Reform.news

Фіналісты Прэміі Гедройця. «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха: дарогай Адысея ў сэрца балот

Reform.news · 24 сентября 2026, 11:59

https://reform.news/finalisty-premii-gedrojczya-halodnyya-zemli-alyaksandra-karna-ha-darogaj-adyseya-sercza-balot/

«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў распачынае серыю публікацый пра шорт-лістараў  2026 года галоўнай літаратурнай узнагароды.

Аляксандр Карнаўх — па адукацыі фізік. Да пераезду ў Італію ў 2022 годзе ён не пісаў кніг і не валодаў беларускай мовай. Яго першая кніга «Халодныя землі» выйшла ў 2025-м у выдавецтве Gutenberg і адразу патрапіла ў кароткі спіс Прэміі Гедройця.

У дэтэктыве расказваецца гісторыя выкладчыка ўніверсітэта Антося, які ў цяжкі для сябе перыяд жыцця вырашае пераключыць увагу з уласных праблем і дапамагчы знаёмай разабрацца са сшыткамі, знойдзеных на гарышчы старой вясковай хаты, непадалёк ад балот, дзе жыў дзед Антося. Сшыткі напісаны забытым нямецкім пісьмом зютэрлінам.

У выніку галоўны герой згадвае сваё дзяцінства і раскрывае прыхаваную гісторыю роду.

Наколькі гэтыя сюжэты аўтабіяграфічныя, чым інспіраваныя знешнія і ўнутраныя краявіды «Халодных земляў»?

Распыталі аўтара пра вытокі і невідавочныя матывы кнігі.

Аляксандр Карнаўх нарадзіўся ў лютым 1973 года ў Нясвіжы ў сям’і школьнай настаўніцы і ваеннага. У 1995 годзе скончыў фізічны факультэт БГУ, пасля працаваў у сферы рэкламы і грамадскіх сувязей. У сакавіку 2022 года, пасля пратэстаў супраць вайны ва Украіне, пакінуў Беларусь, пераехаў у Італію і асталяваўся ў Турыне. Цяпер працуе на прадпрыемстве па вытворчасці мясных вырабаў. Мае дзвюх дачок і ўнучку, цікавіцца літаратурай, фізікай, захапляецца фатаграфіяй і вандроўкамі па горных мясцінах.

Кожны чытач знойдзе сваё

— Наколькі ваша кніга аўтабіяграфічная? Вы расказвалі ў адным з інтэрв’ю, што з дзяцінства ў вас нібыта змагаліся дзве існасці: хлопчык-тэхнік, схільны да фізікі, матэматыкі, і хлопчык-гуманітарый. Галоўны герой – таксама выкладчык дакладных дысцыплін, і адначасова ён упісваецца ў цалкам гуманітарную, дакладней, філалагічна-міфалагічную прыгоду. Гэта адзінае падабенства ў кнізе? Бо вы не з вёскі і не з наваколляў Ельні?

— Я з Нясвіжа, і падабенства з героем-выкладчыкам павярхоўнае, таму што заўсёды прасцей пачынаць аповед з таго, што табе добра вядома. Шукаць падабенства лёсаў ці падзей тут няварта, але нейкія контуры можна разгледзіць.

Галоўны герой вывучае пісьмо зютэрлін – і гэта нагадвае той шлях, які я прайшоў за апошнія некалькі гадоў. Бо беларускую мову я ў школе не вывучаў, мой бацька быў ваенны.

Калі пісаў кнігу, не намагаўся праводзіць нейкія складаныя паралелі, убачыў іх напрыканцы.

Умберта Эка некалі сказаў, што калі пісьменнік выдае кнігу, то нібы кідае бутэльку з лістом у акіян у спадзеве, што нехта той ліст прачытае і знойдзе не тое, што ты ўкладаў, а сваё. Таму мне не вельмі падабаецца тлумачыць, што я намагаўся ў кнізе сказаць.

Ельня – прататып, гэтага я не хаваю, але я насычаў гэты топас нейкімі вёскамі, мясцінамі і падзеямі, якія ніколі не існавалі. У гэтым сэнсе «Халодныя землі» — штучны канструкт.

— Беларуская літаратура савецкага часу была насычана творамі пра вясковае жыццё, яно і зразумела, бо колькасць гарадскога насельніцтва было не такое вялікае, як сёння, калі ў гарадах жыве 80 адсоткаў. Сёння вёска ў нашай культуры выглядае часта крыху інакш – як нейкая скарбонка, у якой, як у полацкіх лабірынтах, захоўваюцца некранутая сутнасць і неразрабаваныя скарбы.

Вы апісваеце людзей, якія захавалі першасныя веды. Гэта неяк інтуітыўна ў вас атрымалася, ці ў аснове – боль па страчаным?

— Не было такой мэты шукаць страчанае, хоць такі матыў там ёсць, але для мяне ён не галоўны.

З майго гледзішча, цікавая кніга павінна нагадваць архіпелаг. Кожная выспа ў ім узвышаецца над паверхняй вады як асобная частка, але ўсе яны аб’ядноўваюцца нечым агульным, тым, што не бачна чытачу і пра што ведае толькі аўтар.

І не ўсё, што яму вядома, ён расказвае.

Вось такі канцэпт быў у падмурку гэтай кнігі. Саму гісторыю я ведаю больш, чым было напісана. Увесну я скончыў працу над працягам, дзе імкнуўся распавесці іншыя бакі гэтай гісторыі.

Тое, што вы расказваеце, — адзін з магчымых пунктаў гледжання. У кнізе можна знайсці і пошукі нейкіх схаваных ведаў, але ёсць і матывы кахання, вяртання да сябе, калі галоўны герой вымушаны згадваць тое, што адбывалася з ім у дзяцінстве, бо гэта дае ключ да таго, што адбываецца з ім сёння. Пошукі страчаных ведаў – платформа, на якой трымаюцца выспачкі. Кожная выспачка — асобны матыў.

Цікавая гісторыя цягне за сабой нешта, што не счытваецца чытачом напрасткі, але асэнсоўваецца ім у падсвядомасці.

«Яны з’яўляліся бязгучна, нібыта тыя здані. Выплывалі з цемры адно за другім, збіраліся ў шчыльнае кола. Нехта распаліў агонь, яго святло дрыжэла на вялізных калматых фігурах, баючыся дакрануцца да твараў пад накінутымі башлыкамі. Стаялі моўчкі. У адных праз адзенне цьмяна ззялі касцякі, іншыя былі цяжкія, смярдзючыя – жывая істота, хай і жудасная. Шырокія корды ды вузкія палашы блішчэлі ў руках, боўталіся на паясах у скураных похвах. Над рагатымі і валасатымі чарапамі тырчэлі пікі і вострыя галябарды. Дзе-нідзе бачныя былі важкія ствалы старых стрэльбаў.
Усе сабраліся, запытаў перавознік».

Італьянская настальгія

— Які для вас самы важны матыў у кнізе?

— Пошукі сябе. Кніга пачынаецца і заканчваецца ў адным і тым жа месцы: галоўны герой вяртаецца да дома свайго дзеда. І згадвае сваё дзяцінства. Насамрэч там няма нічога аўтабіяграфічнага, але гэтая атмасфера вяртання да сябе, да дзяцінства для мяне важная.

— Таму што вы самі пачалі пошукі сябе? Вы з сям’і вайскоўца, і цяпер у Італіі пачалі вучыць беларускую мову, каб напісаць кніжку? Ці парадак быў адваротны?

— Нельга сказаць, што я вырашыў вывучыць беларускую мову, каб напісаць кніжку. Гэта даволі складны быў працэс.

Кніжка была напісана на дзвюх мовах – і па-руску, і па-беларуску.

Насамрэч мне хацелася знайсці нейкі новы для сябе інструмент самавыяўлення.

Калі ты вучыш новую мову, а італьянская — новая для мяне, раней я карыстаўся ангельскай, крыху ведаў нямецкую, то ў працэсе ўзнікла жаданне нешта адматаць назад, узгадаць тое, што чуў у дзяцінстве. Мая бабуля размаўляла ў асноўным па-беларуску, і ў пэўны момант я пачаў узгадваць і запісваць словы, якая казала бабуля. Такі крок у мінулае. І гэта мяне захапіла. Таму беларуская мова — гэта вяртанне да сябе. У самым што ні на ёсць натуральным сэнсе.

Таму не кніга была імпульсам да вывучэння беларускай мовы. А, напэўна, настальгія, якую я стаў адчуваць тут, у спякотнай Італіі.

Зютэрлін і касмаганічны сюжэт

— Звернемся да зютэрліна. Адкуль гэтае пісьмо з’явілася ў вашай кнізе?

— Гэта рэальнае пісьмо, створанае ў пачатку ХХ стагоддзя Людовікам Зютэрлінам. Зютэрлін згадваецца ў «Бляшаным барабане» Гюнтэра Граса, магчыма, адтуль я пра яго даведаўся, хоць ведаў пра яго і раней: доўгі час я працаваў з рэкламай і тады сустракаў зютэрлін, бачыў яго.

— Героі вашага рамана вельмі характарныя. Яны маюць прататыпаў?

— Так, маюць прататыпаў у звычайным жыцці, але не так, што я ўзяў чалавека і спісаў з яго персанажа. Гэтыя героі – састаўныя асобы, я мог дадаць ім рысы, якія ў рэальных прататыпах не існавала.

— Не баяліся, калі апісвалі гэтыя страшныя балотныя пустэчы і нейкіх істот, якія адтуль выходзяць ці выпаўзаюць, што будуць з’яўляцца нейкі асацыяцыі з Караткевічам?

— Мне пастаянна задаюць гэтае пытанне. Пачну з таго, што гісторыя пра дзікае паляванне прыдумана не Караткевічам. Гэта панеўрапейскі міф, якому сотні гадоў. Шмат у якіх народаў ёсць нешта падобнае.

Я чуў, што сам Караткевіч быў натхнёны гісторыяй сабакі Баскервіляў, не ведаю, ці праўда гэта.

Кормак МакКарці казаў: «Кнігі зроблены з кніг». Тое, што мы чытаем, так ці інакш адбіваецца на нашай падсвядомасці, так ці інакш мы гэтым карыстаемся, калі пішам.

Некаторыя кажуць, што мая кніга чымсьці падобна на Караткевіча, але ніхто не можа сказаць, чым.

— Так, дакладна. Верагодна, атмасферай, калі туман паўзе табе пад ногі. Насамрэч гэта беларускі архетыпічны сюжэт. Але не этнаграфічны. Мяне найбольш і зачапіла, што ў традыцыйнай беларускай вёсцы нараджаецца вельмі ўніверсальны сюжэт.

— Я якраз і хацеў, каб у кніжцы быў такі архетыпічны касмаганічны сюжэт. У другой кнізе такога будзе больш. Бо мне хацелася, каб мой твор аднолькава цікава было чытаць і ў Германіі, і ў Афрыцы.

Напрыклад, можна ўбачыць у кнізе водгулле «Адысеі», матыў вяртання. Да сябе, да зямлі.

Калі ты карыстаешся такімі агульнымі сюжэтамі, то кніжка мае шанец атрымаць поспех у чытачоў з іншых краін.

Калі я чытаю беларускую літаратуру, то мне яна цікавая, але я разумею, што нейкія рэчы ў ёй цяжка будзе зразумець чытачу з іншых краін. Часам хочацца параіць напісаць нешта такое, каб яно мела шанец дайсці і да вонкавага чытача.

— Такія «ўнутраныя» кніжкі са сваім сакрэтным кодам нам сёння таксама патрэбныя.

— Гэта ні ў якім разе не папрок, але пошукі новых рысаў дадаюць разнастайнасці. У пэўным сэнсе гэта як дабудоўваць новыя вымярэнні: яны не адмяняюць ужо існуючыя, хутчэй адкрываюць прастору для пошукаў у іншых напрамках.

І ўсё ж вернемся да інспірацый. Чым натхняліся?

— У кожны перыяд жыцця былі свае ўлюбёныя аўтары. Канешне, Быкаў і Караткевіч. Быкава апошнім часам вельмі шмат чытаў. Вельмі падабаецца яго стыль, дынамізм і псіхалагічная глыбіня. Гарсія Маркес. Дэн Сіманс – пісьменнік які валодаў тэхнікай пісьма ў розных стылях, мне заўсёды захаплялі яго фантастычныя, футурыстычныя эпапеі.

Што да непасрэдных інспірацый, то ўважлівы чытач знойдзе ў «Халодных землях» алюзіі на «Бляшаны барабан» Граса. Умберта Эка натхніў сваім падыходам да інтэлектуальнага вострасюжэтнага рамана, дзе спалучаюцца дзеянне і змястоўная насычанасць. Нейкія імёны я не назаву, хай яны застануцца ў якасці квэста для чытача.

Той, хто дае імёны

— Ужо вядома, як будзе называцца працяг «Халодных земляў»?

— «Той, хто дае імёны». Восенню кніга пабачыць свет.

— Заканчэнне першай кнігі выглядае наўмысна абарваным. То-бок загадкі не разгаданыя, канцы спаленыя. Ці не быў у гэтым нейкі таемны сэнс – проста абарваць аповед? Ці тыя таямніцы проста пяройдуць у наступную кнігу?

— Так, пяройдуць. Калі пісаў фінал першай кнігі, доўга думаў, якімі мусяць быць апошнія радкі. І вырашыў, што канец будзе адкрытым. Мне падабаюцца ў літаратуры кнігі з флёрам няскончанасці.

Героі прайшлі шлях, але засталіся пытанні, на якія няма адказаў. І для мяне гэта самае прывабнае ў кніжцы, калі сюжэт скончыўся, а пытанні засталіся.

— У «Халодных землях» вы спыняецеся на ковідзе. На самым яго пачатку. Якім часам датуюцца падзеі другой кнігі?

— Там падзеі будуць разгортвацца ў 2021 годзе. Асэнсавана дыстанцуюся ад 2020-га, бо вельмі вялікая адказнасць пісаць пра тыя часы, але ў 2021-м нейкае рэха тых падзей прысутнічае.

«Зямля, куды мы трапілі па ланцужку хісткіх масточкаў, значна адрознівалася ад таго, што было відаць з гаці.

Вярнуцца па беразе да чорнага шляху нам так і не давялося. Нейкая сіла круціла нас па тых месцах, быццам не мы выбіралі дарогу, а сама Прорва вяла па лабірынце выспаў.

Яшчэ былі ваўкі. Пакуль я ляжаў у бальнічным ложку, іхнія цені – вялізныя, у чалавечы рост – пераследавалі мяне ў сне і наяве. Праўда, рэчаіснасць была працягам сну, а сон – працягам рэчаіснасці, таму яны спакойна перамяшчаліся паміж гэтымі амаль што аднолькавымі светамі».

Як гэта ўвогуле: узяць і раптам выдаць кнігу ў сур’ёзным узросце. Які тут бэкграўнд? Пісалі раней у шуфляду?

— Не, раней не пісаў, хіба нейкія несур’ёзныя нататкі.

Калі задаюць гэтае пытанне, то кажу, што лета 2023 года ў Турыне было вельмі спякотнае, таму вырашыў напісаць кніжку пра халодныя землі, але гэта жарт, безумоўна.

Імпульс існаваў недзе ўнутры.

У 2020 годзе я ў апошні раз паехаў на Ельню. Гэта было ў траўні, калі не памыляюся. Ужо тады з’яўляліся нейкія сюжэты, але я яшчэ не думаў пра кніжку. У Ельні мне і ўбачылася гэтая гісторыя пра старажытны народ, які там жыве. А ў 2023-м яна пачала ўцялеснівацца…

Кнігу можна набыць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий