Фёдар Паўлючэнка: Прабачце мяне, даследчыкі, за ўсё

Главное
Скрыншот эфіра СЧТН.

Чарговы выпуск нашай забаўляльна-канспіралагічнай перадачы «Саша, што ты нясеш?!» выклікаў нервовую рэакцыю вядомых людзей — Уладзіслава Чаховіча і Сяргея Бесараба, якія прынялі на свой рахунак нашыя разважанні пра атаку «Кіберпартызанаў» на сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Уладзіслаў Чаховіч абвінаваціў асабіста мяне ў «дэманстрацыі агульнага пах#$му да бедаў іншых» і параўнаў з Лукашэнкам. Калі фармат СЧТН падаўся некарэктным і грубым, паспрабую адказаць на прэтэнзіі даследчыка тэкстам.

Сутнасць праблемы

27 сакавіка «Кіберпартызаны» размясцілі на старонцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з Днём Волі. «Упрыгожваем Нацыянальную бібліятэку ў нацыянальныя колеры», — паведамілі яны ў сваім тэлеграме і прадэманстравалі скрыншоты з сайта. У сеціве ўзнялася хваля крытыкі ў адрас «Кіберпартызанаў». Беларускія даследчыкі пісалі, што пасля атакі быў страчаны доступ да важных рэсурсаў на платформе. Раз’юшаныя навукоўцы параўналі хакераў з тымі, хто паліць кнігі.

«Кіберпартызаны» адказалі, што толькі замянілі галоўную старонку сайта бібліятэкі, але ні каталог, ні іншыя рэсурсы атакай не былі пашкоджаныя. Адключэнне — гэта ініцыятыва адміністрацыі бібліятэкі на чале з Гігіным.

Складана было не правесці аналогіі з актывістамі, якія ў Мінску пісалі на сценах палітычныя графіці, а неабыякавыя жыхары абвінавачвалі іх у вандалізме. Для сябе гэтую складаную маральную дылему я вырашыў даўно — у краіне, дзе забіваюць палітычных апанентаў, сцены могуць і пацярпець. Пра гэта мы і паразважалі ў эфіры.

Мне ўвогуле вельмі не блізкая логіка, паводле якой рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца таму, што Калеснікава прапаноўвала «дзяўбці», а Ціханоўская наважылася пайсці на выбары замест свайго мужа. Не падабаецца мне і лозунг «Не злаваць дзеда».

Калі мяне ў пачатку 2000-х «выпільвалі» з аспірантуры з-за таго, што я працаваў у «Хартыі’97», калегі па кафедры казалі мне: «Ну ты ж усё разумееш». А адзін нават напісаў данос. Не разумеў гэтага я тады, не разумею і цяпер. Дарэчы, так мая кар’ера даследчыка і скончылася.

Давайце паўтару гэты нескладаны тэзіс яшчэ раз і вельмі спадзяюся, што адукаваныя разважлівыя людзі мяне зразумеюць: каталог адключыў і сайт Нацбібліятэкі закрыў Гігін і кампанія, а не «Кіберпартызаны». Калі Чаховічу і Бесарабу зручна вымесціць крыўду і злосць на мне або «Кіберпартызанах», я зразумею, але не прыніжайце сябе вычварнай логікай, спрабуючы абвінаваціць мяне ў сваіх праблемах.

Ва ўсім вінаватыя веласіпедысты

Гэты блок я пішу для тых, хто прачытаў пост Чаховіча. Спадар Чаховіч схлусіў.

  • Я не ўжываў слова «даследчык», каб прынізіць беларускамоўных. Базавы тэкст, які быў у мяне перад вачыма падчас эфіру, быў напісаны па-беларуску, і я не змог адразу ўспомніць рускі адпаведнік.
  • Адзіны дзяржрэгістр юрыдычных асоб і ІП, расклады судоў, судовыя рашэнні на Pravo.by і многія іншыя карысныя сэрвісы недаступныя з-за мяжы, але мне хапае розуму і сумлення не вінаваціць у гэтым Украіну і «Кіберпартызанаў». Многія дзяржаўныя сайты закрыліся пасля пачатку вайны з-за атак украінскіх хакераў.
  • Я з вялікай павагай стаўлюся да людзей навукі. Прабачце мяне, даследчыкі, за ўсё, калі хтосьці з вас прыняў нашыя разважанні на свой рахунак. Мне не падабаюцца толькі дурні. Менавіта ім былі адрасаваныя нашы непаліткарэктныя словы.

***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.