«Гісторыя — гэта канструкт»: прафесар ЕГУ Ірына Раманава — пра праблемы ў беларускай гістарыяграфіі

Культура
Фота: сайт ЕГУ.

Сёлета ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адкрыўся новы кірунак — бакалаўрская праграма па гісторыі (на беларускай і англійскай мовах). У кантэксце павелічэння градусу прапаганды ў Беларусі, перапісвання гісторыі (у прыватнасці, у новых падручніках 2020 год ужо маркіраваны як спроба дзяржаўнага перавароту) новы курс выглядае своечасовым і важным крокам. Ініцыятарка і кіраўніца новай праграмы, прафесарка ЕГУ Ірына Раманава прызналася ў размове з гісторыкам і дырэктарам нядаўна створана Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксеем Ластоўскім, што з’яўленне кірунку стала для яе ў пэўным сэнсе ўвасабленнем «гістарычнага факультэту сваёй мары».

У блогу даследчыка «Няпростая гісторыя» Ірына Раманава падзялілася сваім бачаннем галоўных праблем айчыннай гістарыяграфіі, і ў чым розніца ў адукацыі ў Беларусі і Еўропе.

Я ўвесь час працую са студэнтамі, — зазначыла прафесарка. — І мяне не столькі цікавіць, з якімі ведамі прыходзяць беларускія абітурыенты, а колькі з якой магчымай оптыкай, нават параўноўваючы з тымі беларускімі студэнтамі, калі мы вучыліся. Па-першае, трэба нагадаць, наколькі ідэалагізаваная гісторыя ў прынцыпе як навука, і як усё далей будзе ідэалагізавацца — мне падаецца, што гэта відавочныя рэчы, інакш быць не можа ў такіх умовах. Але я ўпэўнена, што наша праграма будзе пазбаўлена гэтага ўсяго.

Па-другое, калі я тры гады працавала ў Германіі, то адразу была прыемна здзіўлена, а пасля зразумела, што гэта такі сістэмны падыход да навучання, калі, скажам, я даю студэнтам тэксты для чытання, каб наступны раз на семінары іх абмеркаваць, і як яны выконваюць заданне. Звычайна беларускія студэнты стараюцца пераказаць тэксты, часам нават максімальна падрабязна. У той жа час нямецкія студэнты ніколі не імкнуліся пераказаць артыкулы, яны адразу ўступалі з імі ў нейкую дыскусію, адразу ўключалі іншыя тэксты альбо веды. І зразумела, што не ўсе студэнты чыталі, але ўсе ўступалі ў дыскусію нават не з прачытаным. Яны нават пасля гімназіі маюць такую оптыку.

І ўлічваючы тое, як нас вучылі, як вучаць да гэтага часу — трэба запомніць максімальную колькасць дат, прозвішчаў, нейкіх падзей і пераказаць максімальна падрабязна, то падыход беларускіх студэнтаў цалкам прадказальны. У маладых людзей не выхоўваецца крытычная оптыка, дыстынцыянаванне ад выкладзенага праз нейкія канцэпцыі і падыходы, як у замежных ВНУ. І таксама няма разуменне таго, што любая гісторыя — гэта канструкт. Гісторыю можна выкласці так, а можа выкласці гэтак, што не бывае так званай «аб’ектыўнай» гісторыі. І я вельмі спадзяюся, што на гэтай «гістарычнай праграме нашай мары» мы нейкім чынам зможам зламаць такі падыход, гэтую оптыку і навучыць студэнтаў менавіта крытычнаму стаўленню да тэкстаў, крыніц.

Ірына Раманава лічыць, што адсутнасць крытычнага мыслення — гэта праблема, якая датычыцца не толькі студэнтаў гістфаку.

Мне падаецца, што гэта праблема больш шырокая — у прынцыпе, любому адукаванаму чалавеку школа, а калі не школа, то ўніверсітэт павінен даваць навык дыстынцыянавання ад любога тэксту. Ці вось гэтай оптыкі, якая давала б магчымасць аналізаваць любы пададзены матэрыял. Калі гэта ўбудаваць у адукацыю, то фарміруюцца цалкам іншыя адносіны і да сродкаў масавай інфармацыі, і да прапаганды.

Сярод адметнасцяў праграмы Ірына Раманава назвала вывучэнне рэгіянальнай і лакальнай гісторыі праз гісторыю асобных гарадоў — у прыватнасці, Вільні, Гданьска, Львова з правядзеннем выязных семінараў на базе партнёрскіх інстытуцый (Музей Другой сусветнай вайны, Гданьск, Польшча; Цэнтр гарадскіх даследаванняў, Львоў, Украіна);

Сярод выкладчыкаў на курсе на сайце ЕГУ ўзгадваюцца беларускія гісторыкі Мікола Воўкаў, Ірына Раманава, Сцяпан Захаркевіч, Аляксей Ластоўскі. Сярод замежных лектараў Ірына Раманава назвала амерыканскага гісторыка, аўтара кнігі Worlds Together, Worlds Apart: A History of the World from the Beginnings of Humankind to the Present Джэрэмі Адэльмана.

Ці зменяць погляд на Беларусь, яе гісторыю ў Еўропе ў будучым студэнты новай праграмы — пакажа час. Падрабязней жа дазнацца пра новы курс Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: