«Жазло кіравання». Фота: Аліна Мазавец
Ініцыятыва Maldzis выкупіла першае выданне «Жазла кіравання» («Жезлъ правленіѧ») Сімяона Полацкага.
«Жазло кіравання» было надрукаванае ў Маскве ў 1667 годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага. Змест кнігі прысвечаны аналізу памылак і разыходжанняў з вучэннем Царквы ў выступленнях старавераў. Свае довады асветнік грунтуе на фактах і лагічнасці разважанняў, што тады ўспрымалася як навацыя і «лацінства» ды ўпісвала «Жазло кіравання» ў плынь палемічнай літаратуры.
«Кніга «Жазло кіравання» з’яўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях, — патлумачыў Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis. — Нашыя продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала».
Сапраўднае імя Сімяона Полацкага – Самуіл Пятроўскі-Сітнянoвіч. Нарадзіўся ў Полацку ў снежні 1629 года, паходзіў з купецкай сям’і. У архіўных спісах двароў палачан род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі.
Ён вучыўся ў родным горадзе, пасля ў Кіева-Магілянскай калегіі, якая лічылася найлепшай праваслаўнай навучальнай установай Усходняй Еўропы. Потым стаў навучэнцам Віленскай езуіцкай акадэміі.
Апрача роднай беларускай мовы дасканала валодаў лацінскай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі. Пісаў на ўсіх чатырох мовах вершы, прамовы, пропаведзі, навуковыя працы. Карыстаўся пры гэтым як кірыліцай, гэтак і лацінкай.
Каля 1664 года Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву. У Маскоўскім царстве ён дажыў да канца сваіх дзён і здабыў славу як асветнік, царкоўны дзеяч заходняга кірунку, гуманіст, царскі настаўнік і дарадца, кніжнік, паэт і драматург.
«Жазло кіравання» было створанае на падставе даручэння двух патрыярхаў – Александрыйскага і Антыяхійскага, а таксама мітрапаліта Газы, якіх Сімяон Полацкі суправаджаў падчас царкоўнага сабору 1666–1667 гадоў у Маскве ў якасці сакратара і перакладчыка.
Імя аўтара не пазначанае на тытульным аркушы. Сімяон зашыфраваў яго ў першых літарах кожнага з радкоў акраверша, дзе чытаецца «Симеон Полоцкии трудился».
Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram