маска адштурхоўвае, бо ты хаваешся.

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Салдат. Фрагмент. 2020. Фота прадастаўлена аўтарам.

І мой перформанс пра гэта – з аднаго боку я схавалася, з іншага – я вельмі моцна адкрылася.

Ва ўсім, што адбываецца, можна, як мінімум, знайсці два бакі. Таму кожны чалавек адшукаў у маім перформансе нешта сваё.

Нейкую яго грань праз сябе прапусціў. А некага зусім не кранула, бо ён не перажыў досвед вайны. А нехта перажыў, але бачыў зусім іншае. Але гэта не так важна – інтэрпрэтацыя гледачоў. Важна для сябе адказаць на пытанне: «Для чаго я гэта раблю?».

Мой куратар заўсёды пытае: «Для чаго ты гэта робіш, Таша? Прызнайся сабе шчыра».

І я адказвала сабе на гэта пытанне і працягвала рабіць.

Бо калі няма адказу на пытанне «Для чаго ты гэта робіш?», то навошта займацца мастацтвам.

Проста цяпер стала складаней знайсці адказ.

– Па знешніх ці ўнутраных прычынах?

– Больш знешніх, аднак з-за іх мае ўнутраныя прычыны не дазваляюць мне гаварыць.

– З-за стаўлення ўкраінцаў?

– Так, але гэта не галоўнае. Няма нечага галоўнага.

– Давайце разгледзім вашы мастацкія прыёмы: меч, што пратыкае руку, натуралістычныя слёзы з вачэй, матылькі і белая хваля духоўнага свету. Да якой традыцыі вы сябе далучаеце? Вы нібы ігнаруеце ўсю гісторыю мастацтва і спыняецеся на сярэднявеччы з яго натуралізмам…

Цяпер такія рэчы як, напрыклад, гіперрэалістычныя слёзы з вачэй, непрымальныя ў мастацтве…

– Якія могуць быць правілы ў мастацтве! Трэба займацца толькі тым, што з’яўляецца па-сапраўднаму важным для кожнага! І ўсім нам стане лягчэй, калі мы перастанем чапляцца адно да аднаго з такімі прэтэнзіямі!

«Якое я маю права дзяліцца сваім болем?»: мастачка Таша Кацуба – пра любоў і свабоду
Выстава «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага». Фрагмент твора. 2023. Фота прадастаўлена аўтарам.

– У вас ёсць любімы стыль, мастак? Што вас кранае?

– Мяне натхняюць іншыя медыі – паэзія, тэатр, кіно, без музыкі я і дня не магу пражыць. Натхняюць людзі і ўзаеамаадносіны.

Вельмі падабаецца Дэвід Лінч – і фільмы, і жывапіс. А таксама як чалавек з яго жыццёвымі прынцыпамі. Я глядзела яго лекцыі па медытацыі.

– У сваім жывапісе ён таксама не прытрымліваецца ніякай традыцыі…

– Ён вольны і не абмяжоўвае сябе ў матэрыялах. Уражвае, наколькі ён застаецца сабой нават у такіх несур’ёзных рэчах, як прагноз надвор’я. Яго фільмы далёка не іконы кінематографа, але якія правілы могуць быць у мастацтве?

– У вас багаты эмігранцкі досвед, можа, вы ведаеце адказ на пытанне, як заставацца сабой за мяжой, заставацца беларусамі, а не прадстаўнікамі дзяржавы-агрэсара?

– З аднаго боку, я хачу пагружацца ў беларускі кантэкст, развіваць беларускую культуру. Укладацца ў яе, паглыбляцца ў народную беларускую творчасць, каб яна стала часткай мяне, таму што я ў гэтым расла. А з іншага боку, я прапрацоўваю сваё пачуццё віны і мне хочацца адкінуць усё беларускае тут, у Польшчы. Я разумею, калі пражыву ў гэтай краіне яшчэ пяць гадоў, то, магчыма, стану польска-беларускім мастаком, і я не ведаю, будзе мяне гэта радаваць ці не. Я прадчуваю, што буду больш пагружацца ў польскі кантэкст, мяне пачынаюць хваляваць мясцовыя праблемы, напрыклад, тое, што цела жанчыны належыць дзяржаве, з’яўляецца пачуццё салідарнасці.

Ганаруся, цяпер складаней, але я стараюся ганарыцца, што я беларуска. Аднак у маім ідэальным свеце мне хацелася быць проста мастаком, без розніцы, адкуль я.

P. S.
Выстава «209 дзён шэрага: смерць цялеснага, неўміручасць духоўнага» сёння працуе апошні дзень. Яе ўрачыстае закрыццё  адбудзецца 28 студзеня ў галерэі Promocyjna з 16.00. да 18.00.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: