«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA

Культура
Катажына Сянкевіч. Вясельны партрэт бацькоў - Iрэны і Міраслава Сянкевічаў на фоне тканіны бабулі Галіны Варанецкай, аўтарская тэхніка. 2023.

У назве выставы ўжо закладзены яе канцэпт. «Хай ззяе. Вакол фотаархіва VEHA» адкрылася ў Гожуве-Велькапольскім, і ў аснове гэтай экспазіцыі ляжыць архіў, распачаты Лесяй Пчолкай у 2017 годзе.

Ініцыятыва VEHA стваралася з мэтай захавання нашай візуальнай спадчыны, слядоў паўсядзённага жыцця, зафіксаванага ў сямейных і аматарскіх здымках з моманту з’яўлення фатаграфіі ў Беларусі.

Фотаархіў фармаваўся вакол чатырох асноўных тэм, некалі найбольш папулярных у сямейных альбомах: парадных здымкаў на фоне тканых дываноў («Найлепшы бок»); вяселля («Дзявочы вечар») і пахавання («Апошні фатаздымак») і фатаграфавання ў лесе («Людзі лесу»).

Вынікам гэтых чатырох калекцый сталі аднайменныя кнігі, у якіх фатаграфіі суправаджаюцца даследчымі тэкстамі.

Калі Гарадскі цэнтр мастацтва ў Гожуве Велькапольскім прапанаваў Лесе Пчолцы паказаць гэты ўнікальны архіў, яна вырашыла выкарыстаць прапанову як нагоду для пераасэнсавання і фатаграфічных вобразаў, і таго гістарычнага пласта, што быў закладзены ў старых фотаздымках. Яна запрасіла куратарку Веру Залуцкую з мэтай зладзіць мастацкую выставу на аснове пераапрацоўкі чатырох тэм архіва VEHA.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Фрагмент экспазіцыі «Хай ззяе. Вакол фотаархіва VEHA». Фота: MOS.

Сабраныя ў вялікую фатаграфічную калекцыю фрагменты прыватнага і сямейнага жыцця ўтвараюць праўдзівую гісторыю краіны. «Гэтая гісторыя, — тлумачыць куратарка Вера Залуцкая, — паўстае ў версіі простых людзей, пазбаўленай грандыёзных апавяданняў, вядомых імён і дат, якія паўсюдна адзначаюць».

І куратара выставы, і ініцыятара праекта VEHA яднае разуменне асаблівай важнасці прыватных архіваў: беларуская гісторыя не мае агульнага нацыянальнага наратыву, як напрыклад, польская. Сучасны афіцыёз скажае ці замоўчвае гістарычныя падзеі дзеля надзённых палітычных патрэб. І тое, што захавалася ў сямейных фотаальбомах, з’яўляецца сведчаннем мінулага з пэўнасцю фатаграфічнага факту.

Назва выставы ўзятая з верша «Жыць» Ларысы Геніюш. «Задача архіва VEHA, — расказвае Вера Залуцкая, — спыніць сціранне культурных слядоў, пазбегнуць знікнення памяці. Бывае, што няма каму захоўваць сямейныя рэліквіі, і яны тады прападаюць. Таму вельмі сімвалічна, што мы на гэтай выставе згадваем Ларысу Геніюш.

Па-першае, паэтка жыла ў той час, да якого належыць большасць фатаграфій архіва.

Па-другое, у сваім вершы «Жыць» яна апісвае вельмі простыя, жыццёвыя рэчы, што адпавядае мэце архіва — захаваць паўсядзённыя сведчанні.

І па-трэцяе, досвед Геніюш, якая займалася палітычным актывізмам і прайшла праз катаванні ў лагерах, стаў вельмі блізкі сённяшнім беларусам. Гэта, безумоўна, іншы кантэкст, але вельмі зразумелы нам».

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Разаліна Бусел. Медытатыўны пакой II, аб’ект, алюмініевая рама, тэкстыль. 2023. Фота: MOS.

Экспазіцыя «Хай ззяе» пачынаецца з прэзентацыі выдадзеных кніг архіва VEHA, менавіта з гэтай кропкі аўтары пачалі весці свае візуальныя аповеды. Амаль усе працы былі створаны адмыслова да праекта. Выключэннем стала інсталяцыя Разаліны Бусел, якая была зроблена крыху раней. Работа «Медытатыўны пакой II» спалучае ў сабе элементы, якія адсылаюць да найважнейшых этапаў чалавечага жыцця, а сваёй формай нагадвае калыску, труну і вясельны вэлюм. Такім чынам як мінімум тры тэмы архіва перасякліся ў гэтым аб’екце.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Ольга Анна Маркоўска. Без назвы, музычны трэк, баваўняная вуаль, 2023. Фота: MOS.

Ольга Анна Маркоўска з Падляшша, выбіраючы тэму «Людзі лесу», вырашае яе праз вобразы і праз музыку. Яна перапрацоўвае беларускія народныя песні, прысвечаныя прыродзе, у сучасныя музычныя кампазіцыі.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Ольга Анна Маркоўска. Без назвы, музычны трэк, баваўняная вуаль, 2023. Фрагмент. Фота: MOS.

З дапамогай фотамантажу мастачка стварыла карціну з партрэтаў усіх людзей, чые здымкі трапілі ў згаданую калекцыю. Гэтую выяву яна размножыла і надрукавала на тканіне, ствараючы ўзоры, якія нагадваюць тыя, што калісьці сустракаліся на тканых дыванах. З аднаго боку, мастачка акцэнтуе ўвагу на чалавечым элеменце архіва, падкрэсліваючы яго сацыяльнае вымярэнне, з іншага боку, аб’ядноўваючы мноства чалавечых вобразаў у адно цэлае, аўтарка вяртае сфатаграфаваным людзям ананімнасць.

Размнажаючы іх твары, яна зводзіць чалавека да звычайных элементаў прыроды, такіх як дрэвы ці расліны.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Фрагмент экспазіцыі Катажыны Сянкевіч. Фота: MOS.

Катажына Сянкевіч належыць да беларускай меншасці ў Польшчы, а яе абедзве бабулі былі ткачыхамі, таму ёй зрэзанавала тэма партрэтаў на фоне тканых дываноў.

У сваім праекце яна раскрывае гісторыю сваёй сям’і, звязаную з ткацтвам.

Мастачка вучылася ткацтву ў мастацкім ліцэі, а пасля абароны дыплома па жывапісе пачала ствараць інтэрмедыйныя карціны ў арыгінальнай тэхніцы, тэхніцы максімальна набліжанай да ткацтва.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Катажына Сянкевіч. Пахаванне дзядзькі Мірка. 2023. Фота: instagram.com/kasiasienkie.

Саматканыя посцілкі ў гісторыі яе сям’і становіцца надзвычай важнай часткай рытуалу, яны выкарыстоўваліся падчас абрадаў і перадаваліся ў пасаг. Нават дзяўчына трагічна загінулага дзядзькі Касі Міраслава Варанецкага падчас пахавання атрымала тканіну ад меркаванай свякрухі, у якасці сімвалічнага рэлікту. Гэтаму пахаванню прысвечана адна з карцін мастачкі. На ёй памерлага юнака аплакваюць маці Галіна, аўтарка тканіны, пакладзенай пад труной, а таксама бабуля Паўліна. Дыван, увасоблены ў творы, паказаны ў экспазіцыі ў арыгінале.

Наколькі тэмы, закранутыя архівам VEHA, з’яўляюцца падставовымі і ўніверсальнымі, можна ўбачыць у праекце мастачкі з Макао Кейт Нган Ва Ао, якая распавядае аб асаблівым спосабе бачання гісторыі з тэрыторый, размешчаных на перасячэнні культур. Калі адна з гэтых культур (у выпадку Кейт — кітайская) становіцца дамінуючай і спрабуе падначаліць і маргіназаваць іншую. Макао — гэта былая партугальская калонія, якая знаходзіцца пад уплывам Кітая і збіраецца да яго далучыцца.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Кейт Нган Ва Ао. Дакранаючыся далоняў, друк на гіпсе, 2023. Фота: MOS.

Праца «Дакранаючыся далоняў» Кейт Нган прадстаўляе фрагменты надрукаваных на бетоне фатаграфій з дзвюх калекцый архіва VEHA: «Дзявочы вечар» і «Апошні фотаздымак». Мастачка выдзяляе адзін і той жа фрагмент з гэтых двух праектаў: рукі людзей, якія бяруць шлюб, або нябожчыкаў, падрыхтаваных да пахавання. Часам лёгка здагадацца, якую падзею адлюстроўвае канкрэтны фрагмент, а часам гэта зрабіць цяжка. Такім чынам мастачка падкрэслівае глыбіню сімвалічных сэнсаў гэтых простых жэстаў.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Кейт Нган Ва Ао. Ні адзін колер не добры, відэа, аб’ект, 2023. Фота: MOS.

У другой сваёй працы «Ні адзін колер не добры» аўтарка супастаўляе выбраныя колеры з іх сімвалічнымі канатацыямі, прынятымі ў асобных грамадствах. Самі колеры з’яўляюцца нейтральнымі, аднак на ўзроўні тэрмінаў могуць набываць палітычнае значэнне (напрыклад, бел-чырвона-белы сцяг у Беларусi).

Паводле мастачкі, чорна-белы архіў VEHA утрымлівае колер на сімвалічным узроўні, яна адчувае своеасаблівы «каларыт» Беларусі праз гісторый людзеі, якія жывуць у краіне.

Леся Пчолка, стваральніца і заснавальніца ініцыятывы VEHA, у сваіх двух праектах аб’ядноўвае ўсе тэмы архіва.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Экспазіцыя Лесі Пчолкі. Фота: MOS.

Пакой, дзе яна выстаўляецца, нагадвае школьны клас, і Леся афармляе яго як кабінет геаграфіі. Да школьных крэслаў яна прымацоўвае сталешніцы ў выглядзе 9 мапаў Беларусі ХХ стагоддзя (1918, 1918-1919, 1919, 1920-1921, 1922-1924, 1924-1927, 1938-1940, 1941-1945 гг.), якія фіксуюць розныя абрысы краіны.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Леся Пчолка. Паспрабуйце прачытаць мае камяні, інсталяцыя, 2023. Фота: MOS.

«Зменлівасць межаў з’яўляецца вынікам геапалітычных перамен, якія адбываліся ў Беларусі на рэдкасць дынамічна і жорстка (шматкротныя змены ўлады і палітычных сістэм, войны і г. д.). Гэтыя працэсы не маглі не пакінуць моцны адбітак на мясцовай культуры і лёсе людзей. Адна з такіх праяў – эклектычнасць візуальнай культуры, схільнасць да свабоднага спалучэння сэнсаў і культурных вобразаў», — гэтае апісанне праекта тлумачыць наступную работу Лесі Пчолкі, якая называецца Roadsite Sites.

Гэта серыі фотаздымкаў з выявамі крыжоў, устаноўленых на межах беларускіх вёсак.

«Хай ззяе!» На выставе ў Польшчы пераасэнсавалі беларускі архіў прыватных фотаздымкаў VEHA
Леся Пчолка. Roadsite Sites, fine arts print, 7 фотаздымкаў, 2020. Фота: MOS.

Аўтарка здзейсніла падарожжа па шляхах выдадзенай у 2000 годзе кнігі Міхася Раманюка «Беларускія народныя крыжы». Высветлілася, што крыжы, якія даследчык дакументаваў на працягу 25 гадоў, ці разабраныя, ці знішчаныя сіламі прыроды, а на іх месцы ўсталяваны новыя, даволі дзіўныя і эклектычныя, з элементамі паганскай культуры. Іх знешні выгляд сфарміраваўся адпаведна з ведамі, светапоглядам, верай і прыхільнасцямі сучасных насельнікаў Беларусі.

Выстава «Хай ззяе. Вакол фотаархіва VEHA» працуе да 10 верасня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: