Hutkasmachnaa_window_gallery — арыгінальны праект беларускага мастака Андрэя Бусла, больш вядомага ў народзе па брэндзе HutkaSmachnaa. Год таму творца адкрыў у Вільні невялікую галерэю, якая працуе па прынцыпе «аднаго акна» — то-бок вітрыны. Месца тут функцыянуе і як галерэя, крама і як пляцоўка для сустрэч і майстар-класаў. Сёлета Hutkasmachnaa_window_gallery адкрылася ўжо ў Тбілісі — у прасторы на мосце, які злучае тры высотныя будынкі. Заўтра ў новым філіяле брэнда HutkaSmachnaa чакаецца адкрыццё новай выставы — «гэта будзе комба з прац васьмі мастакоў і мастачак», абяцаюць арганізатары.
21 чэрвеня ў галерэі, якая знаходзіцца на мосце ажно на 14-м паверсе будынкаў, можна будзе ўбачыць творы Bazinato, Doctor Oy, Дзмітрыя Жаўнова, Vadik Fin, Грыса Лугарда, уласна HutkaSmachnaa, ды іншых мастакоў.
У дзень адкрыцця чакаецца artist talks, музыка, а таксама можна будзе атрымаць фотаздымкі ў Hutkasmachnamat — адмысловай кабінцы, наведвальнікі якой становяцца ўладальнікамі ўласных партрэтаў не ў выглядзе непасрэдна фатаграфій, а аўтарскіх малюнкаў.
22 і 23 чэрвеня — ужо ўсіх жадаючых запрашае на свой майстар-клас па шаўкаграфіі Грыс Лугард.
У цэлым жа выстава будзе працаваць да 30 чэрвеня.
Reform.news папрасіў распавесці Андрэя Бусла, якім чынам атрымалася адкрыць галерэю ў такім незвычайным месцы.
Мастак прызнаўся, што даўно выношваў ідэю паўтарыць інсталяцыю з цягніком на Куйбышава. Беларусы мусяць памятаць вядомы мурал «Надземная ветка метро», які быў размешчаны паміж двума карпусамі завода «Гарызонт». Калі творца ў 2022 годзе наведваў Тбілісі, то ўбачыў будынкі на плато Нуцубідзе, якія злучаюцца адкрытай галерэяй. Гэта месца падалося яму ідэальным для ўвасаблення яго праекта.
— Але атрымаць узгадненне [з уладамі] атрымалася не так проста, — прызнаецца мастак. — Ідэя была такая: мы зацягваем галерэю банерам на невялікі тэрмін, а ў якасці кампенсацыі асвяжаем рамонт у ліфтхоле ці робім штосьці, што трэба мясцовым жыхарам.
Каб не губляць час, праз пэўны тэрмін Андрэй Бусел вырашыў зняць закінуты павільён у пераходзе паміж будынкамі і зрабіць там выставу беларускіх мастакоў, якія зараз працуюць у Тбілісі.
— Месца гэта я лічу адным з самых прывабных і незвычайных у горадзе. У пэўнай ступені недаацэненых з таго пункту гледжання, што тут можна зрабіць не толькі эфектны праект, але і штосьці карыснае для жыхароў горада, наладзіць камунікацыю, — дзеліцца Андрэй Бусел сваім меркаваннем. — Мы ачысцілі закінуты павільён, падкрасілі вакол сцены, а падсвечаныя арт-аб’екты і вітрына ствараюць увечары больш бяспечны, спрыяльны асяродак для тых, хто позна вяртаецца дадому па цёмных ветраных калідорах.
Дарэчы, заўтрашняя выстава будзе ўжо другім мерапрыемствам у Hutkasmachnaa_window_gallery. На пачатку чэрвеня распачынаў гісторыю беларускай мастацкай ініцыятывы ў Тбілісі мастак Vadik Fin.
— Вядома, нам бы хацелася бачыць больш мясцовых жыхароў, — выказвае свае пажаданне Андрэй Бусел. — Але, па сутнасці, у нас і так, магчыма, самая папулярная галерэя, няхай невялікая і часовая. Кожны дзень нас бачаць тут сотні людзей, зазіраюць турысты з усяго свету. Бо плато Нуцубідзэ — адна з галоўных альтэрнатыўных славутасцяў Грузіі.
Трапіць у Hutkasmachnaa_window_gallery у Тбілісі можна так: заходзіце ў першы дом Nutsubidze Skybridge, едзеце на ліфце на 14-ты паверх і потым ідзяце на сярэдзіну моста (вазьміце з сабой манеткі 20 тэтры для ліфта).
Пачатак заўтрашняй імпрэзы а 19.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: