«Дом творцаў» паведаміў у сацсетках пра арганізацыю рэзідэнцыі для гурта Irdorath — дзеля ўзнаўлення іх псіхалагічных і музычных сіл.
«2 гады таму распачалася гісторыя рэзідэнцыі “Дома творцаў”, якую азмрочыла жудаснае затрыманне нашых сябраў Вовы і Надзеі з гурта Irdorath, — дзеляцца ўспамінамі заснавальнікі. — Увесь гэты час рэзідэнцыя працягвала сваю працу з чаканнем на вяртанне музыкаў. Дом творцаў заўсёды збіраў шмат сяброў, адбываліся самыя розныя — тэатральныя, музычныя, мастацкія рэзідэнцыі, але заўсёды заставалася нейкая пустата».
21 красавіка музыкі гурта «Irdorath» – муж і жонка Уладзімір і Надзея Калачы выйшлі з калоніяў, цалкам адбыўшы тэрмін. Яны правялі за кратамі 1 год, 8 месяцаў і 19 дзён. Пазней яны выехалі з Беларусі.
Музыкі збіраюцца выкарыстаць рэзідэнцыю, каб падрыхтаваць новую песню: «Мы яе вынеслі з турмы і хочам выпусціць у свет. Калі думка стане рэальнасцю, мы зможам выдыхнуць з палёгкай. Плануецца і аранжыроўка з аркестрам, і непасрэдны запіс, і здымкі відэа, і жывое выкананне. Калі мы гэта зробім, то мы будзем шчаслівыя, будзем ведаць, што мы здольныя штосьці працягваць рабіць. Яшчэ адна мэта — гэта зноў адчуць сувязь у творчасці з іншымі музыкамі, творчымі людзьмі, узгадаць, як гэта было, зразумець, як будзе, узгадаць, хто мы ёсць».
Цягам 20 дзён «Дом творцаў» будзе дзяліцца кавалачкамі творчага працэсу Irdorath у сацсетках, а цяпер прапануе напісаць словы падтрымкі музыкам у каментарах.
Асноўнай задачай рэзідэнцыі «Дом творцаў» з’яўляецца дапамога і спрыянне творчай рэалізацыі беларускіх дзеячаў культуры ва ўмовах эміграцыі, а таксама творцаў непасрэдна з Беларусі. Тут дапамагаюць тым, хто вызваліўся з турмаў, бясплатна накіроўваюць у медычныя ўстановы, аказваюць інфармацыйную і псіхалагічную дапамогу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram