У ноч на 6 чэрвеня вялізная плаціна на Кахоўскай ГЭС была разбурана, што прывяло да маштабнай паводкі, якая ахапіла дзясяткі населеных пунктаў, выклікала знішчэнне дамоў, гібель і раненні людзей і жывёл.
Украінскія мастакі ў першыя ж дні адрэагавалі на экалагічную і гуманітарную катастрофу.
Імпульсам для хуткіх замалёвак, лёгкіх акварэляў і камп’ютарнай графікі сталі страшныя сцэны паводкі, якія імкліва разыходзіліся па Сеціве, і кароткія зводкі навін, напрыклад, пра гібель мясцовага заапарка ці шчаслівае выратаванне тых, хто быў пад пагрозай.
Безабаронныя жывёлы сталі асабліва распаўсюджаным матывам як найбольш красамоўнае сведчанне трагедыі жывых істот, што трапілі ў пастку. Віды затопленых тэрыторый таксама ўзрушылі творцаў, тым больш, што выглядаюць яны сапраўды апакаліптычна.
Мастакоўскія выявы наступстваў катастрофы, гэтаксама як фатаграфіі і відэа, хутка распаўсюджваюцца ў сацсетках і становяцца пераканальнымі сведчаннямі злачынства.
Мы сабралі даступныя ў Сеціве аўтарскія працы. Пра трох мастакоў напісала ўкраінская «Суспільне культура».
Адзін з іх — львоўская аўтарка, якая хаваецца пад псеўданімам Kinder Album.
Распрацоўваючы тэмы ўплыву вайны на жывёл, мастачка пачала ствараць керамічныя скульптуры, што нагадвалі косці і расліны.
Аднак цяпер Kinder Album звярнулася зусім да іншага вобраза: «Калі я паглядзела відэа і фота з наступствамі стыхіі, то была здзіўлена тым, наколькі сонечнае надвор’е і бесклапотны настрой панавалі ў гэтых роліках, — распавяла творца «Суспільне культуры». — Напаўзатоплены будынак Палаца культуры Новай Кахоўкі, лебедзі, што плылі побач: усё гэта нагадвала нейкі сарэнцінскі фільм. Гэтае летняе надвор’е і павольны рух вады на відэа цалкам разышліся з эмоцыямі адчаю, якія выклікалі навіны пра гібель жывёл, патанулых дамах і іншых пакуль невядомых, але ўжо страшных наступствах зробленага расіянамі».
У творцы з’явілася алюзія на возера слёз з «Алісы ў краіне цудаў» Льюіса Кэрала і, у прыватнасці, на вобраз Алісы, якая плавае ў возеры з жывёламі: «Я накідала тых жывёл, якіх бачыла на відэа з новай Кахоўкі, і дзяўчыну, якая плыве перад імі, нібы паказваючы дарогу. Я паспрабавала перадаць гэтае сонечнае надвор’е і апакаліпсіс паводкі адначасова«.
У першыя дні затаплення ў Сеціве распаўсюдзіўся малюнак челавека і сабакі мастачкі Валянціны Раманавай. Дом становіцца прывідам, і толькі пачуцці ратуюць ад адзіноты і адчаю.
Мастак Максім Паленка намаляваў жывёліну ў вадзе ў апошнія хвіліны яе жыцця. Бо аўтар падпісвае выяву такім чынам: «Новая Кахоўка. Заапарк «Казачная дуброва». 06.06.23″. Як вядома, большая частка жывёл у гэтым заапарку загінула.
Жанна Мудрак апісвае наступствы экалагічнай катастрофы: «Цяжка зразумець маштаб гэтага кашмару. Людзі, ратуючыся ад вады, спрабуюць уратаваць прывязаных жывёл. Падчас эвакуацыі расіяне працягваюць абстрэл, ёсць пацярпелыя ад аскепкаў. Вялікая шкода дзікім жывёлам і рыбам, але не толькі ад вады. З-за разбурэння Кахоўскай ГЭС у ваду трапіла прыкладна 150 тон машыннага алею«.
Нато Мікеладзэ будуе свае кампазіцыі на аснове фатаграфій затопленых раёнаў, узмацняючы колер і прыбіраючы лішнія дэталі. Так яна стварае плакатныя і лаканічныя вобразы-сведчанні.
Юлія Твярыціна ўвасобіла на малюнку канкрэтную сцэну, што адбылася з яе сябрам. «Херсон, 6 чэрвеня 2023 года. Выбух плаціны. Мой сябар Руслан эвакуіруе сваю бабулю Марыю Васільеўну з затопленага дома ў Новай Кахоўцы, дзе я калісьці правяла два выдатныя леты ў мінулым жыцці, — піша аўтарка ў інстаграме. — Бабуля дрэнна ходзіць самастойна, але ёй пашанцавала, што ложак быў досыць высокі. Дом быў старым і паваліўся менш чым за суткі. Я прачытала ў навінах, што ўсе жывёлы мясцовага заапарка патанулі, акрамя лебедзяў, а таксама, я думаю, усе сабакі, якія сядзелі на ланцугу, і я таксама ведаю, што большасць вядомых мне жывёл гадавальніка назаўжды засталіся ў сваіх клетках, і, верагодна, мы маем справу з наспявальнай экалагічнай катастрофай, але хто думае пра гэта, калі плаціны ўзлятаюць на паветра ў імя чыісьціх ідэалаў, міру і квітнення, праўда?«.
Дзве ўкраінскія мастачкі Аліса Малышава і Сафія Квітка зладзілі мастацкую акцыю ў возеры ў Даніі: яны зайшлі ў ваду з плакатамі «Мой дом затоплены – Расія вінаватая», спрабуючы прыцягнуць увагу да наступстваў падрыву Кахоўскай ГЭС.
У каментары «Суспільне культуры» Сафія Квітка распавяла, што такім чынам хацела прыцягнуць увагу еўрапейскай супольнасці і, у прыватнасці, студэнтаў.
«Я родам з Дняпра, а Аліса са Станіцы Луганскай. Магчыма, хтосьці ўспрыняў пасыл аб «маім доме» даслоўна, але для нас Украіна – гэта наш дом, на тэрыторыі якога цяпер паводка праз расейскі тэракт«, — пракаментавала яна.
Які метад больш адпаведны, каб апісаць катастрофу? Халодная фіксацыя з перадачай красамоўных дэталяў, а можа, метафара, абагульненне, поўнае пагружэнне? Кацярына Лісавенка абірае наўпроставую перадачу пачуццяў праз экспрэсію формы і колеравы кантраст… Наступствы гэтай катастрофы ніхто яшчэ пакуль не ў стане пралічыць. Толькі хіба мастакі прадчуваюць…
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: