Флэшмоб «Давай паглядзім на вашы 21» не мае дачынення да дня народзінаў Facebook. Яго запусціў у Instagram амерыканец Даміян Раф

The New York Times адшукаў мужчыну, які першы апублікаваў у Instagram фота сябе 21-гадовага з подпісам «Далучайцеся усе. Давайце паглядзім на вашы 21» («Everyone tap in. Let’s see you at 21»). Публікацыя, якая была зроблена яшчэ напрыканцы студзеня мінулага года, вылілася ў флэшмоб па ўсім свеце. «Гэта быў пост, які ўсе падтрымалі і ён распаўсюдзіўся як лясны пажар», — так пракаментаваў рэакцыю на сваё паведамленне амерыканец Даміян Раф.

Даміяну Рафу 43 гады, ён з’яўляецца супрацоўнікам Whole Foods з горада Месы, штат Арызона. 23 студзеня 2023-га Даміян падзяліўся ў Instagram фатаграфіяй са сваёй даўнейшай сямейнай паездкі ў Мексіку. На фотаздымку малады чалавек, якому толькі споўнілася 21 год, п’е піва разам з бацькамі.

«Мала што змянілася, акрамя маіх сівых валасоў, — цытуе словы спадара Рафа The New York Times. — Я бачу гэтага чалавека і кажу: «Цьфу, ты такое дзіця і паняцця [ні пра што] не маеш».

Даміян стварыў шаблон для сторыз з фатаграфіяй, які ў выніку разышоўся па ўсім свеце. Пазней да флэшмобу далучыліся карыстальнікі Фэйсбука. Агулам, Meta даводзіць лічбы ў 3,6 мільёны публікацый, у якіх людзі размяшчалі свае фатаграфіі.

The New York Times звяртае ўвагу, што людзі выкладваюць фатаграфіі рознай якасці: у розных пакаленняў былі свае тэхнічныя магчымасці зрабіць фота.

На думку прафесаркі камунікацый з Сіракузскага ўніверсітэта Маканы Чок, якая вывучае сацыяльныя сеткі, час, калі споўніўся 21 год, выклікае ў людзей пераважна пазітыўныя ўспаміны. У прыватнасці, гэта лічба мае культурнае значэнне ў Злучаных Штатах: гэта ўзрост паўналецця, калі можна ўжываць алкаголь.

«Мы схільныя ўспамінаць [тыя гады] з цеплынёй як перыяд нейкай свабоды. Вы маглі выпіць. Схадзіць на вечарынку. Маглі быць са сваімі сябрамі, — кажа спадарыня Чок. — Мы схільныя забываць тугу і жудасную няўпэўненасць і, магчыма, разбітае сэрца і іншыя рэчы, якія адбываліся ў той момант. Але вы памятаеце больш пазітыўныя, яскравыя рэчы. Таму што ў нас быў калаген і каленны храсток».

У байнэце флэшмоб працягваецца.

«Хэлп! У стужцы адны горкія дзеці!» — каментуе «ліхаманку» пісьменніца Святлана Курс.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.