Як выглядае цяпер Палац Горватаў у Нароўлі — фотафакт

Слынны Палац Горватаў у Нароўлі хутка займее новы дах. Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў бізнесмен, саўладальнік сядзібы Пётр Кузняцоў. У снежні на помніку архітэктуры ўдалося стварыць дахавае лачанне па абодвух баках, зараз высілкі каманды, якая працуе над кансервацыяй і рэканструкцыяй будынка, скіраваны на тое, каб да наступлення Новага года дах Палаца быў цалкам закрыты. Таксама ў планах і металічнае пакрыццё страхі. Але гэтыя працы адбудуцца ўжо ў студзені 2025 года.

Нагадаем, што сёлета ўвесну Пётр Кузняцоў, нягледзячы на розныя чуткі наконт лёсу сядзібы, атрымаў ад Нараўлянскага райвыканкама дазвол на будаўнічыя працы на аб’екце. Гэта навіна моцна ўзрадавала каманду і яна ўзялася за рамонт кроўлі. Але завершыць хутка працы не ўдалося, бо «ўсё аказалася не так проста».

Нараўлянскі палац у лістападзе 2024 года. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова.

«Гады стаяння пад адкрытым небам прывялі да таго, што да дзевяці шэрагаў цаглянай кладкі ўверсе па перыметры проста рассыпаліся», — падзяліўся праблемай бізнесмен.

Але будаўнікі далі рады з кладкай за лета.

«За апошні час мы стварылі дахавае лачанне па абодвух баках Палаца, — зрабіў своеасаблівую справаздачу за год Пётр Кузняцоў. — Але была новая цяжкасць — вельмі доўга не атрымлівалася знайсці падыходзячы па характарыстыках кран для таго, каб падняць самыя вялікія фермы на цэнтральную частку і нарэшце канструкцыі злучыць».

Нараўлянскі Палац на пачатку снежня 2024 года. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова.
Нараўлянскі Палац на пачатку снежня 2024 года. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова.

У снежні рупліўцам удалося, нарэшце, падняць усе фермы на дах будынка. Каманда ўжо набыла метал і чакае добрага надвор’я, каб завяршыць будаўнічы сезон.

Нараўлянскі Палац на пачатку снежня 2024 года. Фота: сацсеткі Пётра Кузняцова.

Пётр Кузняцоў падкрэслівае, што надзвычай рады таму, што справа па аднаўленні Палаца Горватаў не спыняецца.

«Калісьці мы арганізуем выставу — як было і як стала. Крок за крокам», піша саўладальнік помніка архітэктуры і дзеліцца свежымі фота «памаладзелай» сядзібы.

Палац Горватаў шэсць дзён таму. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова.
Палац Горватаў сёння. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова.

Нагадаем, што палац Горватаў быў выкуплены ў 2020 годзе ТАА «Над Прыпяццю», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Андрэй ГорватАляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў. За пакупку палацава-паркавага ансамбля з аварыйным двухпавярховым будынкам палаца плошчай 1,5 тыс. кв. метраў з участкам больш за гектар (ён выдзелены ў арэнду на 50 гадоў) аднадумцы заплацілі 53 357 рублёў на электронным аўкцыёне. Пасля ад’езду Андрэя Горвата за мяжу з’явіліся плёткі, што ўсе працы на аб’екце спынены. Аднак Пётр Кузняцоў у 2023 годзе адпрэчыў гэту інфармацыю.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!