Сёння ў Тбілісі блізкія, сябры, калегі развітваліся з Ірынай Слюcар — беларускай, якая загінула ў моры ў грузінскім Кабулеці.
У майстэрні тэатра для дзяцей «Лось і светлячок», сузаснавальніцай якой з’яўлялася Ірына, адбылося развітанне з рэжысёркай.
Нагадаем, што трагедыя адбылася на мінулым тыдні — Ірына загінула, выратоўваючы сабаку сваёй сяброўкі, што трапіла ў мора. Ірыну накрыла хваляй і зацягнула ў адкрытае мора — яе знайшлі толькі на чацвёртыя суткі.
Reform.by сабраў успаміны пра талантлівую рэжысёрку і чалавека ад яе сяброў і калег.
Фатограф Андрэй Дубінін ведаў Ірыну Слюсар шмат гадоў. Ён пакінуў такія словы аб сваёй сяброўцы.
— Мы были знакомы около миллиона лет. Если точнее — четырнадцать. На большей части моих фотографий с людьми, вероятно, именно Ирис. Мы ездили автостопом на сомнительные фестивали и на Кавказ, в 2009-м поднимались до «Приюта одиннадцати» на Эльбрусе, лазили по заброшкам и меловым карьерам. Месяц назад я сделал последнее фото, а на прошлой неделе мы сидели в баре «5327» и обсуждали… Господи, я даже не помню, о чем мы тогда говорили! Кажется, про друзей, одиночество, людей в эмиграции и ощущение дома. Потом Кобулети, море, звонок Даши, сотни волонтеров, поиски…
...Ира любила жизнь и театр.
Ірына Слюсар скончыла Беларускую дзяржаўную акадэміі мастацтваў. Яе педагог па рэжысуры і майстэрстве — Таццяна Траяновіч — падзялілася сваімі ўспамінамі пра таленавітую аўтарку.
— У гэта, сапраўды, цяжка паверыць. Тое, што яна кінулася ратаваць чужога сабаку, якраз не здзіўляе. Пачуццё адказнасці, імкненне дапамагчы, высакароднасць — гэта было ў складзе яе характару. Цяжка паверыць, што ёй было наканавана так мала, бо Іра была таленавітай і творчай, улюбёнай у справу, якой займалася. Стварала спектаклі. Будавала свой тэатр. Любіла жыццё. Мне давялося ведаць яе студэнткай, і ўжо тады яна была надзвычай прыгожым чалавекам. Прыгожым ва ўсіх сэнсах. А яшчэ вясёлай да гарэзлівай, як вось на фотаздымку.
Яшчэ адна журботная засечка — з тых, якія не зарастаюць.
Аглядальніку Reform.by удалося звязацца са Светай Бень, спявачкай, тэатральнай рэжысёркай, якая планавала сустрэцца са сваёй калегай у бліжэйшыя месяцы. Святлана знайшла час і сілы, каб распавесці пра Ірыну і яе тэатр.
— Іра — чароўны чалавек. Яна стварала асаблівы свет вакол сябе, і ў яе быў вельмі цудоўны тэатр. Той час, які яе ведаю, яна заўсёды была побач з тэатрам.
І тэатр Ірыны быў ідэальным тэатрам для чалавека.
То-бок гэта не былі рэчы, калі чалавек «выражае» сябе, паказвае, які ён выдатны, прыгожы, маўляў, «паглядзіце на мяне». У гэтым не было ні самалюбавання, ні нейкай складанай самапрэзентацыі, ні такога суб’ектыўнага і зразумелага толькі маленькаму колу людзей творчага пошуку. У тэатры Ірыны было жаданне размаўляць з людзьмі, рабіць іх свет крышачку прыгажэйшым, цяплейшым, — крыху больш прыгодным для жыцця чалавека.
Аднойчы ў Астрыд Ліндгрэн спыталі, якой павінна быць кніга для дзяцей. Яна адказала: «Такая, як для дарослых, толькі лепш». І вось у Іры быў такі ж тэатр — як для дарослых, толькі лепш. На яе спектаклях было весела ды цікава і дарослым, і дзецям. Гэта было нешта вытанчанае, з добрым густам, гумарам, вельмі эстэтычна ўдалае. Пошук менавіта таго, як размаўляць і з маленькім чалавекам, і з дарослым, як зрабіць так, каб яму вось на гэту адну гадзіну стала цудоўна, казачна, каб ён пабыў у зусім іншым асяродку, вельмі насычаным творчасцю — да мяжы проста.
Тэатр Ірыны і яе аднадумцаў называўся «Лось і светлячок» — і нават у гэтай назве ёсць цеплыня і нейкая несуразмернасць, абсурд такі кранальны, дзіцячы. Лось і светлячок — ну якое у іх можа быць сяброўства?! А вось яно адбылося. І ў Грузіі з’явіўся такі цудоўны тэатр.
Я так разумею, што Іра з’ехала ў Грузію пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Яна працавала ў Расіі, але з’ехала адтуль, бо не магла там заставацца па маральных і этычных сваіх якасцях.
Да гэтага яна працавала як валанцёр у студыі «Простыя рэчы». Гэта інклюзіўная майстэрня, у якой працуюць людзі з асаблівымі патрэбамі. Ірына рабіла там з імі гэтыя самыя простыя рэчы — таксама з вельмі цудоўным густам, стварала вялікую прыгажосць. А таксама курыравала там кавярняй «Агуркі» — была адной з тых, хто яе зрабіў, далучанай да яе. У яе жыцці было шмат заняткаў, звязаных з альтруізмам, дапамогай, ратаваннем. І таму зусім не дзіўна, што яе апошні дзень, тое, што яна зрабіла, было скіравана на выратаванне іншага, на самаахвярнасць… Яна была вельмі таленавітым чалавекам, мела талент дапамогі і ратавання.
Для мяне Тбілісі было вельмі прыцягальным месцам, таму што там жыў мой любімы лялечнік — Рэзо Габрыадзэ. Іра, мне падаецца, таксама чалавек з гэтай выспы, на якой жывуць такія людзі. Так, яна кажа на іншай мове мастацтва, але вельмі блізкай па духу спадару Рэзо. Ён лялечнік такога ж кшталту, погляду на жыццё, такога самага густу як Іра.
Мне вельмі хацелася прыехаць у Тбілісі, пабыць з Ірай разам. Мы дамовіліся ў нашых апошніх лістах, што мы сустрэнемся ў маі, калі ў нас планаваліся туды гастролі.
Гэта было апошняе, што мы пісалі адна адной, што мы хутка ўбачымся…
Дапамагчы сям’і Ірыны Слюсар можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: