Ініцыятыва Maldzis вяртае карту ВКЛ Яна Няпрэцкага

Культура
Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага. Фота: Аліна Мазавец

Maldzis выкупіў карту Вялікага Княства Літоўскага, створаную вучоным езуітам беларускага паходжання Янам Няпрэцкім і ўпершыню надрукаваную ў Нюрнбергу ў 1749 годзе, — паведамляецца на сайце ініцыятывы.

Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы Алекса Шуба.

Карта Няпрэцкага — першая адноўленая за амаль 150 гадоў і надзвычай дасканалая мапа ВКЛ з часоў Радзівілаўскай карты. Вядома пра 6 версій-станаў карты Няпрэцкага, выдадзеных у Нюрнбергу ад 1749-га да 1812-га гадоў, калі ВКЛ ужо спыніла нават сваё існаванне. Набыты ініцыятывай Maldzis асобнік адносіцца да чацвёртага стану першага выдання і быў надрукаваны пасля 1767 года.

Пры падрыхтоўцы сваёй мапы Няпрэцкі абапіраўся на Радзівілаўскую карту ў выданні Яна Янсона ван Васбергена, якая выйшла ў лонданскім выдавецтве ў другой палове XVII стагоддзя (1680-1683) і з’яўляецца зменшанай і перапрацаванай копіяй Радзівілаўскай карты Вілема Яна Блаў 1613 года.

Ініцыятыва Maldzis вяртае карту ВКЛ Яна Няпрэцкага
Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага. Фота: Аліна Мазавец

Навуковец-езуіт беларускага паходжання фактычна нанова склаў і пераправерыў размяшчэнне гарадоў і рэк. У выніку ягоная карта значна ўдакладняе канфігурацыю ваяводстваў і паветаў ды істотна дапоўненая новымі населенымі пунктамі – у межах ВКЛ іх там 680 (+120 у параўнанні з Радзівілаўскай мапай).

Карта Няпрэцкага была ўпершыню выдадзеная ў 1749 годзе пад рэдакцыяй знакамітага нямецкага картографа, матэматыка і астранома Тобіяса Маера ў выдавецтве «Спадкаемцы Гомана» ў Нюрнбергу. На той час гэтае выдавецтва лічылася лідарам у галіне выдання мапаў.

Ініцыятыва Maldzis вяртае карту ВКЛ Яна Няпрэцкага
Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага. Фота: Аліна Мазавец

«Карту Яна Няпрэцкага варта разглядаць як этапную з’яву ў айчыннай картаграфіі і адначасова як важную крыніцу гістарычнай інфармацыі пра ВКЛ і адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на беларускіх землях у XVIII стагоддзі. Гэта таксама яскравы прыклад іміджавай працы, бо карта прасоўвала вобраз урбанізаванай краіны», — патлумачыў Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS.

Плануецца, што ў будучыні карта будзе перададзеная ў Слуцк (Слуцкі краязнаўчы музей) у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму мапа будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Такія набыткі, як карта Няпрэцкага, Радзівілаўская карта, Трэці Статут ВКЛ ці іншыя, – магчымыя дзякуючы грамадскім ахвяраванням. Ініцыятыва MALDZIS атрымала назву ў гонар выбітнага навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны.

MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза еўрапейскай нацыі, аднак цяпер мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы ў пошуку каштоўнасцяў, іх набыцці, ушанаванні памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртанні забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

  1. Аноним

    Жуллё са статку Астапені працягваюць скупляць друкаваны агульнадаступны антыкварыят і прадаваць гэта неадукаваным медыйшчыкам як бы яны крыж еўхврасініі полацкай знайшлі. Карта ў агульным доступе адсканаваная ляжыць. Як і Статут ВКЛ, які яны нам таксама як навуковае адкрыццё прапіхвалі. Цынічныя імітатары культурнай дзейнасці дамінуюць. І гэтыя абяцанкі ў будучым у слуцкі музей перадаць, не робячы ні-чо-га каб тая будычыня наблізілася.  

    Ответить

Последние новости