Free Belarus Center — адносна новая ініцыятыва, якая паўстала пасля падзей 2020 года, калі ва Украіну пачалі прыязджаць палітычныя ўцекачы. Сумесна з нямецкай суполкай беларусаў «Разам» валанцёры цэнтра збіралі грошы на арэнду жытла. З таго часу цэнтр адкрыў офіс у Польшчы і пачаў займацца беларуска-украінскімі стасункамі на стратэгічным узроўні. Reform.news абмеркаваў з кіраўніцай Free Belarus Center Палінай Бродзік, чаму дабрабыт краін Усходняй Еўропы павінен быць самакаштоўнасцю, а самі краіны не павінны разглядацца як буферная зона ці інструмент барацьбы з Расіяй.
Free Belarus Center (ФБЦ) — гэта незалежная грамадская арганізацыя, якая створана для дапамогі людзям, змушаным пакінуць Беларусь. ФБЦ займаецца інфармацыйнай асветай, адукацыяй, міжнароднай адвакацыяй, юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогай. Арганізацыя была адкрыта ў 2020 годзе ў Кіеве, але пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну частка каманды рэлакавалася і працягнула сваю дзейнасць у Польшчы.
«Важна самому сабе прызнацца, што па дапамогу можна звяртацца»
На той момант не існавала арганізацый, да якіх можна было звяртацца па юрыдычных пытаннях, кажа Паліна. Усе супрацоўнікі і валанцёры ФБЦ доўгі час былі заангажаваныя ў грамадскую актыўнасць па-за межамі і ўнутры краіны. Таму нягледзячы на тое, што арганізацыі толькі чатыры гады, сама каманда — вельмі дасведчаная.
— У Кіеве мы паўсталі з вельмі канкрэтнай мэтай — дапамагаць людзям, якія выязджалі з Беларусі ад рэпрэсій. Дапамагаць гуманітарна: з жытлом, з харчаваннем, з медыцынскімі патрэбамі. Таксама прадастаўляць юрыдычную і псіхалагічную кансультацыю. Мы не былі ўпэўнены, што нашая работа будзе запатрабавана ў доўгім часе, бо была надзея, што краіна хутка зменіцца, і патрэба ў такой дапамозе знікне. Але, на жаль, мы там, дзе мы ёсць.
У 2021 годзе каманда ФБЦ зразумела, што трэба пашырацца і займацца больш грунтоўнай дзейнасцю, гаворыць Паліна. З невялічкай ініцыятывы, якая хацела падтрымаць палітычных уцекачоў, ФБЦ ператварыўся ў паўнавартасную арганізацыю, якая працуе ў Польшчы і Украіне.
— У нас дагэтуль застаецца офіс у Кіеве, дзе мы працягваем аказваць дапамогу. Частка персанала вырашыла застацца, іншая — выехаць. Асабіста для мяне Украіна доўгі час была другім домам, таму што я стала жыла там цягам апошніх сямі гадоў, і планаў пераязджаць куды-небудзь не было. Толькі з прычын пачатку поўнамасштабанага ўварвання 2022 года мы вырашылі пашырыць геаграфію.
Адна з спецыялізацый Free Belarus Center — псіхалагічная дапамога. Кансультацыі праводзяцца анлайн, афлайн, у групах і на індывідуальных сустрэчах. Паліна мяркуе, што тэма псіхалагічнай дапамогі ў нашым грамадстве не паўнавартасна раскрыта.
— Канешне, даволі шмат людзей пасля 2020 года звярталіся па псіхалагічную дапамогу, у большасці гэта былі жанчыны. Паступова прапорцыя паміж жанчынамі і мужчынамі змянялася і часам перахілялася ў бок мужчын. На мой погляд, гэта пазітыўна і значыць, што мужчыны сталі дазваляць сабе звяртацца па дапамогу, гэта нармалёва. Тут не можа быць гендарных адрозненняў.
Калі адбываліся падзеі 2020 года, працягвае Паліна, пасля рэпрэсій і катаванняў было лагічна звяртацца да псіхолага. Аднак сёння далёка не ўсе могуць дыягназаваць першыя прыкметы дэпрэсіі, якая здараецца ўсё часцей.
— Тая надзея, якую мы мелі ў 2020-2021 гадах, ужо дакладна іншая. Усе разумеюць, што гэта забег на доўгую дыстанцыю. Людзі безумоўна выгараюць і стамляюцца. Немагчыма жыць у такіх варунках 24/7. Гэта адбіваецца на псіхалагічным стане. Вельмі важна самому сабе прызнацца, што па дапамогу можна звяртацца.
Пасля пашырэння да ФБЦ стала звяртацца значна больш людзей па юрыдычныя парады. Нягледзячы на тое, што ў Польшчы існуюць падобныя арганізацыі, колькасць запытаў застаецца высокай. Паліна Бродзік распавядае, што Польшча — адна з нешматлікіх краін, дзе пазітыўна і лаяльна глядзяць на прысутнасць беларусаў.
— Тут у нас ёсць фасттрэк для легалізацыі. Сюды таксама можна ўключыць пытанні са школамі, дзіцячымі садкамі, правамі кіроўцаў, пенсіямі. Аднак не ўсе пытанні ўрэгуляваны. Выязжаючы з Беларусі, людзі не думалі пра пенсіі, але з цягам часу гэта становіцца ўсё больш актуальным. Спадзяюся, што польскі ўрад зможа вырашыць гэтую праблему.
Юрысты і псіхолагі стала працуюць у арганізацыі з 2020 года. Па кансультацыі ў Free Belarus Center звяртаюцца беларусы з Украіны, Польшчы, Малдовы, Грузіі, Турцыі.
— Мы сочым за дынамікай у тых краінах, дзе працуем. Дзякуючы нашай працы там адбыўся шэраг зменаў у заканадаўстве. Беларусы вельмі мабільныя, і таму кола складанасцей павялічваецца згодна з іх геаграфіяй.
«Адзінства кам’юніці, беларускія кавярні, паслугі дапамагаюць падтрымліваць ідэнтычнасць»
Акрамя юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогі Free Belarus Center займаецца пытаннямі грамадзянскай адукацыі.
— Мы спрабуем развіваць разуменне таго, як грамадства мусіць працаваць у дэмакратычных варунках. Як мы можам прыйсці да гэтага знізу, а не зверху. Для гэтага нам патрэбна разумець працэсы і працэдуры выбудоўвання незалежнай дзяржавы.
ФБЦ ладзіць як кароткатэрміновыя трэнінгі па лічбавай бяспецы, так і паўгадавыя акселератары, дзе можна навучыцца самастойна развіваць праекты, атрымаць ментарскую дапамогу і мікрафінансаванне на іх рэалізацыю.
— У нас скончыўся набор на Акселератар актывісцкіх і журналісцкіх расследаванняў. Нам падаецца, што гэтыя навыкі будуць карыснымі не толькі журналістам, але і чальцам грамадскіх арганізацый.
Паралельна ідзе набор на Акселератар культурніцкіх праектаў. Кіраўніца ФБЦ распавядае, што арганізацыя імкнецца рабіць праграмы максімальна накіраванымі на патрэбы слухачоў.
— Попыт на нашыя адукацыйныя праграмы павялічваецца з года ў год. На праграмы стажыровак мы атрымліваем больш за 100 заявак на абмежаваную колькасць месцаў. Гэта сведчыць аб тым, што ў беларусаў ёсць шмат ідэяў, жаданняў, рэсурсаў для іх рэалізацыі. Мы хочам бачыць прагрэс у развіцці ініцыятываў, якія мы падтрымліваем, іх прафесійны трэк.
Для каманды Free Belarus Center важна захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць, таму арганізацыя займаецца культурніцкай дыпламатыяй. На погляд Паліны, рызыка асіміляцыі беларусаў у новых супольнасцях змяншаецца.
— У беларусаў ёсць запыт на ўзмацненне сваёй ідэнтычнасці, як бы яе ні разумелі. Гэта не абавязкова Пагоня і бчб-сцяг. Адзінства кам’юніці, беларускія кавярні, паслугі дапамагаюць падтрымліваць ідэнтычнасць. Адсюль і з’яўляецца пачуццё таго самага «беларус беларусу беларус».
У той жа час, лічыць Паліна, важна, каб мы не закрываліся толькі ў сваёй беларускай тусоўцы, але і вучыліся новым мовам.
— Дарэчы, нядаўна Андрэй Стрыжак запытаў у сваім фэйсбуку: «на якой колькасці моваў вы размаўляеце ў штодзённым жыцці?». Большасць адказала, што гэта больш за чатыры мовы. Гэта не толькі беларуская, руская, але і французская, гішпанская, літоўская, турэцкая. Гэта неверагодны скарб, які потым мы зможам вярнуць у краіну, не кажучы пра прафесійныя здольнасці.
«Мы хочам паказаць, хто такія сучасныя беларус і беларуска»
Штогод Free Belarus Center ладзіць Hučna Fest. У гэтым годзе фестываль беларускай культуры адбудзецца 29 чэрвеня ў Варшаве. Удзельнікі змогуць пазнаёміцца з сучасным беларускім мастацтвам, дызайнам, музыкай, літаратурай і актывісцкімі праектамі. Паліна хваліцца колькасцю ўдзельнікаў — год таму прыйшло больш за тысячу чалавек.
— Мы адмыслова ладзім фестываль бескаштоўна ў цэнтры горада, каб ва ўсіх была магчымасць далучыцца. Каб кожны ўдзельнік мог даведацца пра Беларусь, паразмаўляць з жывымі беларусамі.
Для ФБЦ важна адлюстраваць сучаснасць беларускай культуры, адзначае Паліна.
— Патрэбу адшукаць свае этнічныя карані мы спрабуем уплесці ў канву сучаснай культуры, якая можа быць запатрабавана не толькі беларусамі. Мы хочам паказаць, хто такія сучасныя беларус і беларуска.
У мінулым годзе на фестывалі прысутнічалі Альгерд Бахарэвіч і выдавецтва «Янушкевіч».
— Кніжкі куплялі і палякі. Некаторыя з іх падыходзілі да нас і казалі, што таксама ведаюць беларускую музыку.
На фестывалі арганізатары робяць акцэнт на актывізм, каб папулярызаваць ініцыятыўнасць і самаарганізацыю, працягвае Паліна.
— На Hučna Fest адбываліся гульні, дзе збіраліся данаты для палітвязняў, прадаваліся кніжкі, грошы з якіх ішлі на рэабілітацыйны цэнтр для добраахвотнікаў. Улічваючы наш бэкграунд, для нас важна дапамагаць украінцам у супраціве расійскай агрэсіі.
Паліна распавядае, што арганізацыя заўсёды імкнулася адпавядаць выклікам часу і неўзабаве плануе зрабіць унутраны аўдыт сваёй дзейнасці.
— Мы хочам паспрабаваць паглядзець на сітуацыю звонку і прааналізаваць, наколькі змяніліся патрэбы за апошнія чатыры гады. Мы хочам пераканацца ў тым, што не рухаемся па інерцыі. Мы хочам фармаваць нашу будучыню з пункту гледжання не рэтраспектыўнага, а перспектыўнага.
«Усвядоміць, што мы зрабілі няправільна, і адшукаць сумесныя шляхі для вырашэння агульных праблем»
Напрыканцы мінулага года Free Belarus Center запусціў новы аналітычны кірунак працы. Асаблівая ўвага надаецца ўкраінска-беларускім стасункам. Паліна падкрэслівае, што ад гэтага залежыць наша агульная будучыня.
— Неабходна адшукаць агульныя кропкі інтарэсаў і дасягнуць паразумення паміж нашымі народамі. Разам змагацца за незалежную Украіну і Беларусь.
Паліна разважае пра важнасць дыялогу, каб беларускія і ўкраінскія палітыкі маглі адшукаць невідавочныя адказы на некаторыя пытанні.
— Чаму беларусы не перамаглі ў 2020-м? Ці працягвае Кіеў камунікацыю з рэжымам? Што могуць прапанаваць беларускія дэмакратычныя сілы Украіне? Таксама патрэбны аналіз украінскай сітуацыі, каб зрабіць працу над памылкамі. Усвядоміць, што мы зрабілі няправільна, і адшукаць сумесныя шляхі для вырашэння агульных праблем. Безумоўна, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання быў адкат, і гэта заканамерна. Далёка не ўсе ўкраінцы сачылі за падзеямі 2020 года. Рэвалюцыя не перамагла, і гэта на паверхні. Большасць людзей робяць з гэтага пэўныя высновы.
Паліна сведчыць, што існуюць пэўныя перашкоды для беларусаў унутры Украіны, звязаныя з пытаннямі легалізацыі, банкаўскіх рахункаў, пратэрмінаваных пашпартоў і нават візавыя.
— Напрыклад, адзіны банк, праз які можна аплаціць консульскі збор пры падачы на польскую візу, прынцыпова не абслугоўвае беларусаў. А людзі, якія падчас вайсковых дзеянняў згубілі свае дакументы, сутыкаліся з тым, што ўкраінскія памежнікі іх не выпускалі. Такім чынам, атрымліваецца парадокс: з аднаго боку, на сёння Украіна не вельмі рада прымаць беларусаў, з іншага — так проста не выпускае.
На пачатку 2024 года Украіна прызначыла спецпрадстаўніка па Беларусі, былога амбасадара Ігара Кізіма. Яго пасада гучыць як «амбасадар па спецыяльных даручэннях». Паліна мяркуе, што гэта вялікі крок наперад.
— Мы разумеем, што гэты чалавек будзе весці камунікацыю з дэмакратычнымі сіламі. Ён добра ведае нашу сітуацыю, яму не трэба тлумачыць, адкуль у Беларусі палітвязні. Гэта вельмі важны палітычны крок насустрач беларускім дэмакратычным сілам, што дае надзею на большае паразуменне ў будучыні. Абвяшчэнне новага спецпрадстаўніка можа пазітыўна паўплываць і на становішча беларусаў ва Украіне.
Паліна Бродзік распавядае, што беларусы ва Украіне вельмі добра разумеюцца з мясцовымі і рэдка заўважаюць праявы непавагі.
— Сітуацыя не настолькі крытычная, як у 2022 годзе, калі на дзвярах некаторых рэстарацый было напісана «ўваход беларускім і расійскім свінням забаронены». Такое было і ў Варшаве, але сёння гэтага няма. Вялікая колькасць беларусаў ваююць, збіраюць гуманітарную дапамогу. Гэта такая грамадская дыпламатыя, якая паступова змяняе стаўленне да беларусаў у лепшы бок.
Сітуацыя паляпшаецца таксама ў пытаннях легалізацыі беларусаў ва Украіне.
— Як беларусы, так і іншыя іншаземцы могуць знаходзіцца ва Украіне па дзейных дакументах да канца вайсковага стану. З’яўляюцца і новыя выклікі — пратэрмінаваныя пашпарты. Гэта ўскладняе легалізацыю, але паступова мы знаходзім вырашэнне гэтых пытанняў.
«Жаданне па-старому супрацоўнічаць з рэжымам назаўсёды знікла»
Калі гаварыць пра дыскрымінацыію беларусаў, працягвае Паліна, трэба разумець розніцу паміж адзінкавымі выпадкамі і сістэмнай дыскрымінацыяй.
— Блакаванне банкаўскіх рахункаў беларусаў ва Украіне — гэта сістэмная дыскрымінацыя. Калі ў Польшчы адбываюцца дробязныя выпадкі, калі драпаюць машыну ці нападаюць з-за расійскай мовы, гэта яшчэ не сведчыць пра маштабную дыскрымінацыю. Такія выпадкі адбываюцца і з грамадзянамі Украіны ў Польшчы.
На меркаванне Паліны, Беларусь усё менш і менш разглядаецца як суб’ект міжнародных стастункаў, і адпаведна, беларускім дэмакратычным сілам складаней уплываць на будучыню рэгіёна.
— На жаль, погляд шматлікіх міжнародных арганізацыі і палітыкаў замыкаецца на Расіі. Яны думаюць, што галоўнае — яе перамагчы. У выніку чаго далёка не заўсёды ўлічваюцца інтарэсы іншых краін. Гістарычна Украіна мела значна больш суб’ектнасці, але таксама недастаткова, з Беларуссю гэта зусім не так. І тут праблема нават не ў наяўнасці рэжыму і нашым знаходжанні ў выгнанні, а ў геапалітычным бачанні рэгіёна калектыўным Захадам. Усходняя Еўропа заўсёды разглядалася праз прызму зоны расійскіх інтарэсаў. Мы павінны змяняць гэтыя падыходы. Дабрабыт краін Усходняй Еўропы павінен быць самакаштоўнасцю, а самі краіны не павінны разглядацца як буферная зона ці інструмент барацьбы з Расіяй.
На думку Паліны Бродзік, будучыня Беларусі непасрэдна звязана з будучыняй Украіны.
— Нашыя суседзі зацікаўлены ў тым, каб Беларусь развівалася і была надзейным партнёрам, каб у краіне склаліся ўмовы для дэмакратызацыі і развіцця грамадзянскасці. Раней Украіна разглядала нас толькі як бізнес-партнёра, і падтрымка грамадзянскай супольнасці не была ў прыярытэце. Сёння стаўленне ўкраінскіх палітычных эліт змяняецца. Ёсць разуменне розніцы паміж беларускім рэжымам і грамадзянскай супольнасцю. Жаданне па-старому супрацоўнічаць з рэжымам назаўсёды знікла.
Чытайце таксама:
- Центр Беларусской Солидарности: «В демократическом мире не все ограничивается государством, посольством или должностным лицом»
- Беларускі ПЭН: «Беларуская культура не мае сваёй дзяржавы»
- LegalHub: «Мы долгое время сами не обращались за юридической помощью. Этот момент настал»
- Dissidentby, Politzek.me, «Палітвязынка»: как беларусы помогают своим политзаключенным
- «Честные люди»: Лена Живоглод о белых лентах, активном бойкоте и новых возможностях для гражданского общества в 2025 году
- Молодежный совет «РАДА». Екатерина Бунина — о беларусской молодежи, международной солидарности и БРСМ
- Petitions.by: «Когда диктатор идет против воли большинства, он должен осознавать, есть ли у него на это ресурсы»
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: