«Пазначаныя жоўтым» — музычны альбом невероднай моцы і болю стварыў праваабарончы цэнтр «Вясна» разам з камандай творцаў. Моцныя тэксты, музыка і галасы палітвязняў, якія гучаць у альбоме, запісы затрыманняў і судоў — усё разам збіраецца ў поліфанічны расповед пра чалавека ў страшных умовах гвалту лукашэнкаўскага рэжыму. Праз шэсць трэкаў плыткі — «Затрыманне», «Умовы», «Суд»», «Лісты», «Пасля вызвалення», «Дзеці» — паўстае цяжкая і невыносная прастора, у якой сёння знаходзяцца тысячы і тысячы беларусаў. «Пазначаныя жоўтым» — гэта магчымасць апынуцца ўнутры гэтай прасторы, адчуць боль, адчай і годнасць беларускіх палітвязняў.
Аўтаркай ідэі і менеджаркай альбома выступіла акторка Крысціна Дробыш. У камандзе — рэпер і аўтар тэкстаў Аngst, музыка і рэжысёр Арцём Ставер, праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук. У выкананні трэкаў узялі ўдзел акторы, музыкі, рэжысёры, сярод якіх — Андрэй Новік, Ксенія Галубовіч, а таксама былыя палітзняволеныя Алесь Папковіч і Алана Гебрэмарыям.
«Безумоўна, гэта не ўсе, хто прыняў удзел у працы над праектам, але, на жаль, у мэтах бяспекі мы не можам назваць імёны ўсіх», — адзначае «Вясна».
«Пазначаныя жоўтым» зацягвае і агаломшвае, прабуджае эмпатыю і злосць, раздзірае душу — і гэта, безумоўна, праз таленавітую працу каманды.
«Мы пастараліся пазбегнуць лірыкі і пафасу. Мы хацелі стварыць штосьці дакументальнае і максімальна набліжанае да рэальнасці, — распавяла пра ідэю «Пазначаныя жоўтым» Крысціна Дробыш. — Паказаць розныя бакі на розных стадыях гэтага беларускага шляху. Я дужа ўсцешаная, што сабралася шыкоўная каманда, каторая не проста пісала інструментал і перапрацоўвала вагоны тэкстаў, людзі кожны на сваёй глебе стваралі сапраўдную драматургію. Аніводнага лішняга слова, аніводнага лішняга гуку. І, напэўна, самае каштоўнае для мяне — гэта ўдзел саміх палітзняволеных у запісе. Галасы тых, хто зведаў гэта пекла знутры. Я дужа ўдзячная за смеласць і давер. Бо ні ў кога не было падобнага досведу запісу».
У кампазіцыях альбома можна пачуць бразгат кайданкоў Марыі Калеснікавай, абурэнне жыхароў «Плошчы Перамен» пры затрыманні Сцяпана Латыпава, голас Сяргея Ціханоўскага, сведчанні асуджанага па «справе Зельцэра» Арцёма Задруцкага, як чытаюць лісты да мамы і таты Насця і Ваня — дзеці палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча.
Рэпер Angst, які працаваў над тэкстамі, прызнаўся, што гэта было вельмі нялёгкай задачай.
«Хацелася паспрабаваць крыху іначай, чым калегі, падысці да стварэння тэкстаў, таму ў аснове ўсяго — рэальныя сведчанні і парады былых палітвязняў, прыватныя размовы і ўспаміны, а таксама літаратурныя адсылкі і алюзіі. Нехта пачуе адсылку да «Аднаго дня Івана Дзянісавіча» Салжаніцына, хтосьці — да «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча і «Споведзі» Ларысы Геніюш.
Тэксты, якія атрымаліся ў выніку, вядома, нельга назваць дакументальнымі ў поўнай меры, але ў іх аснове — непрыдуманы досвед многіх людзей, пацверджаны відавочцамі. Дарэчы, праверка матэрыялу, паказ напісанага тым, хто праходзіў праз усе гэтыя выпрабаванні, каб ацаніць мастацкую адпаведнасць — таксама частка працэсу. Мяркую, знойдуцца тыя, хто зможа ацаніць старанні ўсёй каманды, нягледзячы на няпростую тэму», — падзяліўся музыка.
Пра свой падыход да працы распавёў і музыка ды рэжысёр Арцём Ставер.
«Падчас напісання музыкі хацелася знайсці нейкі агульны падыход, каб там абавязкова быў эксперыментальны складнік, але драматургічна апраўданы ў кожнай з кампазіцый. І я вырашыў паспрабаваць перадаць стан лірычнага героя праз асаблівасці (тэхнічныя і мастацкія) выкарыстання гукаў […].
Але для таго, каб перадаць стан, трэба прынамсі яго зразумець. Для гэтага я пераглядзеў і перабраў вельмі шмат розных матэрыялаў па кожным кірунку, каб пазначыць сабе пэўныя кропкі, якія неабходна было, на маю думку, адлюстраваць. І гэта стоадсоткава была самая складаная частка маёй працы».
«Мы разумеем, як цяжка жыць у парадку рэпрэсій ужо больш за чатыры гады[…], — дадае праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук. — Але гэты альбом крычыць за тых, хто пакуль (ці ўжо) пазбаўлены права выказацца. У той час, калі рэжым прыкладае шмат высілкаў, каб прымусіць замаўчаць нават былых палітвязняў, «Пазначаныя жоўтым» распавядае трагічную гісторыю тысяч беларусаў і беларусак».
Слухаць альбом можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram