У Дзюсельдорфе ў мастацкай рэзідэнцыі «a271» адкрылася выстава аўтара з Беларусі пад мастацкім псеўданімам Anton Snt.
«Наша адчужэнне дасягнула той кропкі, калі ўсё, што мы можам зрабіць, гэта ўважліва ўзірацца ў тэхналогіі, як у люстэрка, спрабуючы разглядзець хоць бы выбліск або слабы пробліск саміх сябе; нешта, чаго мы не ведаем, што мы ведаем», — паведамляе анатацыя да выставы.
Reform.by пацікавіўся ў мультымедыйнага мастака Anton Snt., які працуе з відэа і гукавымі інсталяцыямі, спалучае жывапіс і «лічбу», пра яго бачанне развіцця віртуальных тэхналогій, якое ён увасобіў у сваёй выставе.
«Ёсць прадчуванне, што надыходзіць нешта цалкам новае і вялікае, што будзе мець уплыў на кожнага чалавека. Аднак гэта тое, што толькі прыходзіць, не да канца сфармавалася і не набыло канчатковай формы, таму і застаецца віртуальным», — тлумачыць Anton Snt.
Менавіта гэтае «нешта віртуальнае» і стала асноўнай ідэяй аўтарскага незавершанага праекта, які складаецца з дзвюх частак.
Першая мае назву «The inevitability of the pixelation of the Sun in the Mind» («Непазбежнасць пікселізацыі Сонца ў свядомасці»), а другая «AFTER MARK» — ад імя мастака з Нідэрландаў Марка Мандэрса (Mark Manders).
Аўтар лічыць яго вельмі важнай фігурай у сучасным мастацтве, які зрабіў глабальны ўплыў на ўсю мастацкую гісторыю: «Яго творчасць — мяркуе Anton Snt., — гэта транзіт паміж віртуальнай рэальнасцю і рэальнасцю віртуальнага».
Як любы прагрэсіўны мастак Anton Snt. не можа не ўлічваць сённяшнія драматычныя рэаліі, якія закранаюць мастацтва прамым ці ўскосным чынам, хоць аўтар і не прамаўляе наўпрост пра вайну ці супраць вайны: «Мая праца аб тым, што адбудзецца пасля вайны ва Украіне, і як тое, што яшчэ толькі адбудзецца ў будучыні, стала прычынай гэтай вайны».
У любым выпадку яго працы пра новыя тэхналагічныя хвалі, што чакаюць нас наперадзе, пра «новы ўзровень, калі мы пачнём размаўляць з машынамі, я маю на ўвазе камп’ютары і іншыя высокатэхналагічныя гаджэты, на іншай мове, больш дакладнай.
Пачнецца новая эра карыстання інтэрнэтам.
Таму я стварыў мадэль таго як можа выглядаць «рэальнасць віртуальнага» і як гэта рэальнасць віртуальнага структуравана ў нашым неўсвядомленым».
На пытанне, якія тэхналогіі ён выкарыстоўвае ў сваім праекце, мастак адказвае: «Узаемаразмяшчэнне і узаемадзеянне розных субстанцый, сутыкненні акалічнасцяў».
Сапраўды, з дапамогай якіх сродкаў можна перадаць імклівае развіццё сучасных тэхналогій, трансфармацыі чалавечага ўспрымання пад іх уплывам і нават сам працэс бачання, які змяняецца пад уздзеяннем новай оптыкі? Холадна, тонка і дакладна аўтар сумяшчае ў сваіх творах «сутыкненні» розных прастор — рэальнай, уяўнай і той, пра з’яўленне якой мы нават не здагадваемся.
Anton Snt належыць да першага пакалення мастакоў, якія пачыналі свой творчы шлях са з’яўленнем камп’ютараў, натхнёныя іх магчымасцямі. Яго творы — гэта пастаянныя рэканструкцыі і кампанаванні несумяшчальных аб’ектаў і тэхнік, якія злучаюцца ў нечаканых спалучэннях, а пасля распадаюцца, каб зноў сабрацца разам у цалкам новых аранжыроўках.
Праект мастака Anton Snt быў рэалізаваны ў Дзюсельдорфе на працягу 4 месяцаў у арт-рэзідэнцыі «a271».
Выстава будзе працаваць да 7 мая у памяшканні Ateliers Höherweg (Höherweg 271, Düsseldorf).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram