І-я Сусветная: ідэалагічная нявыкрутка для беларускіх уладаў

Главное

Нямецкі ўрад прафінансаваў аздабленне брацкіх могілак сваіх жаўнераў у Беларусі, расейцы паставілі свае помнікі. Беларускія ўлады не дабудавалі ўласны мемарыял у Смаргоні. Але. Сто гадоў мінула з дня заканчэння І-й Сусветнай, а ў падручніку для беларускіх школьнікаў так уцямна і не могуць адказаць на пытанне – што гэта было? Чым была І-я Сусветная для беларусаў?

Калі каротка, расейскія ўлады прымусова арганізавалі бежанства палутара мільёна (магчыма, болей) беларускіх сялянаў, найперш жанчын з дзецьмі, каб перад надыходам немцаў не даць праціўніку рабочыя рукі для здабыцця правіянту. Гэта першая і галоўная ідэалагічная нявыкрутка, бо «мы жэ брацья» і як пра гэта казаць на фоне «саюзніцкіх адносін»?

Па-другое, «слава русского оружия», «подвиг русского человека». Большасць з сяміста тысяч мабілізаваных у расейскую армію чалавек складаліся з сялянаў. Іх ніхто не пытаў, ці хочуць яны здзейсніць «подвиг русского человека». Насельніцтва тагачаснай Беларусі было па колькасці прыблізна як цяпер. А гэта значыць, што бежанцы і мабілізаваныя складалі ў лепшым выпадку да 30% насельніцтва. Значыць на акупаванай тэрыторыі – амаль палова сучаснай Беларусі – засталося не менш за тры мільёны чалавек. І, увага! Гэтыя людзі не імкнуліся збівацца ў партызанскія атрады і даваць адпор акупантам. Людзі працягвалі займацца сваёй гаспадаркай.

Трэцяе – Расеі не было сярод пераможцаў у І-й Сусветнай, хоць пачынала яна на баку будучых пераможцаў Францыі ды Вялікай Брытаніі. Расея ў 1918-м годзе была часткова ў руках бальшавікоў, а іх цікавілі ўласныя перамогі.

Калі падсумаваць: навошта каля трох мільёнаў, калі не болей, беларусаў тры гады паміралі і мучыліся, хто ў бежанцах, хто на фронце, з падачы расейскіх уладаў – не зразумела. У сэнсе, царская логіка зразумелая, але як тлумачыць школьнікам сёння?

Школьны падручнік па гісторыі для 8-га класа 2018 года выдання пра І-ю Сусветную вайну ў Беларусі падае наступнае: «Вайна выгнала з абжытых месцаў 1,3 млн. чалавек. У сувязі з наступленнем германскіх войскаў з заходніх паветаў на ўсход рушыла вялізная колькасць бежанцаў, пераважна жанчын, дзяцей, старых». Далей акцэнт робіцца на жахах жыцця бежанцаў: «У дарозе здараліся эпідэміі. Бежанскі шлях можна было пазнаць па магілах абапал яго. Табары ўцекачоў асядалі вакол маёнткаў, чыгуначных станцый, у гарадах». Не падобна да цэнтралізаванай праграмы па эвакуацыі. «Улады спрабавалі выкарыстаць іх як танную рабочую сілу на пабудове ваенных аб’ектаў”, – падсумоўвае школьны падручнік.

І-я Сусветная: ідэалагічная нявыкрутка для беларускіх уладаў
Бабруйск, 1915

Мінула 100 гадоў з часу заканчэння І-й Сусветнай, а ў беларускім падручніку не тлумачаць, з чаго б гэта 1,3 мільёна (у іншых крыніцах да 2 млн) адначасова пакінулі свае дамы-гаспадаркі, каб паміраць па дарозе. Пры гэтым па старой звычцы гавораць пра нехарошыя царскія ўлады, якія спрабавалі нажывацца на горы людзей.

Я асабіста размаўляў з спадаром 1905 года нараджэння Аляксандрам Шэкалем, селянінам з Налібацкай пушчы, пра тое, што эвакуацыя была прымусовай. «Калі выбухнула І-я Сусветная вайна, царская адміністрацыя хацела Шэкаляў разам з усімі эвакуяваць. Але маці ведала, што галава сям’і вельмі хворы, і дарогу не вытрымае. Таму кінулася ў ногі афіцэру, той злітасцівіўся, і пакінуў сям’ю на месцы. Дзед Аляксандар распавядае, што лінія фронту пралягала за 200 м ад хаты, і бывала гарматныя снарады днямі лёталі проста над дахам».

Прыведзеная замалёўка для мяне ёсць сімвалам І-й Сусветнай вайны для беларусаў. Чужынцы малоцяць адзін аднаго, а беларус даглядае сваю гаспадарку.

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: