Гурт «J:МОРС» і «Вольныя купалаўцы» прэзентавалі відэа на песню «Белая пена», напісаную на верш Максіма Знака. Яна анансуе супольны альбом «Зэкамерон. Песні да спектаклю», рэліз якога адбудзецца 21 траўня.
Уладзімір Пугач у сваім Facebook адзначыў:
«Гэта песня пра веру, стойкасць і ўнутраную свабоду. Пра рэчы не прыдуманыя, а пражытыя і даказаныя лёсам. Калі мы з «Вольнымі купалаўцамі» працавалі над спектаклем, цяжка было ўявіць, што калісьці праспяваем гэтыя песні самому аўтару. Але ў снежні 2025 годза Максім прыйшоў на спектакль у Варшаве — акурат пасля вызвалення. З таго дня працягваем бачыцца час ад часу. І вось што мяне не перастае здзіўляць: пасля амаль шасці гадоў зняволення, інкамунікада, пакутаў і стратаў перад табой стаіць чалавек са святлом у вачах, з бліскучым пачуццём гумару, з лёгкім, вытанчаным стаўленнем да свету, жывой цікавасцю да ўсяго навокал, прагай ісці далей, працаваць і ствараць… І за ўсёй гэтай лёгкасцю праглядвае жалезная, непахісная воля».
Максім Знак узгадаў абставіны з’яўлення верша:
«Гэта машына часу, паляроідны здымак настрою ў першыя дні зняволення. Сапраўдная моц стыхіі тоіцца не ў бурунчыках, якія вабяць вока на паверхні, яна – ў глыбіні. Пена змяняецца з кожным подыхам ветру, а хваля жыве. Часам пена застаецца ў палоне на беразе, але што гэта змяняе ў акіяне? У тыя дні восені 2020-га шмат каму за кратамі верылася, што мы — усяго толькі пена, з якой бяссэнсоўна штосьці рабіць, бо там, звонку, аб муры Пішчалаўскага замка ды іншых атолаў няволі б’ецца магутная хваля — непераможная як глыбіня, што яе спарадзіла».
БЕЛАЯ ПЕНА
Белая пена на хвалях, подых вады і паветра
Белымі бурунамі жыць нам апошнія метры
Хочаш скаваць ланцугамі, хочаш забіць нас, застрэліць
Белая пена на хвалях белую пену заменіць
Белая, белая пена
Мы белая, белая, белая пена
Белая, белая пена
Мы белая, белая, белая пена
Стомленыя непакоем, сонцам, вадой і паветрам
Белы шум у скронях, лічым апошнія метры
Хочаш скаваць ланцугамі, хочаш забіць нас, застрэліць
Белая пена на хвалях белую пену заменіць
Белая, белая пена
Мы белая, белая, белая пена
Белая, белая пена
Мы белая, белая, белая пена
Белая, белая пена
Мы белая, белая, белая пена
Белая, белая пена
Мы белая, белая, белая, белая пена
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

