«Гэта вялікі крок для Беларусі, але і крок для Еўропы»: на Берлінале адбылася прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі — фотарэпартаж

Учора на Еўрапейскім кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю адбылася прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA). Вялікае прадстаўніцтва беларускай кінасупольнасці, прысутнасць кіраўнікоў Еўрапейскага кінафонду, Берлінале, міністаркі ў пытаннях культуры і медыя Германіі, больш за сотню гасцей — гэта быў гістарычны дзень для беларускага кіно, які паказаў, што зараз у беларускай незалежнай кінематаграфіі ёсць будучыня.

Прэзентацыя адбывалася на галоўнай пляцоўцы Еўрапейскага кінамаркету — у Martin Gropius Bau.

Фота: Максім Швед.

 

Фота: Максім Швед.

Імпрэзу вяла сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі, дырэктарка кінафестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззяне», прадзюсарка, кінематаграфістка Воля Чайкоўская.

Фота: Максім Швед.

Стварэнне новай ініцыятывы першым вітаў генеральны дырэктар Еўрапейскай кінаакадэміі Матэйc Ваўтэр Кноль.

Матэйc Ваўтэр Кноль. Фота: Максім Швед.

У сваёй прамове ён узгадаў пра тое, як стваралася Еўрапейская кінаакадэмія, у адказ на якія пагрозы, і правёў паралель з тым, што сёння Беларуская незалежная кінаакадэмія гэтаксама паўстала ў адказ на свае выклікі — пагрозы вольнаму выказванню, занятку, якім ты хочаш займацца, жыццю, якім ты хочаш жыць.

І мы рады вітаць Беларускую незалежную кінааакадэмію як новага сябра нашай арганізацыі, — зазначыў ён.

Марыэт Рысенбек. Фота: Максім Швед.

— Я памятаю, якое ўздзеянне аказаў на мяне фільм Аляксея Палуяна «Кураж», прэм’ера якога адбылася на Берлінале ў 2021 годзе, — узгадала ў сваім слове выканаўчая дырэктарка Берлінскага міжнароднага кінафестывалю Марыэт Рысенбек. — Калі ты бачыш зусім іншую перспектыву на падзеі — цалкам не тую, якую прапаноўваюць улады. Мы вельмі радыя, што Берлінале сталася платформай, дзе Кінаакадэмія нарадзілася. Мы рады вітаць вас тут і падтрымліваем ваш шлях, — сказала яна.

Эмацыйна прывітала беларускіх незалежных аўтараў і іх новы крок кіраўніца German Films Сімона Баўман.

Сімона Баўман. Фота: Максім Швед.

Прадзюсерка ўзгадала Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» — яна неаднаразова была яго госцяй да 2020 года.

Гэта быў выдатны кінафестываль з маленькай [платформай] кінаіндустрыі, якая падтрымлівала маладых фільммейкераў, —  нагадала яна.  — І я бачыла столькі таленавітых людзей там і разумела: яны — будучыя нашы партнёры для сумесных праектаў, капрадукцыі. Потым здарыўся 2020 год з вялікімі дэманстрацыямі, мы спадзяваліся, але пачаўся тэрор і цяпер шматлікія беларускія кінаматаграфісты знаходзяцца ў выгнанні. Тое, што адбываецца сёння — гэта вельмі важна для беларускай незалежнай супольнасці, для культуры, для краіны, для кінематаграфіі Еўропы, для мяне персанальна — і я віншую вас, і мы будзем з вамі! — прамовіла кінематаграфістка.

Беларускія рэжысёркі Улада Сянькова і Саша Кулак. Фота: Максім Швед.
Кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Фота: Максім Швед.
Ксенія Галубовіч і Ігар Сукманаў. Фота: Максім Швед.

На мерапрыемстве было прэзентавана дзесяць праектаў у працы беларусіх фільммейкераў.

У прыватнасці, Дар’я Жук распавяла пра праект, над якім цяпер вядзе працу — гэта ігравая стужка «Да гэтага лета» («Until this summer») — у цэнтры якой тры жаночых характары ў час падзей 2020 года.

Рэжысёрка Дар’я Жук і сцэнарыстка Вера Філенка. Фота: Максім Швед.

«Лісты» («Letters») — так называецца фільм, над якім працуе сёння беларускі дакументаліст Андрэй Куціла. Праект базуецца на карэспандэнцыі беларускіх палітвязняў і іх сваякоў.

Андрэй Куціла. Фота: Максім Швед.

Адысея двух супрацьлеглых герояў, якія вымушаны збегчы з беларускай арміі ў выніку трагічных абставін, паўстае ў ігравой стужцы «Юркі» («Yurki») рэжысёркі Улады Сяньковай. На шляху ў нікуды персанажы спазнаюць на сабе хвалю зменаў, якая пракацілася па краіне.

Улада Сянькова. Фота: Максім Швед.

Погляд дакументалісткі Ксеніі Галубовіч скіраваны на бежанца з Ірака, які трапіў у пастку, скіраваўшыся ў Беларусь. Яе праект мае назву «Я зрабіў памылку, прыехаўшы сюды» («I made a mistake coming here»).

Ксенія Галубовіч. Фота: Максім Швед.
Фота: Максім Швед.

Мікіта Лаўрэцкі завёў публіку пітчынгам-«стэндапам» пра свой праект «Sovreman». У новым фільме аўтара гледачы здолеюць заглянуць у альтэрнатыўную гісторыю будычыні СССР і ўбачыць героя, які спрабуе заваяваць краіну праз гульню ў Сека.

Мікіта Лаўрэцкі. Фота: Максім Швед.

Варта дадаць, што прэзентацыі ўсіх праектаў адбыліся на высокім узроўні.

Фота: Максім Швед.
Міністарка Германіі па справах культуры і медыя Клаўдыя Рот. Фота: Максім Швед.

Для мяне вялікі гонар быць запрошанай на вашу падзею, і я адчуваю сябе тут як дома — у сям’і дэмакратыі, сям’і мастакоў, — такімі былі словы міністаркі Нямеччыны ў пытаннях культуры і медыя Клаўдыі Рот, што наведала прэзентацыю Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

Спадарыня Рот узгадала Марыю Калеснікаву, якую ведае асабіста, і падкрэсліла, што для яе вельмі важна, каб галасы беларускіх палітычных дзяячак, беларускіх рэжысёраў і рэжысёрак, кінематаграфістаў, усіх беларусаў атрымлівалі свабоду выказвання.

Сёння Берлінале адбываецца ў час вялікіх крызісаў. Мы маем змаганне ўкраінскага народа ва Украіне, падзеі ў Іране, вельмі складаную сітуацыю ў Афганістане, прыродную катастрофу ў Турцыі… Але [сярод гэтых катастроф і крызісаў] мы не павінны дапусціць, каб Беларусь і яе смелыя людзі былі забытыя, — эмацыйна выказалася яна.

Фота: Максім Швед.
Фота: Максім Швед.

Напрыканцы падзеі карэспандэнт Reform.by ўзяў каментар у кіраўніка Еўрапейскага кінафонду Матэйcа Ваўтэра Кноля аб падтрымцы беларускай ініцыятывы.

Для мяне гэта не было складаным рашэннем — гэта вялікі крок для Беларусі, але гэта таксама крок і для Еўропы, — адказаў  на пытанне пра рашэнне European Film Academy спадар Матэйс. — Мы тут для таго, каб дапамагаць і падтрымліваць кінематаграфістаў усёй Еўропы. Еўрапейская кінаакадэмія мае тры сябры з Беларусі, але мы заўжды былі зацікаўлены ў большай прысутнасці таленавітых беларускіх аўтараў. Атрымаўшы звестку аб тым, што кінематаграфісты з Беларусі заснавалі незалежную арганізацыю, цалкам лагічным сталася для нас ухваліць ініцыятыву. І мы зрабілі гэта таксама для сябе — бо зараз нам лягчэй камунікаваць з фільммейкерамі з Беларусі, і дапамагаць ім. Беларуская кінасупольнасць цяпер на кінакарце Еўропы, і лінк — гэта ваша аб’яднанне.

Спадар Матэйс выказаў спадзеў на тое, што разам са з’яўленнем BIFA беларуская кінематаграфія ў Беларусі і Еўропе можа быць адкрытая наноў.

Мы таксама не павінны забываць, што беларускі кінематограф — гэта не толькі тыя фільмы, якія робяцца сёння, але таксама стужкі, створаныя на працягу ХХ стагоддзя. Мне падаецца, што Еўрапейская кінаакадэмія можа не толькі падтрымаць беларускіх аўтараў, якія цяпер хочуць ствараць свае карціны, але і тых беларускіх фільммейкераў, якія ўжо пайшлі з жыцця — іх фільмы могуць быць пераасэнсаваны, адкрыты наноў. Тут можа быць шмат руху наперад, каб зрабіць беларускае кіно больш каштоўным і цікавым для гледача. Мне самому вельмі карціць пабачыць больш беларускіх стужак, і магу адзначыць, што тыя праекты, якія былі прэзентаваныя сёння, — я хацеў бы пабачыць кожны з і х. Я быў вельмі здзіўлены і ўражаны якасцю праектаў — і пачуў шмат галасоў, вартых таго, каб быць пачутымі.

Воля Чайкоўская прэзентуе свой праект «The wife of…». Фота: Максім Швед.
Мара Тамковіч пітчыць новы фільм «8 years 3 months».
Новы твор Аляксея Палуяна будзе мець назву «Waiting for Bernau». Фота: Максім Швед.
Саша Кулак працуе над фільмам-анталогіяй «The fourth way». Фота: Максім Швед.
Беларускія кінематаграфісты і заснавальнікі BIFA на Берлінале. Фота на памяць: Максім Швед.

Сёння на Еўрапейскім кінарынку адбудуцца паказы беларускіх стужак, падрыхтаваныя Беларускай сеткай кінавытворцаў. Выхад на еўрапейскі кінарынак новага беларускага кіно працягваецца.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!