Фрагмент рукапіснага зборніка службовых дакументаў і перапіскі з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах. Фота: сайт ініцыятывы.
7-га сакавіка ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Польшчы рукапісны архіў першай паловы XIX стагоддзя, які паходзіць з парафіі недалёка ад Горадні. Гэта вельмі каштоўная крыніца інфармацыі пра тагачаснае канфесійнае і свецкае жыццё рэгіёна.
Гэта так званы капіярый – рукапісны зборнік службовых дакументаў і перапіскі з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці.
У зборніку захаваліся распараджэнні свецкіх і касцёльных уладаў, звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра метрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касцёла і шмат іншага.
Большасць запісаў належыць настаяцелю парафіі і гарадзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784–1850). Яны вяліся цягам 14 гадоў і датуюцца першай паловай XIX стагоддзя.
Рукапісная кніга была набытая на сродкі мецэната ініцыятывы MALDZIS Іллі Пакроўскага.
“Амаль штодзень недзе ў свеце прадаюцца калекцыйныя рэчы, звязаныя з Беларуссю. Але сустрэць у продажы каштоўнасць, вывезеную з беларускай тэрыторыі, звязаную з ёй зместам і праз паходжанне, калі да таго ж месца ўзнікнення дакладна вядомае, – гэта сапраўдная рэдкасць”, – кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.
У найбліжэйшых планах MALDZIS – адлічбаванне рукапіснага зборніка, каб зрабіць яго дасяжным для ўсіх зацікаўленых гісторыкаў і краязнаўцаў.
Падтрымаць ініцыятыву можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram