Грамадская ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі ранні твор вядомага мастака Парыжскай школы Восіпа Любіча.
Гэта малюнак гуашшу пад назвай «Рабочыя», які датуецца 1920-мі гадамі. Для даследчыкаў гэта сапраўдная знаходка, бо ранняй творчасці мастака гэтага перыяду захавалася вельмі мала.
Грошы на куплю дала беларуская мецэнатка, яка пажадала застацца анонімнай. А сам малюнак у будучыні арганізатары плануюць перадаць у Гродна — як грамадскі падарунак роднаму гораду мастака.
Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч тлумачыць, чаму варта ведаць гэтае імя гродзенскага мастака:
«Восіп Любіч — прыклад таго, як творчасць мастака з Горадні становіцца часткай еўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёння застаецца малавядомай у Беларусі. Мы хочам гэта змяніць праз вяртанне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасці».
Апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня дадае, што гэтая купля адкрывае новы кірунак для супольнасці.
«Малюнак Любіча адкрывае новы раздзел у гісторыі дзейнасці MALDZIS. Гэта крок да фармавання больш цэласнага бачання беларускай культурнай спадчыны, якая ўключае не толькі архіўныя і гістарычныя каштоўнасці, а і выяўленчае мастацтва», — кажа ён.

Хто такі Восіп Любіч?
Жыццёвы шлях Восіпа Любіча (1896–1990) падобны да захапляльнага кінасцэнарыя. Ён нарадзіўся ў Гродне ў яўрэйскай сям’і, а класічную мастацкую адукацыю атрымаў у Адэсе. На пачатку 1920-х гадоў Любіч пераехаў у Берлін, дзе працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы і кіно — менавіта гэты досвед пасля паўплываў на ягоную адметную візуальную мову і цікавасць да сцэнічных вобразаў.
Ужо ў 1923 годзе мастак перабраўся в Парыж і акунуўся ў атмасферу Манпарнаса — тагачаснага цэнтра сусветнага мастацкага жыцця. Менавіта там ён сфармаваўся як яркі прадстаўнік знакамітай Парыжскай школы. Любіч шмат маляваў партрэты, пейзажы і нацюрморты, але найбольш выразна выявіў сябе ў каларытных сцэнах з жыцця тэатра і цырка.
Падчас Другой сусветнай вайны мастака чакала цяжкае выпрабаванне: яго арыштавалі нацысты і адправілі ў лагер Дрансі, адкуль ён цудам здолеў уцячы. Пасля вайны Любіч працягваў жыць і працаваць у Парыжы. Сёння ягоныя творы знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі — у Нацыянальным мастацкім музеі і карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка». Ягоная спадчына з’яўляецца моцным культурным мастком, які злучае Беларусь з Францыяй, Германіяй ды Ізраілем.
Дзе паглядзець арыгінал?
Убачыць малюнак «Рабочыя» на свае вочы можна будзе ўжо 27 чэрвеня ў Варшаве. Яго прэзентуюць на адмысловай сустрэчы «Art-кавярні MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
