Вячаслаў Іназемцаў у Японіі. Фота: сацсеткі творцы.
Шматгадовы кіраўнік пластычнага тэатра «ІнЖэст» Вячаслаў Іназемцаў назваў звесткі пра свой ад’езд з краіны і закрыццё тэатра фейкамі.
Артыст вярнуўся ў Беларусь з падарожжа ў Японію, дзе адбыліся яго выступы і майстар-класы.
«Учора закончылася мая трохтыднёвая японская вандроўка, — напісаў творца ў сацсетках. — Дзякуй усім, хто дапамог гэтаму ажыццявіцца. На конт нядаўніх фейкаў: 1. Я ў Мінску, не з’ехаў і не з’еду. 2. Чуткі пра скон тэатра «ІнЖэст» моцна перабольшаныя! У прынцыпе нельга закрыць тое, што ніколі не адкрывалася. «ІнЖэст» жывы і здаровы пакуль жывыя-здаровыя яго рэжысёр і акторы».
Нагадаем, што 11 траўня «Еўрарадыё» паведаміла пра спыненне дзейнасці ў Мінску ўнікальнай тэатральнай ініцыятывы са спасылкай на крыніцу. «Тэатр, на жаль, афіцыйна больш не існуе. У красавіку канчаткова вывезлі дэкарацыі», — расказаў выданню адзін з яго ўдзельнікаў. Паведамлялася, што Вячаслаў Іназемцаў жыве ў Японіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram