«Слова маё – гэта меч у баі» — грамадская арганізацыя «Годна» разам з гуртом Nochy выпусцілі адмысловы кліп да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца сёння, 21 лютага. «Гэта не проста песня – гэта моцны адказ усім, хто спрабуе прымусіць нас забыцца на нашу мову, саромецца або маўчаць», – кажуць пра сваю працу стваральнікі.
Кліп паказвае, з чым сутыкаюцца беларускамоўныя. У ім выкарыстаныя рэальныя каментары, якія людзі чуюць ці чытаюць ледзь не штодня. Але гэта не гісторыя пра хейт – гэта гісторыя пра нашую сілу! Бо замест таго, каб апусціць рукі і прамаўчаць, мы гаворым: мы тут, мы ёсць і нас не спыніць.
«Мова – гэта не толькі сродак камунікацыі, але і частка нашай ідэнтычнасці. Нам увогуле здаецца, што, калі мы перастаем гаварыць на сваёй мове, мы губляем частку сябе. Нас натхніла на ўдзел у праекце разуменне таго, як важна захоўваць і перадаваць яе наступным пакаленням. Былі радыя спрычыніцца да гэтага важнага працэсу. Гэта быў не толькі творчы працэс, але і духоўны момант, калі кожнае слова набірае асаблівае значэнне», – кажуць удзельнікі гурта Nochy. І дадаюць: «Мы толькі тады адчуваем хараство роднай гаворкі, калі чуем яе пад чужымі нябёсамі» (с) Джордж Бернард Шоу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram