Пры аншлагу на пляцоўцы тэатра Komuna Warszawa напрыканцы мінулага тыдня прайшоў «міждысцыплінарна беспрынцыпны» андэграўндны фестываль JUNACTVA. Прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT абяцала яскравы пачатак года — і фэст такім і атрымаўся: атмасферным, «адрыўным», поўным натхнення.
Нагадаем, што JUNACTVA сабраў на сваёй пляцоўцы беларускіх артыстаў, што спалучаюць у сваёй творчасці абсурд, глыбокую іронію і музычны пошук.

Гэта музыкант-эксперыментатар Ягор Забелаў, які спалучае ў сваёй музыцы авангардны джаз, неакласіку і акардэонны рок.


Праект WTBSK ад Светы Бень і Сяргея Навіцкага — сумесь эмбіенту, тэхна і трып-хопу з паэзіяй, якая гучыць ад шэпту да крыку.


Дуэт Алены Зуй-Вайцяхоўскай і Міхаіла Зуя — ZUI — сплаў змрочнага танцавальнага сінтэвейву з глыбокімі тэкстамі і агрэсіўным бітам.


І яшчэ адныя ўлюбёнцы публікі — гурт «Касіяпея» — касмічны шызапоп з навукова-фантастычным гучаннем і іранічнымі тэкстамі.



Дарэчы, INEXKULT ужо марыць пра наступную імпрэзу і прымярае магчымы лайн-ап… І запрашае пакідаць каментары ў сацсетках, каго б гледачы жадалі пабачыць на сцэне.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.