Скрыншот з відэа.
«Хутка павінна пачацца» — песня на верш Міхала Анемпадыстава ад гурта Naka займела моцны відэашэраг. Да Дня Волі беларуская рок-каманда на чале з Анастасіяй Шпакоўскай прэзентавала на сваім YouTube-канале кліп са шматзначнай гісторыяй пра пастку чакання.
«Апошнія нашы гады надзвычайныя. Мы чакаем… чакаем. Чакаем вызвалення. Чакаем здзяйснення. Чакаем свабоды. Чакаем любові. У гэтым чаканні праходзяць нашыя гады. Такія цікавыя і жахлівыя. Што чакае нас наперадзе? Ці варта нашага жыцця ўсё тое, што было…тое, што будзе? Набліжаецца чарговы дзень Волі. Чарговы шанец аб’яднацца і рухацца разам да нашай перамогі. Ці здолeeм? Што чакае нас надалей і што пачнецца для нас?», — з такім пасылам гурт звяртаецца да сваіх слухачоў.
У відэа, рэжысёрам якога выступіў аўтар пад псеўданімам Gena, распавядаецца гісторыя маладога прарока. Фанатычнае атачэнне чакае ад маладога Абранага цудаў. Так прагне ад героя пазбаўлення ад усіх бедаў, што літаральна «паглынае» яго. Напрыканцы відэа гледача чакае яшчэ адзін «твіст».
У кліпе здымаліся вядомыя культурніцкія постаці: паэт і музыка Алесь Плотка, твар фестывалю «Бульбамуві» Пётра Дудановіч, актор і рэжысёр Паўлюк Канавальчык…
Нагадаем, што кампазіцыю «Хутка павінна пачацца» Анастасія Шпакоўская ўпершыню прэзентавала ў складзе праекта Naka acoustic летась на «Еўрарадыё». На пачатку года дуэт зрабіў запіс песні на пляцоўцы Perfaratar.
Дуэт Naka Acoustic у складзе вакал і гітара — Анастасія Шпакоўская і Сяргей Шчурко — аднавіў сваю дзейнасць у мінулым годзе ў Беластоку. Бліжэйшае выступленне музыкаў адбудзецца ў Варшаве — 29 сакавіка ў клубе Beer Station.
Набыць квіткі на канцэрт можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram