На YouTube-канале беларускага квір-гурта Сhornabrova збірае прагляды новае відэа на песню Metta з альбома Coma. Экспрэсіўны кліп на кампазіцыю Кацпер Словік-Дабравольскай зрэжысаравала Паліна Дабравольская.
Нагадаем, што ў альбоме расповед вядзецца ад імя штучнага інтэлекту — COMA, які адкрывае для сябе, што значыць быць чалавекам. Кожная песня ў альбоме падымае асобную тэму, звязаную з чалавецтвам і асобай: Зямля, цела, мацярынства, экалогія, міграцыя.…
Metta — гэта фінальная песня ў альбоме, якая задаецца пытаннем пра працу эмпатыі і магчымасць выбару: ці сапраўды цяжка быць добрым?
— Пытанне, якое чалавецтва можа задаць сабе і цяпер, і ў мінулыя часы, — распавядала Reform.news Паліна Дабравольская напярэдадні выхаду альбома. — Хоць для мяне адказ на паверхні — каб быць Чалавекам, варта быць уважлівым да іншага, да Зямлі, на якой мы існуем, да прыроды, людзей і спрабаваць быць найлепшым сабой у кожнай хвіліне.
Кліп выкананы ў экспрэсіўнай стылістыцы — і ў першую чаргу за кошт акторскай працы Паліны Дабравольскай і яе ж рэжысуры, якая не такая простая. Тут ёсць і наўмысная «рассінхранізацыя», і выбудаваны, кідкі мантаж, і зваротная кіназдымка.
Аператарам кліпа выступіў Аляксандр Алейнікаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram