Івонка Сурвілла: беларусы павінны дэманстраваць свету, што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў з нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння БНР і заклікала дэманстраваць свету, што Аляксандр Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ. Прыводзім тэкст і відэа выступу.

«Мае дарагія суродзічы,

Як заўсёды хачу перадусім прывітаць вас ад Рады БНР і ад сябе асабіста з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, якім мы кожны год адзначаем абвешчаньне незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны. Колькі часу прайшло і колькі падзеяў мы перажылі ад таго часу, калі Рада Першага ўсебеларускага кангрэсу, выбраная амаль дзьвюма тысячамі дэлегатаў з усяе Беларусі, абвясьціла на сваім сходзе наступнае:

“Год таму назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы‚ Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народнай Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе Ўстаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі. Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі‚ Рада яе пакладае свае надзеі на тое‚ што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўны ідэал”.

Дарагія суродзічы, дзеля прысутнасьці 105 год таму пазьней на нашай усходняй мяжы таго самага крывавага ворага, які дасюль не пазбыўся сваіх імпэрскіх намераў, мы сёньня яшчэ раз абвяшчаем сьвету, што мэтай нашага народу дасюль ёсьць змагацца ўсімі даступнымі нам сіламі, каб абараніць наш вольны і незалежны край ад цяперашняга самазванца і ад ягоных расейскіх патронаў, якія яшчэ ўсё пагражаюць зноў паняволіць наш край.

Мы маем ледзь не стагодзьдзе дасьведчаньня ўжо не як “тутэйшыя” рабы імпэрыі зла, а як адукаваны, разумны, развіты народ, які здольны даць сабе рады ў вольным сьвеце. Ад нас залежыць нашая будучыня – ад кожнага і кожнай з нас.

Хацела б, каб кожны з нас задумаўся, што асабіста ён ці яна можа зрабіць, каб прыцягнуць увагу вольнага сьвету на Беларусь. У цяперашні час гэта надзвычай важна, з улікам таго, якую ганьбу наклікаў на Беларусь дыктатар Лукашэнка сваім саўдзелам у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пакуль сьвет захапляецца адвагай украінцаў і абураецца злачынствамі Пуціна і расейскай арміі, беларусы павінны як наймацней словам і справай дэманстраваць свету, што яны на баку сілаў дабра і што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ. Ня дай Бог, каб нехта прыдумаў аддаць Беларусь крываваму тырану ўзамен за мір ва Ўкраіне.

Цяперашні час – шмат у чым лёсавызначальны як для Ўкраіны, так і для ўсяго сьвету і для Беларусі. Але разам мы не дамо ворагу разьбіць нашую еднасьць. Разам мы перанясём усе выпрабаваньні і асягнем нашую мэту: жыць на сваёй роднай зямлі, у сваёй і незалежнай дзяржаве, дзе мы самі будзем вырашаць “аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі”.

Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!»

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!