Reform.news

Фіналісты прэміі Гедройця. Каханне і забыццё ў кнізе Дзяніса Трусава «Боў і мерць у Хротне»

Reform.news · 18 октября 2026, 16:56

https://reform.news/finalisty-premii-gedrojczya-gorad-i-susvet-u-knize-dzyanisa-trusava-bo-i-mercz-u-hrotne/

«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў працягвае серыю публікацый пра шорт-лістараў 2026 года галоўнай літаратурнай узнагароды.

Наступны наш аўтар — літаратар і музыка, які цяпер жыве ў В’етнаме, Дзяніс Трусаў. Яго раман «Боў і мерць у Хротне» спачатку выйшаў на рускай мове. А ў 2025 перапрацаваны тэкст рамана быў выдадзены па-беларуску у Беластоку Фондам Kamunikat.org.

Дзяніс Трусаў. Фота: taubinpoetry.com

Дзяніс Трусаў — паэт, музыка і празаік з Гродна, заснавальнік музычнага праекта Autonomicon. У эміграцыі з 1999 года: пасля заканчэння гродзенскага ўніверсітэта ён з’ехаў працаваць у Польшчу. З 2016 года жыве у Вʼетнаме, дзе выкладае англійскую мову. У 2001 годзе вершы Трусава, перакладзеныя на польскую мову Янам Леанчуком, былі надрукаваны ў альманаху EPEA (Беласток). У 2008 выйшаў зборнік паэзіі пад псеўданімам Дзіна Мележ. Потым у 2019 годзе ў выдавецтве Галіяфы выйшла складанка аповедаў «Про Мутю», а ў 2021 у тым жа выдавецтве была надрукавана кніга-складанка малой прозы (разам з музычным альбомам, даступным на старонках выдання ў выглядзе QR-кодаў) на беларускай мове пад назвай «Слоў моб». Раман «Боў і мерць у Хротне» – чацвёртая кніга аўтара.

Анатацыя акрэслівае кнігу як «пастмадэрнісцкі раман-пазл», а адзін з чытачоў назваў яго «хрысціянскім sci-fi пра аднаўленне дадзеных з воблака».

Такія вызначэнні даволі выразна пазначаюць, што кніга няпростая, а сюжэт шматслойны.

Так яно і аказалася. Пачынаецца раман з таго, што ў крыху экзістэнцыяльным раздраі камандзіровачны К. уязджае ў таямнічы горад Хротна — «пункт прызначэння, пункт ацалення».

З першых радкоў аўтар не хавае: дарогі, якія прывялі героя ў горад Хротна – не толькі вонкавыя, але і ўнутраныя, і пазней, калі ён выйдзе з гатэлю нападпітку і яго мова рассыпецца на няўцямныя кавалкі, ён цалкам патрапіць у рытм горада – сучаснага (дзе сустрэне спячых людзей падчас дзіўнага мітынгу) і старога (дзе крочаць «купцы, убраныя шляхціцы, каралеўская варта, даішнікі, паначкі, панове і спадары, гаспада і таварышы»), каб нараніцу пачаць яго вывучаць – нібыта незнаёмы.

Але у цвярозым стане ўсё становіцца нашмат больш складаным: герой не можа згадаць не толькі гэты горад, але і сваё імя. «Як мяне завуць?», — пытае ён у гаспадыні гатэлю. Прычына гэтага бяспамяцтва раскрыецца напрыканцы рамана, і менавіта тады герой нечакана ўспомніць назву сваёй краіны.

«Насамрэч гэта кніга пра станаўленне чалавечай душы, пра самаўсведамленне – чалавечае і нацыянальнае, пра непазбежнасць Бога», – тлумачыў у адным з інтэрв’ю аўтар кнігі Дзяніс Трусаў. Свой постамадэрнісцкі, метафізічны дэтэктыў з элементам навуковай фантастыкі ён назваў з алюзіяй на раман «Жах і агіда ў Лас-Вегасе» амерыканскага пісьменніка Хантара Томпсана. Падкрэсліўшы гэта нават візуальна: мастачка Марына Барташ, якая стварала вокладку кнігі, зрабіла шрыфт падобным да таго, што быў на постары да аднайменнага фільма з Джоні Дэпам.

Як і ў Томпсана, гродзенскі аўтар змешвае факты і ідэі, каб пагрузіць свайго чытача ў вар’яцкі кацёл малазразумелага для нас жыцця, аднак сам герой знаходзіць сябе ў яшчэ больш заблытанай сітуацыі.

Стылістычная гульня

Ужо імя галоўнага героя – проста К., спадар К. або таварыш К. («калі вам гэтак да душы»), камандзіровачны К, як і загадкавы камбінат, працэс апазнння ў моргу свайго ўласнага цела – нагадваюць кафкіянскія матывы і гэтае правальванне ў абсурд, сон, мрою і ілюзію пасярод і так даволі няўстойлівай рэальнасці перыядычна будзе пераследваць чытача цягам усяго сюжэта.

Што моцна ўражвае ў гэтай кнізе – мова. Разнастайная, хуткая, гнуткая, яна парушае сінтакічныя і лексічныя каноны, а аўтарскія ёмістыя неалагізмы і паўзабытыя рэгіяналізмы прымушаюць атрымліваць асалоду ад гэтага няўрымслівага словатварэння. Як магчыма, што гэты твор быў спачатку напісаны на рускай мове? А пасля – перапрацаваны – выйшаў па-беларуску?

Наступны шок ад гэтага тэксту – такое ж вольнае ператасоўванне стылістыкі. Тэкст «нападпідку», тэкст ува сне, падчас мроі, напаўсонны ўначы і пры святле, запісаны ў дзённіку – усё гэта патрабуе свайго рытму і свайго сінтаксісу. Сказ пераствараецца, здаецца, у залежнасці ледзь не ад часу сутак, але дакладна – ад унутранага стану героя.

Як і належыць магічнаму рэалізму, у Трусава літаратура — гэта інтэлектуальная гульня, правілы якой тасуюцца не толькі датычна сюжэта, які, на першы погляд, падазрона паслядоўны, але яго лексікі і стылістыкі.

«Я хацеў бы стаць прыручанай рэччу, хоць големнай глінянай свістулькай, хоць атамам радыя, хоць стэрэаскапічнай паштоўкай з гэдээр ці фігурнай адкруткай, хоць індыянскай бразготкай з чалавечымі зубамі, хоць скальпам Гойка Міціча, хоць старой аргенцінскай паштоўкай з зубялявай Одры Хэпбэрн, пахаванай пад патройным слоем шпалер, хоць контурнай картай для дваячнікаў, хоць зафарбаваным на плоце сарамлівымі нематэматыкамі інтэгралам – усё ж карысней і ўсё ж мудрагелісцей і зразумелей, і весялей, чым Цэрбер сумлення, які сарваўся з ланцуга, чым здымак у пашпарце, чым калі мая мама ў паралельным іншым вымярэнні, бацька на сарочынскім кірмашы або далёкай вайне, а мяне проста тут і цяпер джаляць страшныя балючыя восы і хочацца на гаршчок. Я тут быў ці не быў раней – хіба гэта хоць трошачкі важна? Ператварыце ж мяне, чароўныя магі-варажбіты, усёмагутныя дзяды маразы, шапаклякі-шаптухі, знахары, ператварыце ў дзвярную слухмяную клямку або дзявочы грэбянец. Хай цудоўным чынам павіснуць на шыі неатрыманыя ў дзяцінстве баксёрскія пальчаткі. Так жывуць мільёны, так існуюць японскія хікі-дамасяды, так паміраюць палявыя кветкі, так пазбаўляюцца прыгажосці».

І гэта я такі не п’яны, гэта я такі жывы».

 

Боў і мерць

«Любоў і смерць» – намёкам вынесеныя ў загаловак, гэта не толькі пра хаатычныя пошукі страчанага кахання, а пра родны город таксама, а, магчыма, найперш.

Аўтар, сын гарадзенскага гісторыка архітэктуры, пакідае шмат падказак, які старонні вандроўнік і не прачытае. Ён шыфруе: вуліца Калючынская, плошча Нызенгаўза, рака Нонан. Для гарадзенца гэта будзе зусім іншае чытво, чым для простага смяротнага. Дый беларус прачытае інакш, чым замежнік, бо шмат што закадавана і раскадзіроўка – асобная асалода «для сваіх».

Горад, які забылі, і горад, які выбудоўвае сябе сам ў свядомасці героя праз чараду загадак… Насамрэчны Хротна ў кнізе застаецца даступным толькі у міражах за фасадам гатэлю, перакручаны слюдзяным ашуканствам акна.

Хоць сам аўтар кажа, што Гродна, гэта сцэна і кулісы падзей, якія адбываюцца ў рамане, аднак горад — такі ж паўнапраўны герой, які то хаваецца, то паказвае свае нечаканыя бакі, то страшыць, то інтрыгуе. Для аўтара Гродна – чароўны, магічны горад, месца, якое жыве ў чалавеку. «Гэта горад, у якім я сфармаваўся як асоба, сустрэў сваіх лепшых сяброў, пазнаў любоў і смерць. Гродна заўсёды быў для мяне шматпланавым, поўным розных сэнсаў – нацыянальных, культурных, рэлігійных, містычных. Гэта і горад памежжа, не толькі адчувальнага але і духоўнага, тут дух такога беларускага «Твін Пікса» — кажа аўтар у адным з інтэрв’ю.

А яго герой горад пакутліва адчытвае: «Але чаму я ведаю Хротну як быццам гэта мой горад і ў той жа час усё нейкае інакшае, незнаёмае?», — запытвае ён у кнізе. А яму тлумачаць: «Можа, вы бывалі тут раней, калісьці даўно, яшчэ да горадакрушэння… Ведаеце, некаторыя пастаяльцы, якія прыязджаюць сюды па справах – з Непераменска або Сон-Пецярбурга таксама кажуць, што горад не пазнаць».

Горадакрушэнне – загадкавая падзея, якая ў кнізе тлумачыцца астранамічна-містычнымі прычынымі, аднак для беларускіх чытачоў, здаецца, усё відавочна.

Можа быць, загадка непазнавальнасці – у горадакрушэнні? У тым, што ў тым часе, ці ў той рэальнасці, калі камандзіровачны К прыбывае ў Хротна, помніка Леніна ўжо няма, але яго цень працягвае відавочна прысутнічаць.

«Апошнія падзеі: смерць майго сэрца, маўклівае растанне з Сінім швэдрам, пакутнае падарожжа ў пякельным вагоне, сустрэча з рэшткамі майго сябра-фрэгата – усё гэта коча зніштожыла мае душэўныя сілы і ўварвалася ў маю цяпершчыну смяротнай роспаччу, штохвілінным катаваннем, стала для мяне цяпер агромністым бесперапынным поўхам, бясконцым кухталём, зневажальным дакорам.

Я быў як ніколі раней няшчасны, згублены, поўны сляпой нядобрай вусцішы, чуллівай пасля нядаўніх шчасных рэптыльных хвілін у марской вадзе. Якая вялікая розніца! Як цяжка быць грахаводнікам, чуллівым, не пазваўленым думкі, які страціў усё і як лёгка быць распасвеным курортным ружовым кракадзілам без думак і з лапкамі па швах!»

Пайсці па Сусвеце дадому

Канешне, кніга пра лёс горада. Пра страту тапанімікі і архітэктуры. Але гэта толькі адзін з сюжэтаў. Больш шырокі – проста пра страту. І пра вызваленне ад «сімуляцыі». Герой толькі тады становіцца вольным і знаходзіць сваю «Нябесную Беларусь», толькі асэнсаваўшы, што насамрэч яе больш няма: і тады ён усміхаецца і ідзе «па Сусвеце дадому».

А што ёсць? Што застаецца пасля поўнага асэнсавання і вызвалення? Пажаданні загадкавых сутнасцей, касмічных археолагаў: «Адгадуй сабе Сусвет і жыві!» – сказала левая галава.

«Будзь сабой!» –– сказала правая галава».

Што засталося яшчэ: чамадан ад сябе памерлага, зялёны сшытак і запісы легендаў і міфаў з шэрай папкі з надпісам НБ-РБ.

Гэты твор варта перачытваць, каб адмыкаць у ім усё новыя замочкі, аднак некаторыі ключыкі адшукаць няпроста.

Набыць кнігу можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий