Фрагмент афішы выставы. Фота: Вольга Савіч.
11 сакавіка ў Капенгагене пачне працу міжнародная выстава «Beyond the Direct Gaze» («Па-за межамі прамога позірку»). Праект, куратаркай якога стала беларуска Вольга Мжэльская, аб’яднаў творцаў з Беларусі і Польшчы ў спробе асэнсаваць вопыт «пашкоджанага жыцця» і фрагментарнай памяці.
Экспазіцыя разгорнецца ў новай эксперыментальнай прасторы SIC (Sharing is Caring) у раёне Вестэрбро. Гэта не проста мастацкі паказ, а даследаванне таго, як ва ўмовах крызісу і палітычнага ціску чалавек спрабуе сабраць сваю ідэнтычнасць нанова.
Аб чым выстава?
Аўтары звяртаюцца да ідэі «пашкоджанага жыцця» (beskadiget liv). У сітуацыі, калі мінулае падвяргаецца разбурэнню, а архівы становяцца недаступнымі, фрагментарнасць робіцца адзіным сумленным спосабам памятаць. Працэс «збірання сябе» з абломкаў гісторыі мастакі ператвараюць у акт творчай і грамадзянскай устойлівасці.
У праекце прымаюць удзел: Вольга Савіч, Ульяна Кароткі, Магда Бучак, Бартэк Аробал, а таксама ананімныя аўтары.
Значнасць выставы падкрэслівае ўдзел Марты Чыж — куратаркі польскага павільёна на Венецыянскай біенале 2024 года. Дыскусія з яе ўдзелам стане канцэптуальнай рамкай праекта, ставячы беларускую і ўсходнееўрапейскую праблематыку ў цэнтр актуальнага еўрапейскага мастацтва.
Час і месца імпрэзы: 11 сакавіка, 17.00, прастора SIC, Капенгаген, Flensborggade 57.
Праект будзе працаваць да 29 сакавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram