"Рамэа і Джульета". Рыжысёр Аляксей Ягораў. Фота: kultura-info.by
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, падсумоўваючы гэты год, сярод асноўных трэндаў культурнай сферы ўнутры Беларусі найперш назваў татальную русіфікацыю: 90–95% кантэнту ў афіцыйных праграмах — гэта расійскія прадукты. Артыкул, які мы знайшлі ў дзяржаўным выданні, пралівае святло на тое, як гэта на практыцы адбываецца ў тэатральнай сферы.
З пачатку снежня часопіс «Мастацтва» ініцыяваў праект «Беларусь — Россия» пра расійска-беларускія сувязі. За кароткі час выйшла ўжо пяць матэрыялаў, адзін з іх прыцягнуў нашу ўвагу тым, што ў ім падрабязна апісана, якім чынам расійскія рэжысёры трапляюць у беларускі тэатр са сваімі спектаклямі.
«Постановки российских режиссёров в театрах Беларуси» — так называецца артыкул, размешчаны на сайце. Аўтарка Надзея Бунцэвіч піша, што каб прасоўваць свае творы на беларускія сцэны, расіяне выкарыстоўваюць адмысловыя фонды і праекты. У дадзеным артыкуле расказваецца пра Цэнтр падтрымкі рускага тэатра за мяжой.
Цэнтр працуе пры Саюзе тэатральных дзеячаў Расіі і рэгулярна арганізуе тэатральныя лабараторыі на базе беларускіх тэатраў – і асобна, і ў рамках міжнародных фестываляў, якія праходзяць у Беларусі.
Дарэчы, на сайце Саюза тэатральных дзеячаў Расіі застаўся запіс пра прыём заявак на творчыя лабараторыі маладых расійскіх рэжысёраў: «СТД РФ зможа камандзіраваць у ваш тэатр маладых рэжысёраў для стварэння эскізаў спектакляў. Калі па выніках паказаў лабараторных работ кіраўніцтва тэатра захоча працягнуць супрацоўніцтва з адным з рэжысёраў для пастаноўкі паўнавартаснага спектакля, то СТД РФ возьме на сябе аплату праезду рэжысёра і частковую выплату ганарару за пастаноўку».
Сутнасць лабараторнай працы ў тым, што расійскі бок накіроўвае ў Беларусь некалькіх рэжысёраў – і яны разам з артыстамі мясцовага тэатра на працягу некалькіх дзён рыхтуюць эскізы па сваім задумам, прыстасоўваючыся пад асаблівасці сцэны і акцёрскі склад.
Гэта можа быць і паўнавартасная тэатральная праца — частка спектакля (напрыклад, адзін з актаў), і гэтакі пункцірны ахоп ўсёй п’есы праз найбольш значныя ў ёй вузлавыя моманты. Галоўнае, каб на фінальным паказе было зразумела, якім можа стаць гатовы спектакль. Такія паказы бываюць як закрытымі, толькі для сваіх, так і публічнымі, каб адчуць рэакцыю публікі. Канчатковае рашэнне прымае кіраўніцтва тэатра — выбірае з прапанаванага той эскіз, які пазней ператворыцца ў паўнавартасную прэм’еру.
Расійскі бок падтрымлівае пастаноўку фінансава: аплачвае працу, само знаходжанне рэжысёра і, калі трэба, яго расійскай каманды ў Беларусі. Часам нават расходуе сродкі на неабходнае абсталяванне – хоць бы часткова.
Перавага аддаецца расійскай класіцы і сучаснай расійскай драматургіі. Аднак падымаюцца і экзістэнцыяльныя тэмы, і замежная класіка, праз прызму якой можна звярнуцца і да расійскіх рэалій. Так, напрыклад, ў Брэсцкім тэатры лялек ужо шэсць спектаклей паставіў галоўны рэжысёр Санкт-Пецярбургскага Вялікага тэатра лялек Руслан Кудашоў. «І ў кожным, — піша аўтарка артыкула, — можна прасачыць праекцыю простай, здавалася б, выключна бытавой, нацыянальна абумоўленай гісторыі на міфалагічныя, біблейскія паралелі і абагульненні».
У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры руская рэжысёрка Крысціна Звыкава паставіла спектакль «Остановка», дзе разыграла бытавую сцэну, у якой галоўны герой — расійскі бізнесмен, а тэма, канешне, філасофская.
Рускі рэжысёр-пастаноўшчык Ягор Равінскі паставіў у тым жы тэатры «Цветы для Элджернона», задума якой нарадзілася ў 2024 годзе ў рамках рэжысёрскай лабараторыі Цэнтра падтрымкі Рускага тэатра за мяжой. Праз год эскіз ператварыўся ў трохактны спектакль Беларускага маладзёжнага тэатра.
У рамках Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт», які штогод праходзіць у Магілёве, праходзіць тэатральныя лабараторыі, у якіх удзельнічаюць беларускія маладыя акцёры і расійскія маладыя рэжысёры.
Напрыклад, дзякуючы такой лабараторыі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры з’явіліся «Игроки» Мікалая Гогаля. Рэжысёр Данііл Сухаў з Санкт-Пецярбурга, чый эскіз тады перамог, падрыхтаваў прэм’еру акурат праз два месяцы. Вясёлы спектакль завяршаецца роздумам пра лёс Расіі: куды нясе яе гогалеўская птушка-тройка?
У жніўні ў Беларусі праходзіла рэжысёрская лабараторыя Саюза тэатральных дзеячаў Расіі ў Магілёўскім абласным Тэатры лялек. Гэта была першая рэжысёрская лабараторыя ў Тэатры лялек, арганізаваная ў рамках праграмы Цэнтра падтрымкі Рускага тэатра за мяжой. Тэматыкай лабараторыі была вызначана «класічная літаратура». Гледачам і кіраўніцтву тэатра былі прадстаўлены тры эскізы, зробленыя расійскімі рэжысёрамі з трупай тэатра за пяць рабочых дзён.
З іх магілёўскі тэатр выбраў «Рамэа і Джульету» Уільяма Шэкспіра ў рэжысуры Аляксея Ягорава. Гэта праца ўвасобіцца ў рэальную пастаноўку ў 2026 годзе пры падтрымцы Саюза тэатральных дзеячаў Расіі.
Нагадаем, што і без тэатральных лабараторый, механізм працы якіх апісваецца ў згаданым артукуле, расійскія рэжысёры часта ставяць спектаклі ў беларускіх тэатрах. Напрыклад, у Купалаўскім тэатры ў 2024 годзе расійскі рэжысёр Дзмітрый Акімаў змог паставіць трагікамедыю «Дзядзечкаў сон» паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага — на беларускай мове. Годам раней ён ставіў у гэтым тэатры «А зоры тут ціхія…». Нагадаем, што ў Беларусі толькі тры тэатры з 28 дзяржаўных выключна беларускамоўныя, аднак нават гэты факт не пазбаўляе іх неабходнасці супрацоўнічаць з расійскімі рэжысёрамі.
Дарэчы, сярод апошніх навін на сайце Саюза тэатральных дзеячаў Расіі, з якім у беларускага прафесійнага саюза надзвычай цесныя кантакты, дамова з Рассупрацоўніцтвам: «Партнёрства будзе спрыяць папулярызацыі расійскага тэатра за мяжой, удзелу нашых экспертаў і творчых калектываў у міжнародных тэатральных праектах, а таксама прасоўванні традыцый і інавацый рускай тэатральнай школы па ўсім свеце».
«Гэта важны крок да ўмацавання культурных сувязей і захавання нашай гісторыка-мемарыяльнай спадчыны за мяжой», — пракаментаваў дамову кіраўнік Рассупрацоўніцтва Яўген Прымакоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram