Сёння на закрытым судзе заснавальніка крамы Symbal.by, пляцоўкі «Арт-сядзіба», аднаго з арганізатараў святочнага канцэрта да стагоддзя абвяшчэння БНР у 2018 годзе, культурніцкага менеджара і журналіста Паўла Белавуса прыгаварылі да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Атаясамліванне рэжымам арт-актывізму з «палітыкай» нагадвае сталінскія часы з пераследам «за нацыяналізм», — так пракаментаваў сённяшні вырак культурніцкаму падзвіжніку кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
«Прысуд, канечне, вельмі цынічны да жахлівасці, — даў каментар на злачынны вырак Паўлу, якога можна назваць»драйверам» беларускай культуры апошняга дзесяцігоддзя, Сяргей Будкін. — 13 год калоніі проста па факце таго, што ён — Беларус. Яго «асудзілі» за прагу зменаў у Беларусі. Але хіба ў нас прапісана недзе, што ўлада нязменная?».
«[Паўлу] закідваюць «экстрэмізм». А хіба не з Пашавага «экстрэмізму» сілкаваліся брсмаўцы, якія скралі ў яго ідэю з Днём вышыванкі, ці БТ, якое тыя вышымайкі нават купляла на розыгрыш? — звяртае ўвагу кіраўнік Рады культуры.
[Паўла] вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Дык гэта выходзіць, што цягам 10 год пад бокам спецслужбаў штодня гэтаю «здрадаю дзяржаве» займаліся спартоўцы, дзяржслужбоўцы, пракурорскія супрацоўнікі, міліцыянты, якія набывалі ў Пашы сувеніры з нашай Сімволікай… «, — даводзіць абсурднасць сітуацыі Сяргей Будкін.
Культурніцкі менеджар адзначае, што застацца ў Беларусі было прынцыповай пазіцыяй Паўла Белавуса.
«Ведаючы крыху Пашу, разумею, што не было ў яго спадзеву на гэтым «судзе» на тое, што яго ўнёсак ў беларускую справу прызнаюць і адпусцяць з выбачэннямі. Ён свядома зрабіў свой выбар — застацца ў краіне і працаваць на карысць Беларусі, пакуль да яго не прыйдуць.
І кожны з беларусаў можа зрабіць так, каб у будучыні Павал і ўсе тыя, хто трапілі ў турмы за свае перакананні, маглі сказаць, што ўсё, што яны зрабілі для Беларусі, было недарма», — прапаноўвае кожнаму працягнуць справу актывіста Сяргей Будкін.
«Гэта вельмі проста і ад месцазнаходжання аніяк не залежыць, — заклікае да штодзённых спраў у падтрымку беларускай культуры кіраўнік Рады культуры.
[Давайце] актыўней карыстацца беларускай мовай, — пералічвае магчымыя дзеянні Сяргей. — Слухаць/чытаць дзеткам казкі па-беларуску. Вывучаць гісторыю свайго роду. Купляць беларускае (кнігі, сувеніры, музыку…). Падтрымліваць культурніцкія ініцыятывы. Насіць нашы Сімвалы (у сэрцы ці на сабе). Бараніць сваё і сваіх (у віртуальнай і рэальнай прасторы)«, — заклікае і да персанальных захадаў, дзеянняў культурніцкі менеджар.
Нагадаем, што сёння быў адкрыты збор на падтрымку сям’і Паўла Белавуса — заяўлена сума ў 15 тысяч еўра, якая патрабуецца для аплаты адвакатаў, набыццё неабходных для жыцця рэчаў і пакрыццё бытавых расходаў сям’і палітвязня. Падтрымаць сям’ю культурніцкага актывіста можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram